Святло высокай зоркі

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

9 снежня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча.

Паэтычныя радкі Максіма Багдановіча запамінаюца з дзяцінства, са школьных гадоў. «Здароў, марозны, звонкі вечар! Здароў, скрыпучы, мяккі снег!» Якая яскравая, натуральная, хвалюючая карціна, ці хутчэй мелодыя зімы. З адчуваннем прасторы дарогі, сімвалічнага шляху жыцця. А гэта вясна:

Па-над белым пухам вішняў,

Быццам сіні аганёк,

Б’ецца, ўецца шпаркі-лёгкі

Сінякрылы матылёк.

А далей:

Маладыя гады,

Маладыя жаданні!

Ні жуды, ні нуды,

Толькі шчасце кахання.

 І тут жа:

Жывеш не вечна, чалавек, –

Перажыві ж у момант век!

Можна цытываць і цытаваць Багдановіча, бо гэта цэлы свет, планета Паэзіі. Дзе і легкакрылыя лірычныя радкі, і адначасова тужлівыя і поўныя добрых надзей роздумы аб лёсе краіны, беларускага народу. І эпічныя мастацкія палотны гістарычнага кшталту, і вольныя думы, вобразы, што запалі паэту, а значыць, і нам, чытачам, у сэрца.

Але ж каб толькі гэта. Збор твораў Максіма Багдановіча даносіць узоры высокамастацкай прозы. А якое багацце жанраў! Санеты, трыялеты, апокрыфы з глыбокім філасофскім зместам, нарысы, эсэ. А яшчэ мастацкія пераклады з французскай, іспанскай, скандынаўскіх, лацінскай і, зразумела, рускай і ўкраінскай моў. А даследаванні па гісторыі народаў, перш за ўсё славянства. Водгукі, крытычны разгляд новых твораў беларускіх аўтараў, да якіх, як да першапачынальнікаў, асаблівая ўвага.

Бясконцае багацце тэм, вобразаў, сюжэтаў. І ўсё ў высокамастацкім выкананні, глыбокім па змесце. Можна было б сказаць: на тое і паэт, пісьменнік, класік. Калі б не адно, пра што скажам з пачуццём жалю. Адведзена было яму зямнога жыцця ўсяго дваццаць пяць гадоў. І невылечна хворы, аб чым, зразумела, не магло быць да канца ўсведамлення, але ёсць прадчуванне, піша, творыць з такім аптымізмам, верай у будучыню. Працягнем – у будучыню народа.

Ёсць і іншае, аб чым было сказана (прыгадваю эсэ Міхася Стральцова «Загадка Багдановіча»). Так, загадка, і не адна. Звернемся да біяграфіі пісьменніка. Нарадзіўся ў Мінску, але ўсё свядомае жыццё правёў за межамі беларускага краю. У расійскіх Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, на лячэнні ў Ялце, дзе засталася пад покрывам кіпарыса ягоная магіла. Але чаму тады іменна Беларусь мала што ўспрымаў сваёй, сэрцам прыкіпеў да краю, зямлі, якую шчыра называў роднай. Дарэчы, усе творы Багдановіча напісаны па-беларуску, акрамя можа лічаных некалькіх прысвячэнняў.

Выйшла так, што Беларусь у яго была больш ва ўяўленні. Веды, пачэрпнутыя з багатай бацькавай бібліятэкі, які нарадзіўся на Барысаўшчыне, скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам у вясковай школе, потым – у Мінску. Адам Ягоравіч займаўся даследаваннем беларускага фальклору, і міфалагічныя вобразы – у аснове шмат якіх твораў Максіма Багдановіча. Відаць, музай паэта стала, як у Пушкіна Арына Радзіонаўна, бабуля Максіма Анэля Тамашаўна – цудоўная апавядальніца народных казак. І вось крэда аўтара, пачынаючы з юнацкіх гадоў, – пісаць толькі на беларускай мове, прыгожай, мілагучнай, мове народа, зямлі, якая яму снілася, суцешвала боль, але якую бачыў толькі падчас рэдкіх паездак на радзіму.

Стаўбцоўшчына – радзіма Якуба Коласа, зямля, дзе радаводныя карані Янкі Купалы, дзе і паэтычны дух Багдановіча. Паразважаем аб стасунках Максіма Багдановіча з Якубам Коласам. Вялікім творцам у жыцці не выпала сустрэцца. Вядома, што першую паездку ў сталыя гады на бацькаўшчыну Багдановіч ажыццявіў у 1912 годзе. Ён завітаў тады ў рэдакцыю «Нашай нівы», куды ўжо дасылаў свае вершы, празаічныя абразкі. Колас жа пэўны час працаваў у рэдакцыі беларускай газеты раней, да 1908 года, у якім ён быў асуджаны за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў і тры гады правёў у зняволенні, у мінскай турме. Аднак завочна паэты былі знаёмы, найперш па нашаніўскіх публікацыях. Дык вось у грунтоўным даследаванні «Беларускае адраджэнне» Багдановіч, які аналізуе творчасць многіх польскіх і беларускіх літаратараў, пачынаючы ад першадрукара Францыска Скарыны, ацэньвае здабыткі сучасных яму аўтараў. Найперш, вядома, Купалу і Коласа. Спынімся на ацэнцы Коласавых здабыткаў. «Бясспрэчны талент мае Якуб Колас, былы народны настаўнік, які друкуецца па-беларуску з 1906 года. Кніжка ягоных вершаў «Песні жальбы» выйшла ў 1910 г., а пазнейшыя творы раскіданы на старонках іншых беларускіх выданняў. Гэта пісьменнік просты, спакойны і заўсёды сабе роўны. Няма ў яго нічога асабліва моцнага, яркага, нечаканага, але і няма слабога, нікчэмнага. Верш яго не ззяе буйнымі вартасцямі, але заўсёды старанна абдуманы і ўмела апрацаваны. Сялянскае жыццё, яго цяжкасць, паэзія працы, вясковыя краявіды, нацыянальна грамадзянскія матывы, турэмная адзінота, – гэтым і абмяжоўваецца ўвесь кругагляд ягонай сціплай паэзіі. Але гэтулькі ў ёй любові да роднага краю, гэтулькі шчырага, ціхага лірызму, што становіцца цалкам зразумелай папулярнасць Коласа сярод беларускіх чытачоў». Артыкул гэты датаваны 1914 годам.

У далейшых крытычных даследаваннях Багдановіч заўважае паглыбленне тэматыкі, новыя мастацкія фарбы ў творчасці Коласа, найперш аналізуючы апублікаваныя першыя раздзелы «Новай зямлі». Але ўсё роўна, як і адносна іншых аўтараў, не толькі беларускіх, але і ўкраінскіх, рускіх, творцаў розных народаў, яго аналіз строгі, патрабавальны да формы, гучання, вобразнасці паэтычных твораў.

«Краса і сіла» – назва аднаго з артыкулаў Максіма Багдановіча. Краса-эстэтычнасць і сіла ўздзеяння паэзіі на многіх – гэта ягонае крэда ва ўласнай творчасці і строгая мерка падыходу да ўсіх, хто бярэцца за пяро, прапануе вершы да друку. А наказ майстра сучасным яму і будучым літаратарам найлепш акрэслены такімі радкамі:

Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,

Абрабіць яго трэба з цярпеннем.

Як ударыш па ім, – ён, як звон, зазвініць,

Брызнуць іскры з халодных каменняў.

Так, паэзія не забава, а дадзеная таленту сіла, каб змяніць у лепшы бок людзей і свет. А як няма Божай іскры, сумлення творцы, то навошта тады імкнуцца да выдання зборнікаў, ад якіх нікому, акрамя аўтара, ні горача, ні холадна. Максім Багдановіч пры сваім кароткім жыцці паспеў убачыць толькі адзіную сваю кніжку «з друкарні пана Марціна Кухты». Чытайце Багдановіча, захапляйцеся шматфарбным светам Паэзіі. Дзе і вобразы, якія сталі народнымі песнямі. Пра дзяўчат, што ўплятаюць замест персідскіх узораў «цвяток радзімы васілька». Пра яркую зорку кахання Венеру. Пра выразаны ў кары надпіс – імя любімай – Вераніка, які ўздымаецца ўсё вышэй. Высокая зорка Паэзіі!

І галоўны ўрок Багдановіча – вялікая сыноўняя любоў да сваёй Айчыны.

Беларусь, твой народ дачакаецца

Залацістага, яснага дня.

Паглядзі, як усход разгараецца,

Сколькі ў хмарках залётныхагня…

 Як запавет, сказанае паэтам сто гадоў таму назад.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *