Бяспека ў нашых руках

Нумары Соцыум

ІНТЭРНЭТ-МАХЛЯРЫ

У апошнія гады актуальнасць набываюць пытанні абароны ад крадзяжоў грашовых сродкаў з выкарыстаннем мабільнай сувязі, найперш інтэрнэту.

Не палохае зламыснікаў і крымінальная адказнасць, прадугледжаная за махлярства па арт. 209 КК Рэспублікі Беларусь у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да дзесяці гадоў з канфіскацыяй маёмасці. За распрацоўку, выкарыстанне ці распаўсюджванне праграм, што наносяць шкоду, па арт. 354 КК – да двух гадоў пазбаўлення волі.

Для таго каб не стаць ахвярай махляроў, неабходна мець уяўленне пра іх магчымыя дзеянні, а таксама ведаць спосабы абароны. Скажам, вы атрымалі пісьмо ці паведамленне аб тым, што выйгралі прыз. І каб яго атрымаць, маўляў неабходна спачатку адправіць бясплатнае SMS на ўказаны кароткі нумар. Не спяшайцеся выконваць атрыманыя інструкцыі, бо гэта пагражае зняццем з рахунку вашага тэлефона значнай сумы. Можна ўдакладніць кошт адпраўкі паведамлення шляхам уводу ў «поисковик» адпаведнага запыту.

На сайтах знойдзецца шмат прапаноў. Дастаткова, абяцаюць, укласці, 10 долараў, а праз некалькі тыдняў атрымаеце 1000. Не варта верыць такім паведамленням, свае грошы вы ўжо не вернеце.

Вы не можаце зайсці на сваю старонку ў сацыяльных сетках (Одноклассники, МойМир, Вконтакте) і інш., і на маніторы ў вас з’явілася паведамленне аб тым, што старонка заблакіравана, а для яе разблакіравання неабходна адправіць SMS на пэўны тэлефонны нумар. Не варта гэтага рабіць, проста звярніцеся ў групу падтрымкі, адкуль вам бясплатна вышлюць даныя для ўваходу на старонку. За адпраўку ж SMS з вашага рахунку здымуць немалую суму.

Пры выбары размешчаных на сайце вакансій не варта спяшацца званіць на ўказаны ў аб’яве нумар тэлефона, калі аператар мабільнай сувязі ў гэтым нумары незнаёмы, лепш увесці ў пошукавую сістэму запыт аб кошце званкоў на такія нумары. Звычайна гэта вельмі дарагія званкі.

Праз інтэрнэт ваша аперацыйная сістэма можа падхапіць вірус, напрыклад блакіроўшчыка Windows. Пасля перазагрузкі камп’ютара сістэма блакіруецца і на экране манітора з’яўляецца паведамленне: «Тэрмінова адпраўце SMS на пэўны нумар, інакш усе даныя будуць знішчаны». Код разблакіроўкі можна знайсці ў пошукавых сістэмах ці ў вытворцаў антывірусаў на сайце. За адпраўленае паведамленне з вашага асабістага рахунку здымаецца немалая сума.

На маніторы з’яўляецца акно: «Ваш камп’ютар заблакіраваны». Для зняцця блакіроўкі вам неабходна заплаціць штраф у памеры пэўнай колькасці рублёў з пераводам іх на электронны кашалёк «Веб-мані»… Карыстальнікам належыць ведаць, што праваахоўныя органы не рассылаюць паведамленняў аб неабходнасці аплаты штрафаў і не блакіруюць аперацыйныя сістэмы. Гэта справа рук махляроў.

Купляючы мабільныя тэлефоны «з рук», людзі рызыкуюць набыць заражоны вірусам апарат, які пры яго выкарыстанні па прызначэнні будзе тайна ажыццяўляць аўтадазвон на зададзены нумар, з асабістага рахунку карыстальніка будуць спісвацца грошы. Купляйце тэлефоны толькі ў афіцыйных прадстаўнікоў.

Купляючы тавары і заказваючы паслугі праз сацыяльныя сеткі з папярэдняй аплатай, вялікая верагоднасць стаць ахвярай махляроў. У даным выпадку не лішнім будзе вывучыць водгукі аб прадаўцу ў Інтэрнэце.

Міхаіл МІГУРА, начальнік крымінальнай міліцыі Стаўбцоўскага РАУС

 

ВЫЛІЧЫЦЬ ЗЛАЧЫНЦУ… ПА ВОЛАСЕ

У Стаўбцоўскім міжраённым аддзеле Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь звяртаюць увагу на сучасныя магчымасці судэкспертаў, якія істотна дапамагаюць раскрываць злачынствы.

– Кожны чалавек, нават не падазраваючы аб гэтым, пакідае пасля сябе сляды. Навука сягнула настолькі далёка, што, да прыкладу, па адным толькі валаску ці павейцы можна многае расказаць пра асобу ахвяры ці злачынцы. Адпаведным сучасным абсталяваннем аснашчаны лабараторыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь. Адбіткі пальцаў і падэшваў, страляныя гільзы ды розны біялагічны матэрыял спачатку дапамогуць вылічыць злачынцу, а потым паслужаць доказамі яго віны ў судзе, – расказвае начальнік аддзела медыцынскіх судовых экспертыз Яўген ТРЭЙСЦЕР.

– Яўген Уладзіміравіч, прабачце, але большасць з нас уяўляюць будні вашай службы па айчынных і замежных серыялах…

– У мяне гэта выклікае па меншай меры ўсмешку. Мы працуем з рэчавымі доказамі, праводзім усемагчымыя даследаванні. Безумоўна, укараняем у практычную дзейнасць новыя экспертна-крыміналістычныя сродкі і метады. Нашы веды ў вобласці крыміналістыкі неабходны ў першую чаргу пры раскрыцці і расследаванні злачынстваў, накіраванні крымінальнай справы ў суд і т. п. Часта задача заключаецца ў тым, каб не дапусціць асуджэння невінаватага чалавека.

– У апошнія гады шмат гавораць пра геном і геномную экспертызу.

– Любы аб’ект, рэчыва ды якая-небудзь на першы погляд нязначная дробязь могуць стаць улікай або «рэчдокам». Геномная экспертыза аказвае ў гэтым вялікую дапамогу. Вывады генетыкаў-экспертаў нярэдка становяцца асновай абвінавачвання. Злачынец нават не здагадваецца, што яго «геніяльны» план у далейшым раскрыецца, – з-за мікракавалачка пазногця ці воласа, які ўпаў. У далейшым будуць прызначаны і праведзены судова-медыцынскія, біялагічныя, хімічныя, крыміналістычныя, тэхнічныя і іншыя віды экспертыз, па выніках якіх і будзе ўстанаўлівацца віна, поўная або частковая, канкрэтных асоб.

– Злачынцы хочуць выйграць час, а таму нярэдка «замятаюць» сляды сваіх дзеянняў. Або, напрыклад, імітуюць пажар, самагубства і т. п. Можна прывесці сітуацыі з жыцця?

– Іншым разам адбываецца імітацыя самагубства, прычым такім спосабам, які без спецыяльных даследаванняў не можа быць выяўлены. Важна, якім чынам завязана пятля, з чаго яна зроблена, на якой вышыні цела над узроўнем зямлі, якія цялесныя пашкоджанні. Злачынец не можа ўлавіць усе нюансы, на якія спецыяліст абавязкова зверне ўвагу пры правядзенні даследаванняў.

Канкрэтных прыкладаў з жыцця – больш чым дастаткова. Прывяду такія, якія сведчаць: улікі не знікаюць. Так, згарэў прыватны дом, а ў ім былі знойдзены абгарэлыя целы дваіх – мужчыны і жанчыны. Справа была зімою, таму першае, аб чым падумалася, – гэта пажар. Яго магла выклікаць няспраўная печ або электраправодка… Аднак пры аглядзе трупаў былі знойдзены на шыі памерлых рэзаныя раны, якія і з’явіліся прычынай іх смерці. Пажар, як высветліла следства, – быў для адводу вачэй. Міліцыя ўжо праз дзень затрымала датычнага да гэтай трагедыі.

Яшчэ адзін прыклад. На возеры ўсплыў труп дзяўчыны. Ён быў абвязаны ланцугом, да якога для цяжкасці прымацавалі блін штангі. Першае, што не ўлічылі злачынцы, – пэўныя біяхімічныя рэакцыі, якія адбываюцца ў вадзе з целам. Другое – пры вывучэнні матэрыялу даследавання (яго праводзіў адзін з найбольш вопытных экспертаў краіны Міхаіл Цывес) у крыві тапельніцы было выяўлена снатворнае. Гэта і стала разгадкай карціны. А яна аказалася злачыннай: крымінальная група абрабавала ў Маскве банк, хавалася ў Любанскім раёне, на радзіме аднаго са зладзеяў, а калі стала дзяліць нарабаванае, узніклі спрэчкі. Кампаньёнцы падсыпалі ў каву снатворнага, а затым вывезлі на возера і, абвязаўшы ланцугом (спадзяваліся, што груз, прывязаны да цела, пацягне ахвяру на дно), скінулі ў ваду…

– Крымінальныя гісторыі сведчаць аб тым, што работа судовага эксперта вымагае асаблівай педантычнасці, логікі, ведаў. Яна прызвана аказаць дапамогу следчаму. Якое аснашчэнне для гэтага прадугледжана?

– Сапраўды, калі на кану стаіць лёс чалавека, мы не маем права на памылку. На месцы здарэння працуем незалежна, як любая іншая працэсуальная асоба. Фіксуюцца ўсе абставіны здарэння, выконваецца фотаздымка і самым карпатлівым чынам пакуюцца ўсе рэчавыя доказы. Усе нашы прыстасаванні, метады работы выпрабаваны і добра зарэкамендавалі сябе на практыцы.

Алена ЯЛОВІК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *