Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне чатыры шлюбы, зроблены дзве адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Алег Ліпніцкі, Дар’я Агароднікава, Цімафей Дзям’янка, Вікторыя Рыпінская, Тамярлан Грэскі, Ілья Копач, Мікіта Латышэвіч і Аляксей Капейчанка.

Зямны шлях закончыўся для 13-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі пажар у Найдзёнавічах, дзе агнём знішчана пабудова, што выкарыстоўваецца ў якасці жылля. Абжыў яе мужчына 1962 года нараджэння пасля таго, як двойчы гарэў яго дом. Ніхто не пацярпеў. Прычына пажару высвятляецца.

Міліцыяй зарэгістравана 91 паведамленне аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 11 крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазроныя. Побач з кафэ-барам «Стары двор» хуліган нанёс грамадзяніну цялесныя траўмы, якія выклікалі працяглае расстройства здароўя. У Аталезі грамадзянін учыніў крадзеж з дома ў групе з непаўналетнім.

Пракуратурай раёна ўстаноўлена, што ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і ААТ «Шашкі» дапускаюць парушэнні банкаўскага заканадаўства, у прыватнасці, маюць пратэрмінаваную запазычанасць перад філіялам № 500 – Мінскае ўпраўленне ААТ «ААБ Беларусбанк» у памеры 861 рубель 66 капеек і 4482 рублі 49 капеек адпаведна. За парушэнне ўмоў крэдытных дагавораў кіраўнікам названых сельгаспрадпрыемстваў вынесены прадпісанні.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены адміністрацыйны пратакол у адносінах да жыхара Нясвіжа, які ў паляўнічых угоддзях непадалёку ад Паласні пры сустрэчы са службовымі асобамі органаў кантролю за паляваннем не разрадзіў зброю. Яму пагражае штраф да 40 базавых велічынь або пазбаўленне спецыяльнага права на паляванне.

Суд прыгаварыў да пазбаўлення волі на год 27-гадовага стаўбчаніна, які ўхіляўся ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі.

ДАІ выявіла 163 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – пяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў і 33 недысцыплінаваныя пешаходы і веласіпедысты. Зафіксавана шэсць ДТЗ, палова іх – за адзін «снежны» дзень. Ніхто не пацярпеў. З 8 па 14 снежня проходзіць прафілактычная акцыя «Бяспечны абгон».

Санітарнай службай знята з рэалізацыі паўторна на працягу года ў магазіне ІП Ліпніцкай Л. Э. (Дзераўная) 10,4 кг прадуктаў з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці. Вынесена прадпісанне аб прыпыненні эксплуатацыі гандлёвага аб’екта, накладзены штраф у памеры 4200 рублёў.

«Хуткая» атрымала 201 зварот, у тым ліку восем сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *