Вытворцы – спажыўцы паліўных рэсурсаў

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Пракуратурай раёна праведзена праверка выканання прадпрыемствамі раёна, якія з’яўляюцца вытворцамі і, адначасова, спажыўцамі паліўна-энергетычных рэсурсаў, патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 ад 14.06.2007 «Аб прыярытэтных накірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы».

Устаноўлена, што ААТ «Торфабрыкетны завод Нёман», ААТ «Навасвержанскі лесазавод» і РУП «Стаўбцоўскае АКС» дапускаюцца парушэнні патрабаванняў заканадаўства, у тым ліку заканадаўства аб захаванасці маёмасці.

Прывядзём прыклады. На ААТ «Торфабрыкетны завод Нёман» побач з канвертарнай лентай, па якой брыкет пастаўляецца ў сховішча, утварыўся слой рэшткаў таўшчынёю 20 см. Згодна з тэхналагічным працэсам, гэтыя рэшткі павінны адпраўляцца на далейшую перапрацоўку. Аднак яны доўгі час не счышчаліся, іх прысыпала снегам, зямлёю. Пад уздзеяннем атмасферных ападкаў, нізкіх тэмператур і павышанай вільготнасці паветра адбываецца іх разбурэнне і пазбаўленне карысных уласцівасцяў.

Акрамя таго, на тэрыторыі завода размяшчаецца на адкрытым паветры кампрэсар з электрарухавіком з элементамі карозіі. Уздзеянне атмасферных ападкаў можа прывесці яго ў непрыдатны для эксплуатацыі стан. У няспраўным стане знаходзіцца і аўтаматычная пажарная сігналізацыя.

На Навасвержанскім лесазаводзе не абсталявана спецыяльная пляцоўка для захоўвання драніцы. Гэты від паліва размяшчаецца на зямлі, без цвёрдага пакрыцця. Пры гэтым няма паветкі ці іншай належнай аховы яго ад уздзеяння атмасферных ападкаў. Кацельня прадпрыемства не ўкамплектавана нарматыўнай колькасцю вогнетушыцеляў.

У Стаўбцоўскім аб’яднанні камунальных службаў, а менавіта на тэрыторыі кацельні ў Заямным, не абсталявана спецыяльная пляцоўка для захоўвання дроў. Як і драніца на лесазаводзе, яны таксама скінуты на зямлю. Захоўваюцца на адкрытым паветры дровы і ў Наваколасаве, хоць там ёсць складское памяшканне. Устаноўлена, што на пажарным шчыце знаходзіцца няспраўны вогнетушыцель.

Па выніках выяўленых парушэнняў пракуратурай раёна кіраўніцтвам ААТ «Торфабрыкетны завод Нёман», ААТ «Навасвержанскі лесазавод» і РУП «Стаўбцоўскае АКС» вынесены прадпісанні.

Сяргей ГРЫЦУК,пракурор раёна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *