Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

4-12-10t

УМЕЛАЯ І СТАРАННАЯ

З пачатку бягучага года аператар машыннага даення ААТ «Агранёманскі» Рэгіна Лябедзька надаіла ад кожнай каровы сваёй групы па 5292 кілаграмы малака і прыбавіла да мінулагодняга паказчыка 984 кілаграмы. Дабіцца такой высокай прыбаўкі Рэгіне Баляславаўне дазволіла строгае выкананне тэхналогіі кармлення і даення жывёлы, і старанныя адносіны да даручанай справы. Не апошнюю ролю адыгрывае вопыт – у жывёлагадоўчай галіне жанчына шчыруе звыш трыццаці гадоў. А таксама дасканалае веданне ўсяго працэсу работы. Рэгіна Лябедзька мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Вясковая дзяўчына пасля заканчэння школы паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум, дзе атрымала спецыяльнасць заатэхніка. Працавала ў калгасе «Нёман» заатэхнікам-селекцыянерам, брагадзірам малочнатаварнай фермы. Затым – нейкі час даяркай, а перад выхадам на заслужаны адпачынак вырошчвала і даглядала цялушак. Як шматдзетная маці атрымала льготную пенсію – у Рэгіны Баляславаўны сямёра дзяцей. Самы малодшы вучыцца ў выпускным класе, а астатнія ўжо дарослыя. Рэгіна Лябедзька не мясцовая, нарадзілася і вырасла ў Дзераўной. Воляю лёсу апынулася ў прыгараднай гаспадарцы. Пастаянна рупіцца на МТФ «Дразды». Побач з ёю завіхаецца жывёлаводам муж. Добрасумленная працаўніца карыстаецца павагай у калектыве.

 

ПОСПЕХ АБУМОВЯЦЬ ЛЮДЗІ

На малочнатаварных фермах сельгаспрадпрыемстваў раёна з пачатку года надоена 79783,7 тоны малака, што склала 105 працэнтаў да леташняга выніку. Стабільна працуюць жывёлаводы ТАА «СЖК «Налібакі» і ААТ «Каганец», якія маюць неблагія надоі і паступова павялічваюць свае дасягненні. Няблага працуюць вішняўчане, яны практычна скарацілі мінус і настроены надалей павялічваць паказчыкі. Знізілі валавую вытворчасць тры сельгаспрадпрыемствы – ААТ «Жацерава», «Вялікі Двор» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». З гэтых трох гаспадарак толькі велікадворскія працаўнікі, якія прыбавілі ў лістападзе, магчыма выйдуць на леташні паказчык. Страчваюць пазіцыі работнікі фермаў СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», якія за апошні месяц знізілі вытворчасць малака. Як падкрэслівае начальнік аддзела жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Галіна Шуранкова, нягледзячы на пэўныя недапрацоўкі ў малочных цэхах гаспадарак, запланаваны паказчык па надоях малака ад каровы, а гэта 5200 кілаграмаў, будзе сёлета дасягнуты.

У вырошчванні мяса таксама ёсць плён. Толькі два таварыствы спрацавалі ніжэй мінулагодняга ўзроўню – ААТ «Дзераўное і «Рочавічы». Астатнія прыбаўляюць. Добра ідуць справы ў ААТ «Жацерава», дзе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы не апускаліся ніжэй за 600 грамаў. Сёння гэтая гаспадарка мае другі паказчык, услед за «Вялікім Дваром». Палепшыліся справы ў «ААТ «Радзіма Дзяржынскага», дзе вынік перасягнуў 500 грамаў. У лістападзе з вялікім мінусам спрацавалі жывёлаводы СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс».

Зімоўка на фермах сельгаспрадпрыемстваў ідзе планамерна. Наладжана кармленне. Для жывёлы рыхтуюцца кармасумесі. Няма вострай праблемы з камбікармамі. Павялічваецца пагалоўе буйной рагатай жывёлы, таму з даведзеным райвыканкамам заданнем гаспадаркі сёлета справяцца. Перад жывёлаводамі пастаўлена задача і надалей павялічваць вытворчасць малака і мяса, павышаць якасць прадукцыі. І яе выкананне будзе залежаць у першую чаргу ад саміх людзей.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *