Бяспека, правапарадак

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

7-2-12-03a

СЕЗОН «ПЕРААБУТЫХ» АЎТО

У перыяд з 1 снежня па 1 сакавіка за эксплуатацыю аўтамабіля без зімовых шынаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

На прыкладзе сёлетняга лістапада было відавочна, што зімовая гума актуальная і восенню, асабліва падчас ападкаў у выглядзе снегу. Для асенне-зімовага перыяду характэрны нестабільныя пагодныя ўмовы, у сувязі з чым значна пагаршаецца і дарожная абстаноўка.

Як адзначалася падчас адзінага дня бяспекі дарожнага руху, які прайшоў у раёне ў апошнюю пятніцу лістапада пад дэвізам «Не тяни с резиной!», асноўнымі прычынамі аўтааварый па-ранейшаму застаюцца няправільны выбар хуткасці ў існуючых пагодна-дарожных умовах, недысцыплінаванасць пешаходаў і няўважлівасць вадзіцеляў пры праездзе скрыжаванняў і манеўрыраванні. Аналіз ДТЗ паказвае, што невыкананне Правілаў дарожнага руху, у прыватнасці, невыкарыстанне зімовых шынаў, таксама прыводзіць да няшчасных выпадкаў на дарозе. З пачатку года на Міншчыне зарэгістравана 733 ДТЗ, у якіх 140 чалавек загінулі і 793 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. 42 ДТЗ учынілі вадзіцелі ў стане алкагольнага ап’янення. 66 ДТЗ адбылося з удзелам непаўналетніх.

Да зімовых умоў важна падрыхтаваць аўтамабіль, «пераабуць» яго. Праведзеныя даследаванні паказалі, што выкарыстанне зімовых шынаў павялічвае каэфіцыент счаплення з дарогай у тры разы ў параўнанні са звычайнымі шынамі, разгонную дынаміку – на 30-45 працэнтаў, хуткасць праходжання паваротаў – на 45-70 працэнтаў, пры гэтым занос застаецца кантралюемым. Зімовыя шыны – добрае падспор’е ў халодную пару года, аднак і яны не дазваляюць вольнасцяў на дарозе. Зімовая дарога бывае непрадказальнай, і пра гэта нельга забываць.

Не рэкамендуем устанаўліваць на аўтамабіль так званыя ўсесезонныя шыны. У розных тыпах шынаў (летняя, зімовая, усесезонная) адрозненні не толькі ў малюнку пратэктара. Зімовыя шыны мякчэйшыя, дзякуючы чаму захоўваюць на марозе эластычнасць, неабходную для лепшага счаплення з дарогай. Летам па гэтай прычыне зімовыя шыны хутка зношваюцца. Шыпы не заўсёды прыдатныя. Яны дапамагаюць на лёдзе, але «шыпаваць» можна толькі тыя колы, для якіх гэтую аперацыю прадугледзеў вытворца.

Не варта эканоміць на бяспецы – усе чатыры колы павінны быць зімовымі. Чаму? Пры тармажэнні пры наяўнасці мінімальнага бакавога паскарэння магчымы паварот на невядомую загадзя колькасць градусаў, і, самае важнае, – 70-80 працэнтаў эфектыўнасці тармажэння забяспечвае пярэдняя вось, на слізкай дарозе тармазны шлях і так не маленькі, і яго не варта павялічваць дадаткова «юзам» з-за летніх шынаў.

З 1 снежня за эксплуатацыю транспартнага сродку без зімовых шынаў прымяняцца штрафныя санкцыі

Дзмітрый ВОРАНАЎ, начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі

 

НОВЫЯ ЎЧАСТКІ ПЛАТНЫХ ДАРОГ

Ужо больш як тры гады ў Беларусі працуе электронная сістэма збору за праезд па платных дарогах рэспублікі. Сістэма заснавана на выкарыстанні тэхналогіі спецыялізаванай радыёсувязі на кароткіх дыстанцыях, якая добра зарэкамендавала сябе ва ўсім свеце. Такая тэхналогія дазваляе аплачваць праезд без прыпынку транспартных сродкаў у пунктах збору аплаты. Пры праходжанні транспарту праз станцыі збору сістэма аўтаматычна спісвае сродкі з рахунку бартавога прыстасавання, якое ствараецца пры рэгістрацыі карыстальніка ў сістэме. Няма неабходнасці зніжаць скорасць ці выбіраць пэўную паласу руху пры праездзе праз парталы збору, дзякуючы чаму ўсім карыстальнікам дарогі забяспечваецца бесперапынны дарожны рух.

З лістапада 2016 года сетка платных дарог Беларусі павялічана яшчэ на 101 кіламетр. Платнымі сталі два ўчасткі аўтамабільных дарог Беларусі. Адзін з іх – гэта 19-кіламетровы адрэзак аўтамабільнай дарогі Р-23 Мінск – Мікашэвічы. Платны ўчастак давядуць да Слуцка. Другі платны ўчастак – гэта ўчастак аўтадарогі М5/Е271 Мінск – Гомель ад Бабруйска да Жлобіна даўжынёй 82 км.

Пасля рэалізацыі запланаванага пашырэння сетка платных дарог з 1 лістапада 2016 года мае пряцягласць 1614 км, пры гэтым у Мінскай вобласці працягласць складае каля 620 км.

З улікам таго, што адказнасць за парушэнне парадку аплаты пры руху па платных дарогах вялікая, Транспартная інспекцыя рэкамендуе на ўсе транспартныя сродкі, што выкарыстоўваюць электронную сістэму збору платы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, у якасці мер перасцярогі і каб пазбегнуць парушэнняў парадку карыстання платнымі дарогамі, устанаўліваюць у адпаведнасці з тэхналагічным парадкам бартавыя прыстасаванні і кіравацца іх сігналамі.

Г. ЖУЛЕГА, начальнік транспартнай інспекцыі па г. Мінску і Мінскай вобласці

 

ФІКТЫЎНАЕ ПРАЦАЎЛАДКАВАННЕ

Раённым аддзелам Следчага камітэта завершана папярэдняе следства па крымінальнай справе, узбуджанай згодна з часткай 1 артыкула 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, у адносінах да брыгадзіра аднаго з сельскагаспадарчых філіялаў.

У асноўную задачу брыгадзіра ўваходзіць выкананне планавага задання па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Аднак як яго выканаць, калі на ферме некамплект кадраў, элементарна не хапае аператараў машыннага даення?.. Брыгадзір не стала шукаць шляхі вырашэння гэтай праблемы, а проста паслухалася спецыяліста па кадравай рабоце гаспадаркі. А яна прапанавала аформіць аператарам машыннага даення на гэтую МТФ сваю дачку, хоць цудоўна ведала, што тая рабіць на гэтай пасадзе не будзе. Брыгадзір дала згоду на фіктыўнае працаўладкаванне і свядома на працягу паўтара года, з 02.01.2015 па 01.07.2016, уносіла штомесяц ілжывыя звесткі ў табелі ўліку рабочага часу і налічэння заработнай платы.

Умовамі, якія паспрыялі ўчыненню злачынства з боку брыгадзіра, паслужыла тое, што неналежным чынам выконваў свае абавязкі і былы кіраўнік сельскагаспадарчага філіяла, які пры заключэнні працоўнага дагавора не палічыў патрэбным асабіста сустрэцца з прэтэндэнткай на пасаду аператара машыннага даення, высветліць яе намеры наконт працы. Не запатрабаваў ён ад спецыяліста па кадравай рабоце прадастаўлення на разгляд усіх дакументаў, неабходных для заключэння афіцыйных працоўных адносін, і ў першую чаргу — заявы аб прыёме на работу.

Нельга не звярнуць увагу і на наступны нюанс: наўрад ці магчыма было б фіктыўнае працаўладкаванне, калі б у службовых асоб гаспадаркі было належнае разуменне свайго статусу службовай асобы і, адпаведна, адказнасці, у тым ліку і крымінальнай, за ўскладзеныя службовыя абавязкі. Кіраўніку ўнесена прадстаўленне з патрабаваннем прыняць канкрэтныя меры рэагавання да тых, па чыёй віне парушэнні былі дапушчаны.

А меру пакарання ў адносінах да брыгадзіра вызначыць суд.

Андрэй ТРУХАНОВІЧ,следчы раённага аддзела Следчага камітэта

 

ЗА ПАДРОБКУ ДАКУМЕНТАЎ

Упраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці прааналізавана практыка расследавання крымінальных спраў аб незаконным атрыманні крэдыту. Найбольш распаўсюджаным спосабам учынення падобных супрацьпраўных дзеянняў з’яўляецца падробка дакументаў, якія служаць для выдачы крэдытаў фізічным асобам. У гэтых выпадках зламыснікі падаюць у банкаўскія ўстановы загадзя лжывыя звесткі аб сваім фінансавым становішчы, выкарыстоўваюць анкетныя і асабістыя даныя іншых асоб, падрабляючы іх подпісы.

Старадарожскім раённым аддзелам Следчага камітэта расследавалася і накіравана ў суд крымінальная справа ў адносінах да жыхаркі Старых Дарог, якая падрабляла крэдытныя дагаворы з мэтай атрымання грашовых сродкаў.

Так, у снежні 2015 года ў органы ўнутраных спраў паступілі заявы грамадзян, у адрас якіх адрасаваны прэтэнзіі з банка аб выплаце сум па крэдытных абавязацельствах. Аднак пацярпелыя асабіста ніякіх крэдытаў не афармлялі, хоць у банкаўскіх дакументах значыліся іх даныя і подпісы.

У ходзе расследавання крымінальнай справы ўстаноўлены факты падробкі дакументаў. 34-гадовая жанчына, спецыяліст камерцыйнай фірмы, якая мела доступ да анкетных і асабістых даных пацярпелых, падрабляла іх подпісы на крэдытных дагаворах і падавала дагаворы ў банк. За два месяцы шляхам падробкі чатырох крэдытных дагавораў абвінавачваная атрымала крэдыты на суму каля 35 мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

Жанчына асудажна па ч. 1, 2 арт. 380 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прыгаворана да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прыгавор уступіў у законную сілу.

Нагадваем, што згодна з арт. 380 Крымінальнага кодэкса, падробка пасведчання ці іншага афіцыйнага дакумента, што прадастаўляе права ці вызваляе ад абавязкаў, з мэтай выкарыстання такога дакумента самім выканаўцам ці іншай асобай, ці збыт такога дакумента, а таксама выраб падробленых штампаў, пячатак, бланкаў з той жа мэтай ці іх збыт, або выкарыстанне загадзя фальшывага дакумента, караюцца грамадскімі работамі, ці штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, ці арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў. Такія ж дзеянні, учыненыя паўторна, або групай асоб па папярэдняй дамоўленасці, караюцца штрафам ці арыштам на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі да пяці гадоў, ці пазбаўленнем волі да трох гадоў.

Таццяна БЕЛАНОГ, афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінскай вобласці

 

АБ САДОВЫХ ТАВАРЫСТВАХ

На каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй разгледжана пытанне эфектыўнасці выканання дзяржаўнымі органамі кантролю за захаваннем садовымі таварыствамі заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, аб адходах.

У каардынацыйнай нарадзе пад старшынством пракурора Мінскай вобласці А. Лаўрухіна прынялі ўдзел супрацоўнікі абласной пракуратуры, пракуроры раёнаў, прадстаўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі структурных падраздзяленняў Мінаблвыканкама, а таксама ДУ «ЖКГ Мінскай вобласці».

Каардынацыйная нарада адзначыла, што нягледзячы на меры, якія прымаюцца, праблема выканання садовымі таварыствамі заканадаўства аб абыходжанні з адходамі не вырашана, парушэнні ў гэтай сферы распаўсюджаны. Не забяспечваецца збор адходаў і іх раздзяленне па відах. Маюць месца факты захоўвання адходаў у несанкцыянаваных месцах і нясвоечасовы вываз. Збор і выдаленне адходаў не заўсёды адпавядаюць схемам абыходжання з імі. Распаўсюджаны выпадкі адсутнасці пляцовак і кантэйнераў для збору адходаў.

Адной з асноўных праблем з’яўляецца засмечванне тэрыторый, прылеглых да садовых таварыстваў, зямель агульнага карыстання.

У многіх таварыствах не ўстаноўлены межы зямельных участкаў, што перашкаджае аб’ектыўнаму ўстанаўленню фактаў самавольнага захопу членамі таварыстваў зямель, у тым ліку і плошчаў ляснога фонду. Фактычныя межы многіх садовых участкаў, а таксама знешнія граніцы садовых таварыстваў Мінскага раёна не адпавядаюць праектам арганізацыі і забудовы іх тэрыторый.

З мэтай ухілення адзначаных недахопаў каардынацыйным саветам распрацаваны дадатковыя арганізацыйна-практычныя меры, накіраваныя на папярэджанне парушэнняў садовымі таварыствамі заканадаўства аб абыходжанні з адходамі і аб ахове і выкарыстанні зямель, а таксама на актывізацыю дзейнасці зацікаўленых дзяржаўных органаў па ажыццяўленні кантрольных функцый ва ўказаных напрамках.

Аляксандр ПРАТАСЕНКА, старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *