Дар жыцця

Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

6-13-12-14s

Мікола Маляўка – адзін з самых таленавітых сучасных паэтаў Беларусі. Два дзясяткі кніг важка леглі ў скарбонку беларускай літаратуры. Яго вершы і санеты – у шматлікіх зборніках, у чытанках для малодшых і старэйшых класаў, многія перакладзены на замежныя мовы. За яго плячыма – багаты жыццёвы вопыт: праца ў Карэліі, студэнцтва, армія, настаўніцтва, нясвіжская раённая газета, рэспубліканскае радыё і тэлебачанне, амаль дваццаць гадоў – часопіс «Вясёлка». Паэзія яго – вобразная, зямная, слова – выверанае і ёмкае. Многія вершы яго хочацца перачытаць яшчэ раз, а некаторыя – вывучыць на памяць. Ён – лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў, спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «Мастацкая літаратура». Вытокі натхнення Міколы Маляўкі – родны кут, дарагія сэрцу мясціны, апетыя Якубам Коласам.

Дзе корань слова? Дзе яго выснова?

Шукай не ў слоўніках жывое слова,

А ў лес ідзі, на кургане пастой,

Паслухай, як маркоціцца крыніца:

Зямля бацькоў – адвечны слоўнік той,

Дзе ўсё цвіце, спявае, каласіцца.

Адну кнігу хочацца адзначыць асабліва. Гэта зборнік санетаў «Старая зямля» – своеасаблівы літаратурны помнік адной вёсцы, роднай Мікалаеўшчыне, яго землякам, працавітым, таленавітым і дасціпным. Гэта кніга – паўтысячы санетаў – пішацца, як я ведаю, і сёння.

Не верыцца, што яму – 75. Мікола – малады, па-сапраўднаму рухавы, ён – то на Нёмане на рыбалцы, то ў лесе ў грыбах і ягадах. Зычу табе, дарагі дружа, моцнага здароўя, новых кніг, бо твой дар – ад роднай зямлі, ад Бога!

Алесь КАМАРОЎСКІ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *