Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

АКЦЫЯ «НАШ ЖЫВЁЛАВОД»

Прэзідыум раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу разгледзеў зварот Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу да жывёлаводаў і пастанову Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК ад 11 лістапада 2016 года № 534 «Аб правядзенні акцыі «Наш жывёлавод» і супрычыніўся да вышэйназванага мерапрыемства. Мэта акцыі – падзякаваць людзям за іх нялёгкую працу. Яна праводзіцца са снежня па красавік. У рамках акцыі арганізавана правядзенне сустрэч з калектывамі жывёлаводаў на кожнай ферме раёна. А таксама ўшанаванне падзячнымі пісьмамі і каштоўнымі падарункамі лепшых работнікаў за прафесіяналізм, добрасумленныя адносіны да работы і дасягнутыя імі найвышэйшыя паказчыкі, высокую якасць прадукцыі.

 

АПТЫМІЗМУ НЕ СТРАЧВАЮЦЬ

У ААТ «Рубяжэвічы» з пачатку года ў сярэднім ад кожнай каровы атрымана 3767 кілаграмаў малака, што на 81 кілаграм больш, чым летась. Валавая вытворчасць склала 104 працэнты да адпаведнага паказчыка летась, а ўсяго надоена 5624,3 тоны. Дойны статак налічвае 1488 кароў, у параўнанні з мінулагодняй колькасцю прыбавілася 28 жывёлін.

Кіраўніцтва ААТ «Рубяжэвічы» прыкладае намаганні і настройвае работнікаў фермаў на павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі. У першую чаргу трэба сказаць, што ў гаспадарцы створана сёлета трывалася кармавая база – нарыхтавана дастатковая колькасць усіх відаў травяных кармоў. Гэта падкрэслівае і в. а. галоўнага заатэхніка Валянціна Голуб. Бясспрэчна, кармы – адзін з галоўных фактараў павелічэння надояў і прываг. З камбікармамі таксама няма праблем, яны закупляюцца для цялят і навацельных кароў. Варта дадаць, што на фермах рыхтуюцца кармасумесі, а значыць, жывёла атрымлівае паўнацэнны рацыён.

Аднак вельмі многае залежыць і ад таго, як вядзецца ўзнаўленчая работа. Галоўны спецыяліст гаворыць, што ў даным накірунку яшчэ трэба папрацаваць, і асабліва з дойным статкам. Неабходна надалей скарачаць сэрвіс-перыяд кароў, бо ў некаторых рагуляў ён застаецца даволі вялікім.

– Падцягнемся ва ўзнаўленчай рабоце, і малака ў нас прыбавіцца, – упэўнена кіраўнік жывёлагадоўчай галіны. – Дапамагаюць нам спецыялісты раённай ветслужбы. І самі працуем. У гаспадарцы неблагія тэхнікі-асемянатары.

Трэба павялічваць і якасць малака, якая залежыць не толькі ад саміх жывёлаводаў, а і ад брыгадзіраў фермаў, ад іх умення арганізаваць работу і падтрымліваць у вытворчых падраздзяленнях дысцыпліну. А іменна – рэалізоўваць прадукцыю і гатункам «экстра».

Лідзіруюць па надоях малака жывёлаводы МТФ «Гнецькі», на другім і трэцім месцах работнікі вытворчых падраздзяленняў «Русакі» і «Новыя Рубяжэвічы». Сярод аператараў машыннага даення маюць неблагая паказчыкі і вылучаюцца добрасумленнасцю Вольга Голышава і Іван Шыманскі.

У мясных справах таксама ёсць пэўныя набыткі. Сярэднясутачныя прыбаўленні буйной рагатай жывёлы наблізіліся да 530 грамаў. Бычкоў здаюць на мясакансервавы камбінат сярэдняй вагой 540 кілаграмаў.

– Сёлета нам неабходна ўтрымаць дасягнуты плюс, а ў наступныя гады істотна прыбавіць у вытворчасці малака і мяса, – падводзіць вынік размовы Валянціна Голуб. – Аптымізму не страчваем і будзем прыкладаць намаганні, каб павялічыць паказчыкі. Работнікі раслінаводчай галіны спрацавалі сёлета вельмі добра, поўнасцю забяспечылі жывёлу на зімоўку травянымі кармамі, і мы пастараемся іх не падвесці. Калектыў жывёлаводаў у нас укамплектаваны. Умовы для работы створаны. Застаецца мэтанакіравана працаваць, а мець вышэйшыя надоі нам цалкам па сіле.

 

ПРАВЕДЗЕНЫ АГРАХІМІЧНЫЯ ДАСЛЕДАВАННІ

Спецыялістамі ААТ «Аграхімпраект» праведзена аграхімічнае даследаванне глебы ў дванаццаці сельгаставарыствах раёна. Яго мэта – ацэнка і кантроль за змяненнем урадлівасці зямель. Абследавана 60 тысяч гектараў на забяспечанасць глебы фосфарам, каліем і мікраэлементамі, а таксама вызначаны яе кіслотнасць і гумус. Гэтая работа праведзена за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту. Па выніках даследавання будуць складзены аграхімічныя картаграмы, якія стануць асновай для распрацоўкі мерапрыемстваў па павелічэнні ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці сельскагаспадарчых культур. Вынікі папярэдніх даследаванняў, якія праводзяцца адзін раз у чатыры гады, паказалі, што на высокім узроўні праводзяцца агратэхнічныя мерапрыемствы ў ААТ «Вішнявецкі-агра», «Агранёманскі», «Вялікі Двор» і «Жацерава». Па забяспечанасці фосфарам і каліем землі раёна адносяцца да высокай чацвёртай групы.

 

УТУЛЬНЫЯ «КВАТЭРЫ» ДЛЯ ЦЯЛУШАК

На МТК «Ніўнае» ААТ «Дзераўное» завершана рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання, дзе раней стаялі бычкі, пад утрыманне на глыбокай падсцілцы цялушак дарошчвання і пакрытых цялушак. Выкананы немалы аб’ём работ. З падлогі былі зняты металічныя рашоткі, пад імі ачысцілі ад гною ямы і засыпалі іх пяском. Затым забетанавалі. Паставілі металічную агароджу і разбілі памяшканне на пяць клетак: тры для цялушак дарошчвання і дзве – для пакрытых цялушак. У кожную правялі ваду і паставілі карыты. Зрабілі кармавыя сталы. Зманціравалі асвятленне. Неабходнае для правядзення рэканструкцыі абсталяванне набылі за кошт выдзеленых з раённага бюджэту сродкаў. Усе работы праводзілі сваімі сіламі. Зараз у адрамантаваным памяшканні ўтрымліваецца 140 жывёлін, а ўсяго сюды можна паставіць 240. Прадугледжаны для цялушак і выгульныя дворыкі. Зараз вядзецца іх мантаж, а бетонныя работы будуць выкананы вясною.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *