Сям’я – лепшы прытулак у свеце

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Кожны з нас з вялікай любоўю і пашанай ставіцца да сваёй роднай хаты і сям’і. Бо дом лічыцца ўласнай крэпасцю, дзе можна схавацца ад любых жыццёвых нягод, а родныя людзі заўсёды зразумеюць і падтрымаюць у цяжкую хвіліну. Гэта і ёсць сям’я. І роля яе для кожнага велізарная. Бо з сям’ёй звязаны першыя адчуванні і ўяўленні чалавека, калі ён толькі пачынае ўсведамляць навакольны свет. Таму звычайна ад таго, якая ў чалавека была сям’я, залежыць і тое, якім ён стаў.

Асаблівую ўвагу хочацца звярнуць на шматдзетныя сем’і. Яны заслугоўваюць вялікай пашаны. Гледзячы на іх, я заўсёды адчуваю цеплыню, спакой, які, як мне здаецца, існуе ў іх сем’ях.

На базе стаўбцоўскай дзіцячай бібліятэкі імя Якуба Коласа ўжо 12 гадоў існуе грамадскае аб’яднанне «Шматдзетная сям’я». Многія гады яго ўзначальвае маці пяцярых дзяцей, бібліятэкар чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі Алена Асаёнак. За ўсе гады існавання ў гэтае аб’яднанне ўваходзіла 107 сямей. Зараз яе членамі з’яўляюцца 23 сям’і, у якіх выхоўваюцца 76 дзяцей. У аб’яднанні «Шматдзетная сем’я» ёсць свае традыцыі. Кожны год яны абавязкова адзначаюць такія святы, як Каляды, Дзень сям’і, Дзень абароны дзяцей, Дзень ведаў, Дзень маці.

Праводзяцца розныя конкурсы. Так, у мінулым годзе прайшоў конкурс закатак. У рамках конкурсу жанчыны дэманстравалі свае кулінарныя нарыхтоўкі, спрабавалі іншыя, дзяліліся рэцэптамі. У гэтым годзе прайшоў конкурс «Красна изба пирогами» – свята выпечкі. Для дзяцей была арганізавана спецыяльная гульнявая праграма. У арганізацыі мерапрыемстваў асобую падтрымку аказвае «Беларускі фонд міру» і  Ж. І. Лысая, якая ўзначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Напярэдадні навагодніх і калядных святаў для дзяцей абавязкова закупляюцца білеты на мерапрыемствы.

Алена Міхайлаўна гаворыць: «Галоўная задача аб’яднання «Шматдзетная сям’я» – змяніць стэрэатып аб тым, што шмат дзяцей – значыць матэрыяльна незабяспечаныя. Усе дзеці вельмі таленавітыя, сярод іх шмат удзельнікаў і лаўрэатаў шматлікіх конкурсаў. Трэба адзначыць, што музычная школа для дзяцей са шматдзетных сем’яў бясплатная. Гэта вельмі добрая магчымасць для тых, у каго адразу навучаецца некалькі дзяцей.  Яшчэ адной задачай нашага аб’яднання з’яўляецца выхаванне гарманічных людзей, і фізічна, і маральна. Большая частка сем’яў наведвае спартыўны цэнтр, шмат дзяцей займаецца ў спартыўных секцыях».

Родныя людзі – гэта падарунак лёсу, які мы павінны шанаваць. А сям’я – наш надзейны прытулак у вялікім, не заўсёды лагодным свеце. І кожны з нас абавязкова павінен уносіць хоць невялікі ўклад у шчасце сваёй сям’і.

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *