Гранулы, якія не грэюць

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

image_pdfimage_print

Камітэтам дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці праведзены пазапланавы маніторынг эфектыўнасці выкарыстання Дзяржынскім, Клецкім і Валожынскім філіяламі ДП «Мінаблпаліва» абсталявання па вытворчасці паліўных гранул (пелет), а таксама прытрымлівання патрабаванняў заканадаўства пры захоўванні гэтай прадукцыі. Устаноўлены шэраг недахопаў, што патрабуюць прыняцця мер рэагавання.

У арандаваных дзяржынскім філіялам памяшканнях у в. Дзямідавічы выяўлена абсталяванне па вытворчасці паліўных гранул, якое не эксплуатуецца з 2014 года, а таксама 56,7 тоны вырабленых гранул з элеватарнага пылу коштам 5,9 тыс. руб. Яны часткова страцілі таварны выгляд (парашковая кансістэнцыя, засмечаная адходамі жыццядзейнасці грызуноў), няўлічаныя збожжавыя адходы (сыравіна для вырабу гранул у канцы 2015 года перададзена сельгаспрадпрыемству «Путчына» і ў далейшым не паступала).

Варта адзначыць, што даныя аб гарантыйных тэрмінах і прадугледжаных умовах захоўвання ўказанай прадукцыі (тэхнічныя прававыя акты) філіялам не прадстаўлены, пры гэтым згодна з пунктам 11 СТБ 2017-2010, гарантыйны тэрмін на гранулы драўнінныя паліўныя – год.

Удакладняем, што кошт камплекта абсталявання для вытворчасці паліўных гранул з саломы, набытага ў жніўні і снежні 2012 г., складаў 1207,6 мільёна недэнамінаваных рублёў, ці больш за 140 тысяч долараў ЗША (па курсе Нацбанка Рэспублікі Беларусь на дату набыцця).

Істотныя затраты Дзяржынскі філіял нясе пры ўтрыманні гэтага вытворчага ўчастка (толькі за 2015 год і 10 месяцаў 2016 г. арэндная плата, зарплата вартаўнікоў і інш. склалі 38 971 руб).

У Клецкім філіяле на 24.11.2016 абсталяванне па вытворчасці паліўных гранул з саломы таксама не выкарыстоўвалася, на складзе знаходзілася 333,1 тоны паліўных гранул з саломы на суму 127,3 тыс. руб. Даныя аб гарантыйных тэрмінах і прадугледжаных умовах захоўвання ўказанай прадукцыі (тэхнічныя прававыя акты) гэтым філіялам таксама не прадстаўлены.

І тут на набыццё абсталявання затрачаны значныя сродкі. Кошт лініі для здрабнення, гранулявання і сушкі саломы (у камплекце), набытай у ліпені 2011 г., складаў 4021,8 мільёна недэнамінаваных рублёў, ці парадку 811 тысяч долараў ЗША.

Аб’ёмы рэалізацыі філіялам указанай прадукцыі штогод зніжаліся (у 2011 г. рэалізавана 55 тон, у 2012 г. – 821,5 тоны, у 2013 г. – 347,7 тоны, у 2014 г. – 190 тон, у 2015 г. – 143,9 тоны, за першае паўгоддзе 2016 г. – 23,3 тоны. Адпаведна зніжаліся і аб’ёмы вытворчасці. Улічваючы пераход філіяла з 2014 года на выпуск паліўных гранул з драўнінных апілак, саламяная сыравіна не нарыхтоўваецца.

На вытворчым участку Вілейскага філіяла ў в. Шылавічы не эксплуатавалася абсталяванне па вытворчасці паліўных пелет з саломы, як і тры прэс-падборшчыкі для ўпакоўкі саломы, набытыя пры рэалізацыі інавацыйнага праекта. У цэху знаходзілася 0,5 тоны пелет з саломы, што страцілі таварны выгляд, на суму 73,22 руб., і 0,4 тоны грануляванага камбікорму. Між тым, кошт лініі па вытворчасці пелет з саломы па кантракце ад 20.05.2013 складаў 48,9 тысячы долараў ЗША (з улікам мантажу, пусканаладачных работ і навучання персаналу).

Паводле звестак кіраўніка Вілейскага філіяла М. М. Раманчыка, адсутнасць попыту на паліўныя пелеты абумовіла пераабсталяванне ў верасні 2014 г. закупленай лініі пад вытворчасць для гранулявання мукі. Разам з тым аб’ёмы вытворчасці філіялам грануляванага камбікорму штогод скарачаюцца (2014 г. – 705,5 тоны, 2015 г. – 653,5 тоны, за першае паўгоддзе 2016 г. – 61,3 тоны). Пры гэтым указанае абсталяванне да цяперашняга часу не ўведзена ў эксплуатацыю ва ўстаноўленым парадку.

Адзіным участкам, які функцыянаваў пры наведванні камітэтам у ходзе маніторынгу, з’яўляўся ўчастак па вырабе паліўных гранул з саломы Валожынскага філіяла ў в. Філіпіняты. У суседніх вёсках пад спецыяльнымі павецямі складзіравалася нарыхтаваная салома.

Кошт тэхналагічнай лініі па вытворчасці паліўных гранул з саломы, набытай у кастрычніку 2011 г., складаў 916,7 мільёна недэнамінаваных рублёў, ці парадку 109,8 тысячы долараў ЗША. Аднак аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі пелет тут таксама скарачаюцца. За 2012 г. выпушчана 601,5 тоны, за 2013 г. – 301 тона, у 2014 г. пелеты не выпускаліся, за 2015 г. – 31 тона, у першым паўгоддзі 2016 г. – 16 тон. У 2012 годзе рэалізавана 587,5 тоны, 2013 г. – 264,9 тоны, 2014 – 15,9 тоны, 2015 г. – 61 тона, за першае паўгоддзе 2016 г. – 14,7 тоны.

Важна адзначыць, што арганізацыя вытворчасці паліўных гранул (пелет) з саломы ажыццяўлялася ў рамках рэалізацыі ДП «Мінаблпаліва» Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады з прадугледжаным выхадам на праектныя магчымасці ў 2012-2013 гадах (выпуск запатрабаванай, экспартаарыентаванай прадукцыі).

Камітэтам дзяржкантролю Мінскай вобласці ўнесены прапановы Мінаблвыканкаму па выпраўленні сітуацыі, у тым ліку належыць вызначыць аб’ёмы і кошт пелет у Дзяржынскім, Клецкім і Вілейскім філіялах, якія страцілі спажывецкія якасці, кампенсацыі прычыненага ўрону за кошт вінаватых асоб, а таксама рэгламентаваць працэс вырабу і рэалізацыі пелет, распрацаваць мерапрыемствы па павышэнні канкурэнтаздольнасці гэтай прадукцыі.

Упраўленне кантролю галін гаспадаркі і грашова-крэдытнай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *