Дваццаць шэсць гадоў на трактары

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

3-12-10r

У механізатара ААТ «Рубяжэвічы» Сяргея Лабуна звычайная сялянская біяграфія. Уся яго працоўная дзейнасць звязана з мясцовай гаспадаркай. Скончыў школу і працаваў слесарам у калгасе імя Гастэлы. Пасля службы ў арміі тонаўскі хлопец уладкаваўся адразу вадзіцелем. Прафесію гэтую атрымаў у Дзяржынскім ПТВ. Меў і пасведчанне трактарыста – здаў экзамен у Рубяжэвіцкім вучэбна-вытворчым камбінаце, куды разам з хлопцамі ездзілі на практычныя заняткі. А тэорыю па ўстройстве трактароў выкладалі тады ў школе.

Механізатарскі стаж у Сяргея Лабуна складае больш за чвэрць стагоддзя. У дзевяностыя гады перасеў на трактар і дагэтуль працуе.

– Калі брат вярнуўся з арміі, мне прапанавалі перадаць яму аўтамабіль, а самому прыняць трактар, – расказвае Сяргей Іванавіч. – Згадзіўся і ніколькі не шкадую.

Не спантанна прыйшла такая думка кіраўніцтву гаспадаркі. Працавітага і добрасумленнага работніка прыкмецілі і вырашылі даручыць яму адну з самых адказных палявых работ. І Сяргей Лабун стаў сейбітам. Збожжавыя сеяў, кукурузу, травы. А апошнія гады ён больш бывае заняты на нарыхтоўцы кармоў. Цяпер у яго распараджэнні высокапрадукцыйны кормаўборачны камбайн «Джон-дзір».

– Тэхніка добрая, прыемна на ёй працаваць, – вядзе далей размову механізатар. – Толькі даволі далікатная, своечасова трэба яе абслугоўваць, што пастаянна і раблю.

А пачынаў убіраць кармы на нямецкім Е-283, затым даручылі КВК.

У распараджэнні механізатара тры адзінкі тэхнікі. Акрамя кормаўборачнага камбайна, айчынны збожжаўборачны КЗС-1218, а таксама трактар «Беларус». Вясною Сяргей Іванавіч у асноўным рассявае мінеральныя ўгнаенні. А як толькі пачынаецца зялёнае жніво, перасаджваецца на кормаўборачны камбайн, на якім шчыруе, з перапынкам на ўборку збожжавых, да самай позняй восені. Немалая заслуга Сяргея Лабуна ў тым, што сельгаставарыства сёлета выйшла пераможцам раённага і абласнога спаборніцтваў на нарыхтоўцы кармоў. І механізатар у індывідуальным спаборніцтве стаў прызёрам у дзвюх намінацыях: заняў першае месца сярод камбайнераў на нарыхтоўцы кармоў і трэцяе – на ўнясенні мінеральных угнаенняў.

– Заклалі неабходную колькасць кармоў для жывёлы, справіліся сваімі сіламі, – дадае перадавік. – У нас пяць касілак, сярод якіх яшчэ дзве нямецкія самаходныя і сёння на хаду, двое грабляў, і для адвозкі тэхнікі дастаткова. Мой камбайн не прастойваў. Ды і травы параслі добрыя. Многа іх перасеялі летась, сабраўшы папярэдне каменне. Працаваць было адно задавальненне. Кукуруза ўрадзіла, заклалі сіласу ў паўтара раза больш леташняга.

Варта згадаць, што Сяргей Іванавіч практычна ўсю «каралеву палёў» і пасеяў сёлета – 500 гектараў. Як толькі закончыўся сезон корманарыхтовак, Лабун пераключыўся на іншую работу. Арганіку вывозіў на палеткі, салому на ферму дастаўляў. А нядаўна пайшоў у чарговы водпуск. Сказаў, што трэба адпачыць і здароўе паправіць. Напружаная, без выхадных работа, аднімае нямала сіл. Але Сяргей Іванавіч сказаў, што ні на якую другую яе не прамяняе. Ды і заробкі неблагія ў перадавога механізатара. А грошы патрэбны. Дачка вучыцца ва ўніверсітэце, сын атрымлівае другую вышэйшую адукацыю – трэба ім дапамагчы.

Кіраўніцтва гаспадаркі задаволена работай Сяргея Лабуна. Даручаную справу ён заўсёды выконвае своечасова і якасна. Механізатара паважаюць калегі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *