Выбралі вясковую прафесію

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Павел і Валянціна Кучынскія – маладыя спецыялісты. Летась яны скончылі Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, дзе вучыліся на факультэце аховы раслін. Размеркаванне атрымалі ў Салігорскі раён, дзе, як гаворыць Валянціна, ад іх адмовіліся. Кажучы іншымі словамі, у тамтэйшым аграрным сектары маладыя спецыялісты засталіся незапатрабаванымі. Бывае і такое.

Прыйшлося выпускнікам ВНУ шукаць работу самім, і менавіта ў Мінскай вобласці. Павел і Валянціна з Гродзеншчыны, таму хацелася жыць і працаваць бліжэй да бацькоў. Абзванілі нямала сельгаспрадпрыемстваў і, нарэшце, – удача. Дырэктар ААТ «Радзіма Дзяржынскага» Васіль Лаўрашчук паабяцаў уладкаваць на работу абоіх.

6-6-12-07e

Павел Кучынскі заняў у гаспадарцы пасаду галоўнага агранома, а Валянціна (на той час Маджаеўская) – агранома-аграхіміка. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла маладым дом з выгодамі. Пачыналі яны працаваць літаральна з нуля, прымяняючы атрыманыя ў вучэбнай установе веды на практыцы.

– Нялёгка прыходзілася, бо спецыялістаў раслінаводчай галіны тут недакамплект, – расказвае Павел, – але паступова асвоіліся. Працуецца нармальна.

Забягаючы наперад, трэба сказаць, што недахоп агранамічных кадраў адчуваецца ў таварыстве і зараз. Некалькі месяцаў назад Валянціну пераманіў дырэктар ААТ «Дзераўное», прапанаваўшы пасаду галоўнага агранома. І яна згадзілася. Падтрымаў жонку і муж.

– Мы параіліся і вырашылі, што не кожнаму ў такім узросце выпадае падобны шанц, – парыруе Павел. – Няхай паспрабуе.

І Валянціна ўзначаліла раслінаводчую галіну суседняга таварыства. Зразумела, няпроста вось так адразу ўліцца ў іншы калектыў. Патрэбна таксама дакладна вывучыць мясцовасць, размяшчэнне палёў і іх урадлівасць.

– Прывыкаю, стараюся, вучуся. Правяла першую азімую сяўбу. Здаецца, усё атрымалася, а вынікі пакажуць вясна і ўборачная. Мне лягчэй працаваць у тым плане, што ў гаспадарцы рупяцца дасканала ведаючыя сваю справу аграном-аграхімік і аграном-насеннявод. Дапамагае парадамі, да якіх прыслухоўваюся, былы галоўны аграном, цяпер брыгадзір, Леакадзія Губар. Работа наладжана, застаецца толькі падтрымліваць напрацаванае і весці кантроль. Важна, што людзі ў гаспадарцы добразычлівыя, працуюць сумленна.

Кіраўнік гаспадаркі Юрый Тарасевіч, сам па спецыяльнасці аграном, гаворыць, што Кучынская праяўляе характар, унікае ў работу, і ў бліжэйшым будучым з яе атрымаецца выдатны галоўны спецыяліст.

Павел Кучынскі таксама малайчына. Прыходзіцца маладому спецыялісту, што называецца, несалодка, але спраўляецца. На яго рахунку веснавая і асенняя пасяўныя кампаніі, уборачная.

– Ураджай збожжавых сёлета атрымалі невысокі, хоць і выканалі ўсё па тэхналогіі. Не паспрыяла надвор’е. Крыўдна, зразумела. Спадзяюся, што наступны год у гэтым плане будзе лепшым. Зараз закладваем аснову будучаму ўраджаю. Аб’ёмы работ вялікія, але механізатары стараюцца. Разам з дырэктарам праводзім работу па аб’яднанні дробнаконтурных палёў, акультурванні няўдобіц.

Павел і Валянціна знайшлі сябе ў прафесіі, якую, дарэчы, не адразу выбралі. Ён марыў аб медыцыне, яна хацела пайсці па слядах бацькі – заняцца лясной справай. А звёў іх лёс у аграрным універсітэце. Павел згадвае, што гэтую вышэйшую навучальную ўстанову скончылі ў свой час яго бацькі. І Валянціна паступала свядома, бо яшчэ ў школе займалася з выкладчыкамі ўніверсітэта на арганізаваных там падрыхтоўчых курсах.

Наперадзе ў галоўных спецыялістаў першая зіма ў выбранай імі нялёгкай вясковай прафесіі. Здавалася б, можна і адпачыць. Але ў міжсезонне таксама знаходзіцца работа. Пераважна папяровая, аднак і яе трэба выканаць.

Сваёй шчырай і сумленнай працай Павел і Валянціна Кучынскія зарэкамендавалі сябе са станоўчага боку. Маладых спецыялістаў заўважылі і ў раёне. У складзе дэлегацыі ад Стаўбцоўскага раёна яны прымалі ўдзел у абласным фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2016», які праходзіў у Лагойску.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *