Ініцыятыва, вартая ўвагі

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

У рэдакцыю прыйшоў з ініцыятывай Міхаіл Мазур, у нядаўнім мінулым – старшыня раённай арганізацыі інвалідаў. Ініцыятыва гэтая мае сваю гісторыю, што і пацвярджае прынесены ім архіўны дакумент – пратакол аднаго з пасяджэнняў прэзідыума Стаўбцоўскага раённага савета ветэранаў вайны і працы, датаваны 2 лістапада 1987 года.

Першае пытанне павесткі дня на гэтым пасяджэнні гучала так: «Аб увекавечанні памяці ахвяраў падпольнага руху ў горадзе Стоўбцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны Ланюгова Сямёна Якаўлевіча, Гарачава Глеба Сяргеевіча і Тамілоўскай Зоі Аляксандраўны».

Тадышні старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы Сямён Міхайлавіч Данілаў падтрымаў ініцыятыву гарадскога савета ветэранаў вайны і працы, шэрагу таварышаў па падпольнай рабоце і ўнёс прапанову – звярнуцца з хадайніцтвам у раённы камітэт КПБ і выканкам раённага Савета народных дэпутатаў аб занясенні ў спісы загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны на плошчы Бессмяротнасці ў г. Стоўбцы прозвішчы ахвяраў падпольнага руху ў г. Стоўбцы С. Я. Ланюгова, Г. С. Гарачава і З. А. Тамілоўскай. Акрамя таго, прапаноўвалася ўстанавіць на будынку былога шпіталя для ваеннапалонных (цяперашні будынак друкарні) мемарыяльную дошку з наступным надпісам: «У гэтым будынку ў 1941-1944 гадах размяшчаўся шпіталь для савецкіх ваеннапалонных, у якім працаваў адзін з арганізатараў падпольнага руху ў г. Стоўбцы, ваенны ўрач падпалкоўнік медыцынскай службы Ланюгоў Сямён Якаўлевіч». У падтрымку С. М. Данілава тады выказаліся і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, аўтарытэтныя ў горадзе людзі – К. М. Буднікаў, А. Д. Андрэеў, А. І. Ляцко, В. І. Башарымаў.

Прапанова, у тым ліку і адносна ўстанаўлення на будынку былой друкарні мемарыяльнай дошкі, была цалкам адобрана, што і знайшло адлюстраванне ў пастанове пасяджэння прэзідыума.

Пра тое, які подзвіг здзейсніў С. Я. Ланюгоў і іншыя падпольшчыкі, у некалькіх словах не скажаш – пра гэта падрабязна расказвае даследчык і краязнавец Аляксандр Турко ў кнізе «Памяць. Стаўбцоўскі раён» (стар. 356-359).

Разам з тым, прапанова ветэранаў вайны адносна мемарыяльнай дошкі да гэтай пары застаецца на паперы… Магчыма, віной таму стаў той супярэчлівы час – якраз разваліўся Савецкі Саюз, ніхто не мог прадбачыць, што будзе заўтра… Аднак сваёй актуальнасці, як лічыць Міхаіл Мазур, гэтая прапанова не страціла і сёння. Наадварот, гады ідуць, няўмольна сыходзіць у вечнасць пакаленне пераможцаў, а чалавечая памяць не здольна захоўваць гісторыю без матэрыяльных аб’ектаў.

– Калісьці мы збіралі матэрыял для будучага музея, – разважае Міхаіл Мазур. – У Стоўбцах пакуль няма музея, не так шмат і памятных месцаў. Сярод іх, безумоўна, – плошча Бессмяротнасці, дзе ўвекавечаны імёны герояў мінулай вайны. Патрэбна і мемарыяльная дошка на будынку ў зручным грамадскім месцы, дзе штодзень бывае вялікая колькасць жыхароў і гасцей раёна. Такім чынам кожны сярод будзённай мітусні міжволі дакранецца да нашай велічнай гісторыі. Тут жа можна прадугледзець магчымасць для ўшанавання памяці герояў – для ўскладання жывых кветак і т. п.

У будынку, пра які ідзе размова, сёння месціцца не толькі друкарня, а і шмат іншых устаноў і раённых службаў і, бадай, ці не ўсе грамадскія арганізацыі раёна: БРСМ, савет ветэранаў, таварыства інвалідаў, райкам КПБ, «Белая Русь». Кожная з «прапісаных» тут грамадскіх арганізацый магла б годна заявіць пра сябе, а менавіта давесці да канца справу з мемарыяльнай дошкай, распачатую ветэранамі вайны яшчэ напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя. А прыклады паспяховага ўвасаблення грамадскай ініцыятывы на Стаўбцоўшчыне ёсць. Такім спосабам быў абноўлены помнік у гонар загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў, жыхароў Стаўбцоўшчыны, брацкая магіла савецкіх воінаў і партызанаў у Наваколасаве і інш. Міхаіл Мазур прыгадвае, што з дапамогай грамадскасці, у прыватнасці на сродкі ветэранаў вайны, у свой час быў адрэстаўрыраваны помнік Леніну ў Стоўбцах.

Нашаму гораду Міру, а таксама будынку, дзе месцяцца друкарня і іншыя ўстановы, надала б значнасці яшчэ адна шыльда – мемарыяльная.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *