Мая вуліца

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

4-6-12-07w

Па адрасе пражывання, рэгістрацыі мая вуліца ў горадзе – Сацыялістычная, акурат першы на ёй дом. А цяпер вось як жа не лічыць сваёй вуліцай яшчэ і Стадыённую? Калегі ўдакладняюць: «Наша вуліца!»

А гэта вельмі правільна прыдумана: калектыў арганізацыі, установы адказвае за чысціню, добраўпарадкаванне пэўнай тэрыторыі ў горадзе. Зразумела, магчымасці розныя: у адных і людзей, і тэхнікі багата, але ёсць і невялікія калектывы. Таму ў райвыканкаме ўсё гэта пастараліся ўлічыць, каб было па сіле каму на працяглай вуліцы, у цэлым квартале, зоне адпачынку, а іншым – на меншай плошчы падтрымліваць санітарны парадак.

Восень нібы наўмысна затрымалася, каб у мінулую суботу дый нядзелю паспелі што зрабіць. Было адносна цёпла, суха – зграбай апалае лісце, збірай з тратуараў і каля іх пясок – вулічны змёт. Аб’яўлены раённы суботнік быў плённым. А ўжо з панядзелка зямлю засыпала снегам. Можа, каму і палёгка: снег вялікі прыкрые ўсе пралікі. Аднак жа складзем і іншае выслоўе: нядбайны ці гультай – дарэмна не хавай. Яшчэ да вясны адліга пакажа, раскрые непрыбраныя сметнікі, ад якіх усім млосна. Ці пустазелле, да якога рукі не дайшлі, каб скасіць. Пакуль новае не адрасло, давядзецца і леташняе ўбраць.

Без гучных лозунгаў у раёне, у вобласці вядзецца барацьба за паўсюдныя чысціню і парадак. У кастрычніку аб’явілі месячнік добраўпарадкавання, працягнулі яго на лістапад. Штотыднёвыя «чыстыя чацвяргі», суботнікі, рэйды санітарнай службы… А ўвогуле ці ж пад загадам, прымусам падтрымліваць чысціню? Гультайства – гэта не пра нас, беларусаў. Здаўна ў народзе агульнае абурэнне выклікалі праявы неахайнасці. Што ў хаце робіцца, не ўсім бачна, а калі агарод, двор непатрэбшчынай зараслі, то і пачынаюць думаць: нешта не тое з чалавекам? Плот павалены, смецце не прыбранае. Калі захварэў адзінокі, састарэлы, то трэба дапамагчы. А калі каму адзіны маршрут вядомы – да магазіна па бутэльку…

З заганамі – змаганне, рупнасці ж – падтрымка. Сельвыканкамы годна працягваюць добрую традыцыю адзначаць гаспадароў дамоў узорнага парадку, лепшага падвор’я. А калі ўшанаванне прылюднае, то ўспрымаецца яно з вялікай радасцю. Гэта можна было бачыць на святах вёсак. Дарэчы, такія калектыўныя святкаванні, да якіх жыхары населеных пунктаў асабліва прыбіраюцца, будуць працягнуты і ў наступным годзе.

Толькі ж не дзеля славы руплівыя гаспадыні ўпрыгожваюць кветкамі свае агародчыкі. А як прыемна прайсці па тратуары, калі і паўз яго клапатлівымі рукамі даглядаюцца гваздзікі, астры, петуніі. Ёсць спадзяванне, што нарэшце і камунальная служба абагаціць і разнастаіць наш горад клумбамі, знайшоўшы арыгінальныя архітэктурныя рашэнні.

Такое шчыраванне пачнецца з вясны. Цяпер жа, калі пайшоў адлік дзён апошняга месяца года, усе думкі аб сустрэчы новага, 2017-га. Ізноў, як і з мінулага снежня, пачнём прыбіраць ёлкі, аздабляць гірляндамі фасады будынкаў. Каб святочным святлом азарыліся раннія вечары. Каб радаваліся дзеці і мы самі сталі спакайнейшымі і дабрэйшымі.

Чаканыя святы, а затым зноў працоўныя будні. Работа, свае абавязкі, сярод якіх і гэты, карысны і прыемны сабе і людзям – ствараць і падтрымліваць чысціню і парадак. Каб мог з гордасцю сказаць: «Мой квітнеючы горад, аграгарадок, мая вёска!» І шчыра працытаваць Маякоўскага: «Вуліца мая, дамы мае!»

Фёдар БАНДАРОВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *