Служба 101, 112

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

11-6-12

ПРА БЯСПЕКУ ГАВАРЫЛІ НА СЕЛЬСКІХ СХОДАХ

На Стаўбцоўшчыне завяршылася пажарна-прафілактычная акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе – «За бяспеку разам».

У рамках акцыі супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях абследавана 242 домаўладанні жыхароў раёна, а таксама домаўладанні 22 сем’яў, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным, 116 адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, 14 адзінокіх і адзінока пражываючых інвалідаў, і т. п.

Было арганізавана дзевяць сельскіх сходаў і каля двух дзясяткаў сустрэч у працоўных калектывах, падчас якіх на канкрэтных прыкладах расказвалася аб аператыўнай абстаноўцы ў нашым раёне, Мінскай вобласці і рэспубліцы.

Сярод мер, прынятых супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях па выніках абследаванняў, – накіраванне інфармацыі ў адрас розных суб’ектаў прафілактыкі наконт супрацьпажарнага стану асобных домаўладанняў, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, пражываюць састарэлыя грамадзяне ці асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Стан гэтага жылля нельга назваць пажарабяспечным.

 

ПІЛЬНЫ СУСЕД

Позна вечарам 19 лістапада ў доме аднаго з жыхароў Новага Свержаня здарыўся пажар, які мог бы закончыцца трагічна.

Калі ўлічыць усе фактары (нецвярозы стан і курэнне гаспадара, а таксама позні час, калі ўжо ўсе адпачываюць), так яно, хутчэй за ўсё, і было б. Ускосным пацвярджэннем магчымай трагедыі служыць і жорсткая статыстыка фактаў: амаль усе загінуўшыя на пажарах у нашай рэспубліцы – аматары пакурыць ды заснуць з цыгарэтай.

У гэтым выпадку, на шчасце, цыгарэта не стала для гаспадара апошняй. Пільным аказаўся сусед праз некалькі дамоў – Юрый Віленчыц, які вывеў з небяспекі нецвярозага гаспадара, прычым той не атрымаў ніякіх пашкоджанняў і апёкаў. А ў доме агонь ужо добра «разгуляўся» – выгараў адзін з пакояў.

У свой час працоўная дзейнасць Юрыя Віленчыца была звязана з пажарнай службай. А як дасягнуў выслугі і пайшоў на заслужаны адпачынак, перабраўся жыць на малую радзіму – у Новы Свержань. Трымае ў ідэальным парадку бацькоўскую сядзібу. Аднавяскоўцы абралі яго старшынёй камітэта касцёла святых Пятра і Паўла.

Разам са старшынёй раённай ветэранскай арганізацыі Навасвержанскага сельвыканкама Аляксеем Палянскім, іншымі вяскоўцамі яны робяць сапраўды святую справу – апякуюцца над навасвержанскім месцам пахавання польскіх салдатаў, якія загінулі ў 1919-1920 гадах. Агульнымі намаганнямі абноўлены камень-абеліск, устаноўлены надмагільныя крыжы з імёнамі загінуўшых. Месца памяці расчышчана, абгароджана і пастаянна падтрымліваецца ў парадку.

За мужны ўчынак раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях прадставіў Юрыя Віленчыца да ўзнагароджання падзякай раённага выканаўчага камітэта. У 2016 годзе гэта чацвёрты выпадак у раёне,калі выратавана чалавечае жыццё на пажары.

Пр

 

НЕДАХОПЫ НА АБ’ЕКТАХ

ТАА «Аўтаагратэхсэрвіс» – у ліку нямногіх прадпрыемстваў раёна, дзе падчас кантрольнай праверкі не выяўлена парушэнняў нормаў і правіл пажарнай бяспекі.

Гэты вынік парадаваў, а асабліва на фоне іншых суб’ектаў гаспадарання, дзе лік парушэнняў ідзе на дзясяткі, а раней прапанаваныя інспектарамі мерапрыемствы па ўмацаванні пажарнай бяспекі выконваюцца маруднымі тэмпамі. Больш таго, выяўляюцца новыя недахопы, якія могуць стаць прамымі прычынамі пажару.

Да прыкладу, у будынках МТФ ААТ «Вішнявецкі-агра» эксплуатуюцца металічныя дымаходы, на некаторых аб’ектах парушаецца рэжым курэння. Праўда, нельга не адзначыць, што ўсе будынкі, аўтатрактарная тэхніка гаспадаркі ўкамплектаваны пярвічнымі сродкамі пажаратушэння, а работнікі ведаюць месцы іх знаходжання і валодаюць правіламі карыстання. Падзвіжкі назіраюцца і ў тым, што на фермах ажыццёўлена замена свяцільнікаў з лямпамі накальванння на святлодыёдныя, закрыты ахоўнымі накрыўкамі размеркавальныя каробкі.

У ААТ «Дзераўное» ў ходзе праверкі ўстаноўлена невыкананне прапанаваных раней мерапрыемстваў, а таксама парушэнні рэжымнага характару. Гэта сведчыць пра фармальны падыход службовых асоб гаспадаркі да пытанняў пажарнай бяспекі на аб’ектах. Так, на МТФ у Лубяні і Барку ў бытавых памяшканнях устроены спальныя месцы. Абсталяваны месцы для курэння, аднак фактычна курэнне дапускаецца па-за імі. Эксплуатуюцца адкрытыя размеркавальныя каробкі. Ацэнка стану пажарнай бяспекі ў гаспадарцы дадзена як – «не адпавядае патрабаванням». На жаль, не абышлося без парушэнняў і на аб’екце будаўніцтва дзіцячага сада ў Стоўбцах па вуліцы Міру.

За дапушчаныя хібы адказныя службовыя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Таццяна ТАРАСЕВІЧ,інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

ПЕРШЫ ЛЁД: ПАТРЭБНА АСЦЯРОЖНАСЦЬ

Са з’яўленнем на вадаёмах першага лёду з’явіліся і першыя ахвяры – аматары экстрэмальных «паходаў». А колькі разоў ужо гучала папярэджанне: будзьце асцярожныя, не выпрабоўвайце лёс!

Памятайце, што адносна бяспечным называюць лёд таўшчынёю не менш за 20 см. Ён зялёнага або блакітна-зялёнага колеру. Брудны, бура-шэры лёд – той, які пачаў раставаць і стаў нетрывалым. Дарэчы, пры тэмпературы паветра 0 оС, якая захоўваецца на працягу трох дзён, трываласць лёду змяншаецца на 25 працэнтаў. Лёд лічыцца нямоцным каля вусцяў рэк і прытокаў, паблізу крыніц і сцёкавых водаў, дрэў і кустоў, чароту. Забаронена правяраць трываласць лёду ўдарамі нагі ці скокамі на ім.

Паважаныя бацькі! Не пакідайце дзяцей без нагляду ля вадаёмаў, растлумачце ім аб небяспецы, якую тоіць гульня на лёдзе, не пускайце іх адных на вадаёмы! Калі вы рыбак, правільна экіпіруйцеся: вазьміце з сабою хаця б мінімальны набор выратавальных сродкаў – вяроўку, палку, дошку, выратавальную камізэльку. Не свідруйце больш за дзесяць лунак побач і не збірайцеся на лёдзе вялікімі групамі.

Калі вы ўсё ж праваліліся пад лёд, першае і самае важнае – не панікуйце. Выратаванне на 90 працэнтаў залежыць ад упэўненасці і псіхалагічнага стану таго, хто праваліўся пад лёд. Калі паблізу ёсць людзі – клічце на дапамогу. Пастарайцеся не ныраць і не мачыць галаву. Не спрабуйце неадкладна выбрацца на лёд, паколькі акурат у тым месцы, дзе вы праваліліся, ён, хутчэй за ўсё, самы тонкі. Трымайцеся за край лёду. Лажыцеся на жывот у позу плыўца. Пакуль паміж слаямі вашай вопраткі застаецца паветра, яна дапаможа вам быць на плыву. Старайцеся плыць да таго краю палонкі, адкуль ідзе цячэнне. Дабраўшыся да краю палонкі, паспрабуйце налегчы грудзьмі на край лёду і, закінуўшы нагу, выбрацца на лёд. Калі лёд ломіцца, усё роўна не спыняйце спроб. Пасля таго як амаль усё тулава акажацца на лёдзе, адпаўзайце або адкочвайцеся далей ад палонкі. Марудна і асцярожна, адштурхоўваючыся рукамі і нагамі, паўзіце да бяспечнага месца. На сушы пастарайцеся сагрэцца сілавымі практыкаваннямі. Выклікайце хуткую дапамогу, таму што пераахаладжэнне і стрэс могуць выклікаць самыя сумныя наступствы.

І, галоўнае, памятайце: ваша бяспека залежыць ад вас.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *