Квітней сярод школаў іншых

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

5-12-10%d0%b0

Сёння, 10 снежня, Мікалаеўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Якуба Коласа святкуе 150-годдзе пачатку адукацыі ў мясцовасці. З гэтай нагоды мы даём слова выпускніцы 1975 года Мікалаеўшчынскай школы, а цяпер – дырэктару гэтай навучальнай установы Ліліі Кротавай.

…У 1866 годзе ў бедным, закінутым сяле, дзе налічвалася каля 100 драўляных хат, адбылася важная падзея – упершыню адкрылася школа. У «Памятнай кнізе Віленскай вучэбнай акругі на 1874 г.» запісана: «Никольское народное училище Старосверженской волости открыто в 1866 году. Помещается в церковном доме бесплатно. На содержание училища отпускается 100 рублей из суммы управления Виленского округа и 56 рублей из процентов пожертвованного московскими гражданами капитала».

Першай настаўніцай школы была Ганна Знаменская – выхаванка Мінскай школы пачатковай адукацыі. Некалькімі гадамі пазней школа перайшла ў новы будынак. Гэта была невялікая сялянская хата, крытая гонтай. У 1892 годзе ў Мікалаеўшчынскую пачатковую школу паступіў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас).

У перыяд белапольскай акупацыі з 1929 па 1939 г. вучоба вялася на польскай мове. З ліку настаўнікаў таго часу добрую памяць пакінула сярод насельніцтва настаўніца польскай мовы і літаратуры, спеваў Марыя Станішэўская. Яна загадвала школьнай бібліятэкай і далучала вучняў да здабыткаў еўрапейскай і польскай культуры і літаратуры.

З прыходам у верасні 1939 года Савецкай улады ў Мікалаеўшчыне была адкрыта сямігадовая школа, у якой працавала больш за 10 настаўнікаў, палавіна з якіх былі выхадцамі з мясцовага насельніцтва. Сярод іх Міцкевіч Юрый Міхайлавіч, Скарабагаты Мікалай Уладзіміравіч, Скарабагаты Сяргей Адамавіч, Мілюк Міхаіл Паўлавіч, Міцкевіч Уладзімір Іванавіч. Школу наведвалі не толькі дзеці, але і дарослае насельніцтва.

У 1940 годзе дзяржава выдзеліла сродкі для будаўніцтва ў Мікалаеўшчыне тыповага будынка сярэдняй школы. Да чэрвеня 1941 года былі ўзведзены сцены першага паверха, але перашкодзіла вайна. У пачатку вайны будынак былой сямігодкі згарэў, але навучанне працягвалася і падчас акупацыі. Спачатку заняткі праходзілі ў кашарах (былой казарме польскіх пагранічнікаў), а калі і яны згарэлі, дзеці вучыліся па хатах.

Навучанне ажыццяўлялі мясцовыя настаўнікі, сярод якіх выдзяляўся настаўнік мовы і літаратуры Міцкевіч Ігнацій Юр’евіч, чалавек інтэлігентны і высокаадукаваны. Ён у 1914 годзе закончыў у Маскве ўніверсітэт імя Шаняўскага. Па яго ініцыятыве і пры падтрымцы Якуба Коласа будынак школы быў дабудаваны. У 1949 годзе адбыўся першы выпуск Мікалаеўшчынскай дзесяцігодкі. Удзячныя мікалаеўцы назвалі сваю школу імем славутага земляка Якуба Коласа.

Мікалаеўшчынская сярэдняя школа імя Якуба Коласа атрымала светлы двухпавярховы будынак з адзінаццаццю класнымі пакоямі, спартыўнай залай, бібліятэкай, фізічным і хімічным кабінетамі. Паслядоўнікамі Ігнація Юр’евіча па кіраўніцтве школай былі Зуськоў Канстанцін Аляксандравіч, Гарнак Мацвей Паўлавіч, Новікаў Аляксей Васільевіч. З 1962 па 1998 год школу ўзначальваў заслужаны настаўнік БССР Камёнка Аркадзь Іосіфавіч. За працяглы час яго працы педкалектыў дасягнуў значных поспехаў, а школа набыла шырокую вядомасць.

У 1963 годзе быў адкрыты школьны музей Якуба Коласа, які штогод наведвала каля 3-5 тысяч экскурсантаў. У 1964 годзе на базе школы створана літаратурнае аб’яднанне «Маладыя каласкі», якое дало краіне таленавітых паэтаў і празаікаў. У ліку першых у рэспубліцы ў 1967/1968 навучальным годзе школа ўзяла курс на паглыбленае вывучэнне беларускай мовы і літаратуры, Коласавай спадчыны. У 2006 годзе да святкавання 140-гадовага юбілею ўстановы адукацыі ва ўрачыстай абстаноўцы сын народнага песняра Якуба Коласа Міхась Міцкевіч адкрыў этнаграфічна-літаратурны музей «Спадчынны куток». З 2010 года ў школе працуе філіял музычнай школы па класах фартэпіяна, баяна, гітары, вакала, танца.

У 2014 годзе ў сувязі з рэарганізацыяй школа атрымала статус дзяржаўнай установы адукацыі «Мікалаеўшчынскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Якуба Коласа».

Прыгожая сама па сабе, яна асветлена імёнамі выдатных людзей, якія жылі, працавалі і вучыліся тут. Дастаткова назваць імёны Якуба Коласа, Язэпа Лёсіка, Аляксандра Сянкевіча, Паўла Дземідовіча – беларускага этнографа і фалькларыста, каб пераканацца ў гэтым. Па ініцыятыве заслужанага настаўніка БССР Семянякі М. А. пры школе быў адкрыты філіял Стаўбцоўскай спартыўнай школы. Яго выхаванцы Дзмітрый Крывель, Мікалай Біруля, Ірына Бузуноўская сталі майстрамі спорту па лыжах. Майстрам спорту па вольнай барацьбе, чэмпіёнам БССР стаў выпускнік школы Іван Лосік.

Пачынаючы з 1949 года ў школе было 68 выпускаў, пуцёўку ў жыццё атрымалі больш за 1500 выпускнікоў. Сярод іх шмат вучоных, спартсменаў, дактароў, выкладчыкаў ВНУ, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, афіцэраў, інжынераў, музыкантаў, паэтаў, проста добрых, працавітых і шчырых людзей, якія праславілі сваю школу і вёску. Больш за 100 выпускнікоў сталі настаўнікамі, многія з іх працавалі і працуюць у роднай школе.

У розны час у школе вучыліся чатыры акадэмікі. Гэта Якуб Колас, Лёсік Язэп Юр’евіч, Ксяневіч Іван Паўлавіч – доктар тэхнічных навук, лаўрэат дзяржаўнай прэміі СССР за распрацоўку новай мадэлі трактара МТЗ-80, Атрушкевіч Аркадзій Анісімавіч – доктар тэхнічных навук, прафесар, акадэмік РАН, генеральны дырэктар завода «Фесткал» города Новакузнецка.

Дактарамі навук сталі: Міцкевіч Мікалай Іванавіч – доктар педагагічных навук, Аношка Марыя Пятроўна – доктар геолага-мінералагічных навук, Мароз Валянціна Канстанцінаўна – доктар філалагічных навук, Міцкевіч Лідзія Яўгеньеўна – доктар гістарычных навук. Пяць выпускнікоў школы сталі кандыдатамі навук у розных галінах навукі. Гэта Міцкевічы Анатоль Міхайлавіч і Уладзімір Аляксандравіч, Мархель Уладзімір Міхайлавіч, Суднік Казімір Антонавіч, Камёнка Людміла Аркадзьеўна. Гонарам і славай школы з’яўляюцца паэты і празаікі: Якуб Колас, Антось Галіна, Язэп Лёсік, Аляксандр Сянкевіч, Алесь Рыбак, Мікола Маляўка, Уладзімір Мархель, Алесь Камароўскі, Яўген Хвалей, Дзмітрый Дземідовіч, Сымон Белы, Ніяна Загарэўская і іншыя.

Праца педагагічнага калектыву была заўважана: у школе часта праводзіліся разнастайныя семінары, абагульняўся вопыт работы многіх настаўнікаў. Два настаўнікі Семяняка М. А. і Цвірка Л. М., а таксама дырэктар школы Камёнка А. І. атрымалі званне «Заслужаны настаўнік БССР», многія ўзнагароджаны значком «Выдатнік народнай асветы», граматамі розных узроўняў. Дасягненні педкалектыву адзначаны ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і МА БССР.

Мяняліся кіраўнікі школы, заканчвалі свой працоўны шлях многія настаўнікі. І кожны з іх пакінуў свой яркі след у жыцці школы і добрыя ўспаміны пра сябе ў душах і сэрцах многіх пакаленняў выпускнікоў, маладзейшых калег.

Няўмольна бяжыць час. Многія былыя настаўнікі сёння называюцца ветэранамі і даўно знаходзяцца на заслужаным адпачынку, многіх, на вялікі жаль, ужо няма ў жывых.

Сёння варта ўспомніць былых настаўнікаў пачатковых класаў Камёнка І. А., Дземідовіч Т. Ю., Мацко М. М., Ключнік Г. І., Макарэвіч В. І., Астапкевіч Л. М., якія вучылі дзяцей з першага класа не толькі грамаце, але і любіць, шанаваць сваю Радзіму. На лепшых традыцыях беларускага народа, роднай культуры, літаратуры і мовы, літаратурнай спадчыны землякоў вучылі і выхоўвалі сваіх вучняў настаўнікі мовы і літаратуры Тупяневіч Ю. С., Цвірка Л. М., Сарагавец В. А., Шарпіцкая Н. У., Кобусь В. І., Міцкевіч С. І., Корсік В. М., Корсік С. П., Маслоўская Г. І., Белая М. П., гісторыі і геаграфіі – Нячай Д. І., Камёнка А. І., Цвірка В. М. Цёплых слоў удзячнасці заслугоўваюць настаўнікі дакладных прадметаў Біруля Л. М., Семяняка У. А., Таяноўскі У. У., Белы В. М., Семяняка Т. Ц., Урадава Н. М., Цэлюк Н. І., настаўнікі працоўнага навучання Кобрык В. І., Кобрык Р. І., фізічнага выхавання Семяняка М. А., Зернічэнка А. П., выхавацель прышкольнага інтэрната Кобусь М. У., былыя намеснікі дырэктара па вучэбнай рабоце Нячай Д. І., Цвірка У. М., Корсік С. П.

Асобых слоў удзячнасці заслугоўвае настаўнік замежнай мовы, захавальнік Коласавай спадчыны У. І. Міцкевіч і многія іншыя.

Школа адзначае свой слаўны юбілей. Пройдзены вялікі шлях, якім яна можа па праву ганарыцца. Сёння школа набыла новы статус – школа-сад. Разам з вучнямі 1-11 класаў установу адукацыі наведваюць і дзеці дашкольнага ўзросту. Ва ўстанове працуе новае пакаленне настаўнікаў. Тут, як і раней, пануе дух вялікага Коласа, неруш, крыніца самых светлых пачуццяў і смелых цікавых задум. Нездарма ж у 2016/2017 навучальным годзе калектыў, які з’яўляецца ўдалым спалучэннем мудрага вопыту з маладым запалам, распачаў работу над раённым педагагічным праектам «Сучасныя падыходы да выхавання ў навучэнцаў пачуцця патрыятызму і грамадзянскасці сродкамі вывучэння гісторыка-культурнай спадчыны Якуба Коласа і яго землякоў».

Хочацца пажадаць педагагічнаму калектыву школы дастойна працягваць пісаць новыя старонкі школьнай гісторыі, заўсёды паспяваць за часам, заставацца на ўзроўні яго патрабаванняў.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *