Прыгараднаму руху не хапае якаснага абслугоўвання

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

9-6-1207t

На мінулым тыдні прайшла прамая тэлефонная лінія з дырэктарам аўтапарка № 17 Іванам Бычкевічам. Жыхарамі раёна было зададзена адносна нямнога пытанняў – крыху больш за дзесяць. Пераважная большасць іх датычыла якасці абслугоўвання пасажыраў на прыгарадных маршрутах, на якіх яны дабіраюцца ў райцэнтр на работу. Кожны, хто пазваніў, выказаў пажаданне: даязджаць да свайго прыпынка і своечасова, і з добрым настроем.

Найбольш злабадзённае пытанне выклікана нядаўнім аб’яднаннем маршрутаў Старына і Падгорная з Заямным. У выніку аб’яднання на маршруце значна ўзрос пасажырапаток, асабліва на ранішнім рэйсе. Гэта пацягнула за сабою павелічэнне часу знаходжання ў дарозе, невыкананне графіку руху і, як вынік, спазненне людзей на працу. А тое, што ў аўтобусе няма дзе паставіць нагу, толькі дадае ім агрэсіўнасці…

Іван Бычкевіч:

– Праблемы ёсць. Аўтобус ідзе поўны, але на прыпынках нікога не пакідае. Маршрутную сетку (а гэта тры гарадскія маршруты, 24 прыгарадныя і два – міжгароднія) мы не скарачалі, аднак патрэба ў яе пэўнай аптымізацыі ўзнікае. У першую чаргу, з-за тэхнічных няспраўнасцяў аўтобусаў. Не ўсе могуць штодзённа выехаць на лінію. Мы з’яўляемся не самастойнай юрыдычнай асобай, а філіялам ААТ «Мінаблаўтатранс», і напрыканцы месяца пры нявыплаце прадпрыемствам абавязковых плацяжоў у бюджэт аўтаматычна арыштоўваюцца банкаўскія рахункі ўсіх філіялаў, таму існуе праблема з набыццём запасных частак для рамонту аўтобусаў. Тым не менш, сацыяльныя стандарты па аўтобусным абслугоўванні ў раёне выконваюцца, на некаторых маршрутах – перавыконваюцца. Не пашкодзіла б крыху абнавіць парк аўтобуснай тэхнікі – апошні раз новы аўтобус атрымалі ў 2014 годзе. Спадзяёмся, што ў наступным годзе, калі Мінаблаўтатранс будзе набываць аўтобусы для аўтапаркаў Мінскай вобласці, і мы трапім у іх лік. На даны момант на аб’яднаным маршруце будзем вырашаць пытанне з аўтобусам большай умяшчальнасці і карэкціраваць час прыбыцця, каб людзі паспявалі прыехаць да 8 гадзін.

Жыхарка Заямнага цікавілася, чаму вечарам у раёне бальніцы праходзіць да Заямнага толькі адзін аўтобус?

– Даехаць да Заямнага – не праблема. У гэтым напрамку праходзіць шмат іншых прыгарадных аўтобусаў: Куль, Падгорная, Старына, Налібакі і т. п. Усе яны спыняюцца ў Заямным. Адпраўленне іх – з аўтастанцыі.

Стаўбчанін з вуліцы 17 Верасня, які карыстаецца прыпынкам грамадскага транспарту ў раёне лясгаса, скардзіўся на тое, што аўтобус Жыгалкі–Стоўбцы не забірае пасажыраў на прыпынку. Прыходзіцца чакаць гарадскога аўтобуса, а ён раніцай перапоўнены, і, каб даехаць да вакзала, трэба аб’язджаць увесь горад.

– Разгледзім ваша пытанне. У цэлым прыпынкі ў горадзе для прыгарадных аўтобусаў не прадугледжаны – яны толькі па патрабаванні пасажыраў. Вадзіцелі ідуць на такія саступкі, калі ёсць прыпыначны пункт. Прыгарадны маршрут павінен заставацца прыгарадным. Гэта напрамую ўплывае на яго акупнасць. Сярэднямесячная акупнасць гарадскіх маршрутаў складае 21,3 працэнта, прыгарадных – 40,5 працэнта. Гарадскі і прыгарадны маршруты сумешчаны ў нас толькі ў двух напрамках – Заямнага і Новага Свержаня, з улікам таго, што адтуль людзі едуць на работу.

Грамадзянін Лукашэвіч выказаў пажаданне, каб раніцай у нядзелю «акінчыцкі» гарадскі аўтобус заходзіў на Калгасны рынак.

– Прапанова слушная. Звернемся ў АКС, каб прадугледзець у раёне рынку прыпыначны пункт ці хаця б пляцоўку з адпаведным дарожным знакам.

С. З. Варапай з Рочавічаў, К. В. Дудак са Старыны прасілі дабавіць да іх населеных пунктаў дзённых рэйсаў аўтобуса, М. Годыль з Каменкі – аб працягванні маршрута Стоўбцы–Налібакі (адпраўленне ў 09.20) да Прудоў.

– Вашы пытанні мы зможам разгледзець у наступным годзе, калі будуць вядомы аб’ёмы датацыі з бюджэту на ажыццяўленне пасажырскіх перавозак. На цяперашні момант да Рочавічаў, напрыклад, выконваецца 20 аўтобусных рэйсаў на тыдзень (у панядзелак, сераду, пятніцу і нядзелю) пры сацыяльным стандарце 16. Наконт працягнення маршрута да Прудоў неабходна вывучыць пытанне.

Жыхарка Аталезі прасіла аб адкрыцці дадатковага прыпынка грамадскага транспарту ў канцы аграгарадка ў напрамку Жукава Барка. Маўляў, ісці за аўтобусам прыходзіцца два кіламетры…

– Прыпыначныя пункты мы не арганізуем. Дазвол на іх выдае ДАІ, абсталяваннем займаецца дарожная арганізацыя ДРБУ № 135. У бліжэйшы час сумесна вывучым ваша пытанне.

Т. В. Явід паскардзілася на вадзіцеля аўтобуса Стоўбцы-Налібакі (яго прозвішча па этычных меркаваннях мы не называем – Т. П.), які раніцай 21 лістапада «не заўважыў» яе на прыпыначным пункце ў Заямным. Жанчыне якраз трэба было пільна выехаць на пахаванне…

– Разбяромся ў вашай сітуацыі. Скажу, што мы прытрымліваемся строгіх падыходаў да вадзіцеляў за зрыў графіку руху і іншыя дапушчаныя парушэнні. Усё можна праверыць, таму што кожны аўтобус абсталяваны бартавым навігацыйным прыстасаваннем АСДУ. Аб прынятых мерах дадзім вам пісьмовы адказ. Незалежна ад гэтай сітуацыі хачу нагадаць пасажырам, што на прыпынак трэба прыходзіць загадзя, таму што разыходжанне ў графіку руху на прыгарадных маршрутах дапускаецца 3-5 мінут. Дакладнасць графіку руху напрамую звязана са станам дарожнага пакрыцця, умовамі надвор’я і г. д.

Паступілі нараканні на вадзіцеляў, якія кураць у салоне аўтобуса.

– Адзін з вадзіцеляў аўтобуса звольнены, у тым ліку і за гэтае парушэнне. Працуем над павышэннем культуры вадзіцеляў. Ёсць праблема з укамплектаванасцю вадзіцельскімі кадрамі. Моладзь ідзе да нас неахвотна – адпуджвае раскіданы графік работы.

– Чаму, калі адпраўка аўтобуса з аўтастанцыі затрымліваецца ці аўтобус увогуле адмяняецца, няма інфармацыі аб гэтым па гучнай сувязі?

– У нашай рабоце немагчыма прадугледзець усе сітуацыі (раптоўная паломка аўтобуса, складаныя дарожныя ўмовы і т. п.), аднак пастараемся своечасова інфармаваць аб гэтым пасажыраў на аўтастанцыі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *