У НАШАЙ КРАІНЕ
Палажэнне аб Рэспубліканскай дошцы Гонару выкладзена ў новай рэдакцыі. Адпаведны ўказ № 435 Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 1 снежня. Дакумент прадугледжвае прывядзенне тэрміналогіі ў адпаведнасці з новым Агульнадзяржаўным класіфікатарам «Віды эканамічнай дзейнасці», які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2016 года.
Новы самазвал, прызначаны для падземных работ, распрацавалі на БезАЗе. Цяпер на заводзе ідзе працэс зборкі першай машыны грузападымальнасцю 15 тон.
У Беларусі жыллё з дзяржпадтрымкай можа будавацца па цане не больш як $280 за квадратны метр. Аб гэтым журналістам заявіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін. Як ён адзначыў, ёсць рэзервы для таго, каб знізіць затраты на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай і прапанаваць больш камфортныя ўмовы па кошце метра квадратнага. На гэты момант кошт аднаго квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай складае каля $340.
Электронныя рэцэпты пачалі выдаваць усе паліклінікі Мінска. Пластыкавую картку можна атрымаць у рэгістратуры паліклінікі па месцы абслугоўвання пры прад’яўленні пашпарта.
Урадам Беларусі прынята рашэнне аб правядзенні пробнага перапісу насельніцтва. Гэта замацавана пастановай Савета Міністраў ад 23 лістапада 2016 года № 953, паведамляецца на афіцыйным сайце беларускага ўрада. Згодна з дакументам, пробны перапіс насельніцтва пройдзе з 2 па 13 кастрычніка 2017 года ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.
Нацыянальны банк Беларусі выключыў з абарачэння амаль 95 працэнтаў купюр старога ўзору ад сумы наяўных грошай, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка. Тэрмін паралельнага абарачэння банкнотаў узору 2000 і 2009 года завяршаецца 31 снежня.
У ВОБЛАСЦІ
Больш за 8,3 тысячы чалавек працаўладкаваны ў студзені – верасні 2016 года на новых прадпрыемствах у Мінскай вобласці.
БелТА