Стараста – правая рука старшыні сельвыканкама

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

«Большасць вяскоўцаў лічыць: усё тое, што служыць для грамадскага карыстання, павінен даглядаць сельвыканкам. Я ж упэўнены: «Ніхто, акрамя нас, не навядзе парадак на могільніку», – разважае стараста вёскі Атцэда Рычард Багдановіч.

Атцэда – вёска добраўпарадкаваная ва ўсіх адносінах, з прыпынкам чыгуначнага транспарту. На яе могільніку з каплічкай, дзякуючы вяскоўцам, наведзены ідэальны парадак. Летась былі зрэзаны ўсе старыя дрэвы. Тэрыторыя не проста абкошана і вычышчана – падабрана кожная галінка, апалы лісток. «Суботнікаў мы фактычна не праводзім – проста падтрымліваем бягучы парадак», – заўважае Рычард Антонавіч.

Увосень ён разам з вяскоўцамі выкапаў у лесе паўтара дзясятка кустоў ядлоўцу. Пасадзілі іх вакол могільніка. Усяго і засталося, што пафарбаваць агароджу. Аднак гэта – план на будучую вясну. «Грошы на фарбу ёсць, – удакладняе стараста. – Я вяду дакладны ўлік сабраных сродкаў і магу даць аднавяскоўцам справаздачу за кожны патрачаны рубель. А як жа інакш?»

2-13-12-14a

Грамадская, на добраахвотных пачатках, пасада – стараста сельскага населенага пункта – патрабуе як даверу людзей, так і скрупулёзнасці, настойлівасці.

– Работа з людзьмі – самая цяжкая. Прыходзіцца прасіць, пераконваць, зацікаўліваць у навядзенні парадку… Але, дзякуй Богу, – людзі ідуць насустрач. Я сам першы паказваю прыклад – іду з сякерай, за мной з касою сын Юрый, сям’я якога жыве разам з намі. І без падтрымкі сельвыканкама не абысціся, – сцвярджае Рычард Багдановіч, у якога вопыт старасты спалучаецца з ранейшым досведам дэпутата сельскага Савета.

У 2013 годзе ўсе дзевяць могільнікаў на тэрыторыі Заямнаўскага сельсавета былі перададзены на баланс аб’яднання камунальных службаў, аднак старшыня сельвыканкама Уладзімір Гарохавік не здымае з сябе адказнасці за парадак на іх. Старасты ў гэтым, ды і ў многіх іншых пытаннях – яго незаменныя дарадцы і надзейныя памочнікі. Вынік такога супрацоўніцтва – відавочны для ўсіх.

Вось і падчас гэтай сустрэчы атцэдаўскі стараста, заклапочаны агульным выглядам сваёй роднай вёскі, падказвае старшыні сельвыканкама адрасы тых домаўладанняў, дзе патрэбна ўмяшальніцтва мясцовай улады. На шчасце, у Атцэдзе закінутых і занядбаных дамоў нямнога. Больш дбайных гаспадароў, такіх, як сем’і Аляксандра Бараноўскага, Яўгена Жыбуля, Ванды Жывіцкай, Антаніны Сімаковіч і многіх іншых. Пахваліў работу вадзіцеля аўталаўкі Міхаіла Шастака, які можа даставіць любы тавар на заказ, і дарожнікаў ДРБУ № 135 за якаснае грэйдзіраванне вуліц. Без збояў, па графіку курсіруе машына, якая збірае ад вяскоўцаў цвёрдыя бытавыя адходы.

З Атцэды накіруемся ў яшчэ адну невялікую вёску Заямнаўскага сельсавета – Баханы, дзе ў бягучым годзе, дзякуючы ў першую чаргу ініцыятыўнаму старасту Мікалаю Бохану, зроблены вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні могільніка. Сельвыканкам дапамог з афармленнем дазволу, каб выразаць там усе старыя дрэвы. Стараста сабраў у вяскоўцаў грошы і арганізаваў работу брыгады з піламі. Прыйшлося добра пашчыраваць тут пасля работы ў лясніцтве Аляксандру Сідорыку, Юрыю Сідорыку, Сяргею Пяткевічу і Анатолю Сахару.

– Па нашым могільніку было не прайсці – стаяў «лес», – параўноўвае Мікалай Бохан, – а як выразалі ўсё лішняе, то змяніўся выгляд, адкрыліся і старыя пахаванні. Агульнымі намаганнямі, за сродкі вяскоўцаў і сельвыканкама, агарадзілі могільнік. Падчас суботнікаў навялі парадак.   

На рахунку старасты з Баханоў  – і яшчэ адна святая справа – адкрыццё ў вёсцы  помніка ў гонар загінуўшых у Вялікую Айчынную воінаў-землякоў. Тэрыторыю вакол помніка вяскоўцы таксама падтрымліваюць у чысціні. Раней, у ліку першых у раёне, у невялікіх Баханах быў адкрыты  Дом сацыяльных паслуг. Сюды прыязджае бацюшка, вяскоўцы збіраюцца, каб абмеркаваць агульныя праблемы, у чаканні аўталаўкі. У свой час яны замянілі ў гэтым доме за ўласныя сродкі электраправодку, зрабілі новую печ. Сучасныя патрабаванні дыктуюць неабходнасць устаноўкі аўтаномнай пажарнай сігналізацыі. Вяскоўцы параіліся і прыйшлі да высновы, што такія выдаткі ім не па кішэні. Яны хацелі б замацаваць гэты дом за царквою. Ад імя вяскоўцаў рашэнне гэтага пытання Мікалай Бохан шукае разам з сельвыканкамам.

Пажылыя баханоўцы, ва ўсім прыслухоўваючыся да думкі старасты, не адмаўляюцца ад прагрэсу: у 2013 годзе правялі ў свае дамы прыродны газ, нядаўна ў вёсцы з’явіліся дзве кантэйнерныя пляцоўкі для збору цвёрдых бытавых адходаў. «Усім зручна», – перадае настрой людзей стараста.

А што на ўласнай сядзібе Мікалая Бохана? Як і ў старасты з Атцэды Рычарда Багдановіча, у яго – узорны парадак, нягледзячы на тое, што пасля смерці жонкі жыве адзін (дзеці і ўнукі – у Стоўбцах, Коласаве і Яблынаўцы). Працягвае трымаць гаспадарку. На ягоным двары – трактар. У сезон вяскоўцы звяртаюцца па дапамогу ў апрацоўцы прысядзібных участкаў. Тэхніку  рамантуе сам – вядома, адпрацаваў механізатарам у калгасе 41 год!

Заўважым, што старасты Атцэды і Баханоў  – не проста свае, карэнныя ў вёсцы, а людзі дзелавітыя, актыўныя, якія глядзяць і бачаць значна далей уласнага двара. «Старасты – правая рука старшыні сельвыканкама?» – запытала я ў старшыні Заямнаўскага сельвыканкама Уладзіміра Гарохавіка. Адказ быў сцвярджальны.

НА ЗДЫМКАХ: спяшаецца да аднавяскоўцаў стараста з Атцэды Рычард Багдановіч; ёсць што абмеркаваць старшыні Заямнаўскага сельвыканкама Уладзіміру Гарохавіку (справа) са старастам вёскі Баханы Мікалаем Боханам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *