Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

3-16-1217b

Прафесійнае свята работнікаў сельскай гаспадаркі было і застаецца для Канстанціна Ліцкевіча, Анатоля Крукава і Аляксандра Лапко (на здымку злева направа), бадай, адным з самых значных у жыцці, бо ўсе яны шмат гадоў адпрацавалі ў сістэме аграпрамысловага комплексу раёна. Канстанцін Дзмітрыевіч, для якога сёлетні год адметны чарговым жыццёвым юбілеем, прайшоў працоўны шлях ад агранома да начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, узначальваў і галіновы прафсаюз работнікаў АПК. Анатоль Міхайлавіч працаваў старшынёй калгаса, кіраваў ветслужбай раёна, быў намеснікам і некаторы час выконваў абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, а пайшоў на заслужаны адпачынак з пасады дырэктара вучэбнага цэнтра. Працоўная дзейнасць Аляксандра Іванавіча доўгі час звязана з ЗАТ «Стаўбцоўскае аграпрамэнерга», дзе ён працаваў галоўным інжынерам, затым – дырэктарам.

Як і ў мінулыя гады, з нагоды свята працаўнікоў вёскі, ветэранаў працы запрасілі на ўрачыстае віншаванне перадавікоў сельскагаспадарчай галіны і перапрацоўчай прамысловасці, якое праходзіла ў Вішнявецкім сельскім доме культуры. Падчас сустрэчы старэйшынам было аб чым успомніць, пагутарыць і аб сённяшніх справах.

 

УСТАНАВІЛІ ПРАГРАМУ

Галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй па насенняводстве, каранціне і ахове раслін распрацавана камп’ютарная праграма рэгістрацыі адміністрацыйных працэдур. У жніўні гэтую праграму ўстанавіла і наша раённая інспекцыя.

– З яе дапамогай стала зручней працаваць, – гаворыць начальнік Стаўбцоўскай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Таццяна Шапецька. – Калі раней мы выпісвалі пасведчанне «Аб якасці насення сельскагаспадарчых раслін», якое ўключае ў сябе такія параметры, як усходжасць, вільготнасць, наяўнасць пустазелля і шкоднікаў і інш., уручную, то цяпер гэта выконваецца з дапамогай камп’ютара. Мы заносім у электронную картатэку наяўнасць у гаспадарках уласнага насення, а таксама нумар партыі і колькасць насення, якое паступіла, а пасля праведзенай сяўбы падсумоўваем вынікі.

Варта дадаць, што ўсю праведзеную спецыялістамі інспекцыі работу без праблем і ў любы момант можа адсачыць і вышэйстаячая інстанцыя.

 

ПАД МАБІЛЬНУЮ РАЗДАЧУ

На МТФ «Шахноўшчына» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ў рамках мадэрнізацыі вытворчасці праведзена маштабная рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання. Выкананы вялікі аб’ём работ. У адной палове памяшкання цяпер утрымліваюцца сухастойныя каровы, для якіх абсталявана радзільнае аддзяленне, а ў другой стаяць цяляты да шасцімесячнага ўзросту. Дзякуючы праведзенай рэканструкцыі ўсюды зроблены кармавыя сталы пад мабільную раздачу кармоў, а таксама ўстаўлены новыя полікарбанатныя вокны. Устаноўлены і паілкі з падагрэвам вады, зманціравана энергазберагальнае асвятленне. Заменена таксама металічная агароджа, зроблены новыя клеткі для цялят, а для сухастойных кароў абсталяваны выгульны двор.

Брыгадзір фермы Ганна Атрушкевіч гаворыць, што жывёлаводы задаволены, бо пасля праведзенай рэканструкцыі людзям стала лягчэй – зменшылася ручной працы. Аднак будаўнічыя работы на гэтым не завершацца. У наступным годзе плануецца замяніць тут і дах – пакласці празрысты шыфер.

 

САБРАНА ЗВЫШ 210 ТОН

Змяншэнне кароў на падвор’ях вяскоўцаў пацягнула за сабою і зніжэнне колькасці малака, якое закупляецца ў насельніцтва. Тэндэнцыя гэтая, на жаль, працягваецца. Не стаў выключэннем і бягучы год. Малаказборшчыкамі раёна сабрана сёлета звыш 210 тон малака – гэта 70 працэнтаў да мінулагодняга паказчыка. У Мікалаеўшчынскім сельсавеце закуплена больш за іншых, каля 80 тон – практычна трэцяя частка ад усяго сабранага па раёне малака. У трох сельсаветах – Заямнаўскім, Навасвержанскім і Налібацкім – малако зараз не закупляецца.

 

ПАСТАВІЛІ НА ЗАХОЎВАННЕ

Пасля завяршэння азімай сяўбы і зялёнага жніва ўсе складаныя сельскагаспадарчыя машыны ў гаспадарках раёна, акрамя тых, што выкарыстоўваюцца на неадкладных работах, своечасова пастаўлены на зімовае захоўванне. Гэта збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, а таксама апырсквальнікі, сеялкі, плугі, культыватары і іншая тэхніка. Як адзначае намеснік начальніка па механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сяргей Ярмаковіч, усюды вытрыманы неабходныя правілы яе пастаноўкі. Наведзены і парадак на мехдварах: вывезены металалом, пафарбаваны майстэрні, дзе трэба, устаўлены новыя вокны. Уражанне складваецца неблагое. З году ў год у ліку лепшых мехдвары ААТ «Жацерава» і «Вялікі Двор». Падцягнулася ў гэтым плане інжынерная служба ААТ «Вішнявецкі-агра».

 

АДСТОЙВАЕ ІНТАРЭСЫ ГРАМАДСКІ КАНТРОЛЬ

Адбыўся пленум райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, на якім разгледжана работа па ажыццяўленні грамадскага кантролю за ўмовамі працы і быту на вытворчасці, зніжэння траўматызму ў арганізацыях АПК.

Варта падкрэсліць, што пытанні захавання здароўя працаўнікоў, паляпшэння ўмоў працы і быту, павышэння ўзроўню бяспекі на рабочых месцах былі і застаюцца ў ліку прыярытэтных накірункаў у рабоце прафсаюзных арганізацый аграпрамысловага комплексу раёна. Раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК паслядоўна адстойвае інтарэсы членаў прафсаюза ў плане аховы працы, ажыццяўляючы грамадскі кантроль. На сельгаспрадпрыемствах гэтую работу выконваюць 43 грамадскія інспектары і 24 грамадскія камісіі. Праца гэтых людзей, якія выконваюць немалы аб’ём работ, павінна аплачвацца. Аднак, як падкрэсліла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч, не ўсюды так робіцца. Толькі ў шаснаццаці з дваццаці двух калектыўных дагавораў занатавана праводзіць грамадскім інспектарам штомесячную даплату, а матэрыяльнае, як і маральнае стымуляванне, абавязкова павінны прысутнічаць. Прыклад дбайных адносін да даручанай справы паказваюць грамадскія інспектары Наталля Бычкевіч (ААТ «Дзераўное») і Міхаіл Печанко (ААТ «Агранёманскі»), старшыні грамадскіх камісій Алена Музыра (ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат») і Міраслаў Грыгаровіч (ТАА «СЖК «Налібакі»). Добра пастаўлена работа на Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» і ў ААТ «Стаўбцоўская ПМК» (старшыні прафкамаў Віталій Місько і Вольга Дземідовіч).

Аднак, як лічыць прафсаюзны лідар, у арганізацыі грамадскага кантролю за прытрымліваннем заканадаўства аб працы ёсць пэўныя недахопы. У шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый старшыні грамадскіх камісій і грамадскія інспектары па ахове працы недастаткова патрабавальныя да наймальнікаў у пытаннях выканання імі ўмоў калектыўнага дагавору, забеспячэння якасным спецадзеннем, адпаведным інструментам, стварэння бяспечных і належных санітарна-бытавых умоў працы.

З мэтай папярэджання вытворчага траўматызму падчас правядзення веснавых палявых работ, нарыхтоўкі кармоў, уборкі ўраджаю і аператыўнага аказання практычнай і метадычнай дапамогі кіраўнікам і спецыялістам арганізацый у забеспячэнні бяспечнай працы распараджэннем старшыні райвыканкама была створана мабільная група. За адпаведны перыяд ёю абследавана сорак арганізацый АПК, выяўлена 862 парушэнні. Пільная ўвага, якая ўдзяляецца на працягу апошніх гадоў пытанням аховы працы падчас масавых палявых кампаній, дазваляе не дапусціць няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Нездавальняючыя ўмовы працы з’яўляюцца пастаяннай крыніцай прафесійнай рызыкі. Таму раз у пяць гадоў на сельгаспрадпрыемствах праводзіцца атэстацыя рабочых месцаў. Наколькі своечасова і якасна яна выконваецца, залежаць гарантыі і правы працаўнікоў на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы і прадастаўленне кампенсацый на тых рабочых месцах, якія не адпавядаюць устаноўленым заканадаўствам нормам і патрабаванням. Дакладчыца падкрэсліла, што за работу ў шкодных і небяспечных умовах прадугледжаныя заканадаўствам дадатковыя выплаты і кампенсацыі праводзяцца ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях раёна.

Асноўным дакументам, які рэгламентуе рашэнне пытанняў аховы працы ў арганізацыях, з’яўляецца калектыўны дагавор. Паспяхова выкарыстоўваюць дакумент адносна стварэння бяспечных умоў працы прафсаюзныя камітэты ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», ААТ «Вялікі Двор», «Жацерава», Стаўбцоўскі філіял ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» і шэраг іншых арганізацый. Праз калектыўныя дагаворы ў пераважнай большасці сельгаспрадпрыемстваў забяспечваецца выплата матэрыяльнай дапамогі членам сям’і загінуўшага на вытворчасці работніка ў памеры дзесяці гадавых заробкаў.

У апошнія гады праследжваецца тэндэнцыя да зніжэння вытворчага траўматызму, аднак ён яшчэ застаецца высокім. За тры апошнія гады ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу здарылася сем няшчасных выпадкаў, у тым ліку два са смяротным зыходам і адзін – з цяжкім. Гэтыя лічбы абавязваюць прафсаюзныя арганізацыі павысіць патрабавальнасць да наймальнікаў і работнікаў па безумоўным выкананні правілаў і нормаў аховы працы пры ажыццяўленні ўсіх відаў работ.

Па-ранейшаму значная колькасць траўмаў і няшчасных выпадкаў адбываецца з-за п’янства. Аператыўныя даныя абласнога камітэта прафсаюза сведчаць аб тым, што кожны трэці з ліку загінуўшых і кожны сёмы з ліку цяжка траўміраваных знаходзіліся на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення. За 10 месяцаў бягучага года ў нецвярозым стане затрымана сем вадзіцеляў і механізатараў, якія працуюць у сельгасарганізацыях раёна. Усе яны пазбаўлены правоў кіравання: у ТАА СЖК «Налібакі» і ААТ «Дзераўное» – па два работнікі, у ААТ «Жацерава», «Рочавічы» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» – па аднаму. З шаснаццаці сельгасарганізацый перадрэйсавыя праверкі вадзіцеляў і механізатараў на алкагольнае ап’яненне пастаянна праводзяцца ва ўсіх гаспадарках, на працягу дня – толькі ў васьмі, а паслярэйсавыя – у дзевяці.

Аналіз расследаванняў няшчасных выпадкаў на вытворчасці паказвае, што асноўнымі прычынамі гібелі і цяжкага траўміравання работнікаў па-ранейшаму з’яўляюцца невыкананне кіраўнікамі і спецыялістамі іх прамых абавязкаў па ахове працы, допуск пацярпелых да работы без навучання, праверкі ведаў і інструктажу, а таксама грубыя парушэнні самімі пацярпелымі правілаў і інструкцый па ахове працы.

З мэтай узмацнення ўвагі да пытанняў вытворчага быту, культуры вытворчасці, забеспячэння ўмоў для высокапрадукцыйнай працы ў сельгасарганізацыях, райкамам прафсаюза работнікаў АПК і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама быў аб’яўлены конкурс на лепшую жывёлагадоўчую ферму і рамонтную майстэрню, у якім перамаглі калектывы МТФ «Засулле» ААТ «Каганец» і рамонтнай майстэрні ААТ «Жацерава». Пачынаючы са снежня ў рамках акцыі «Наш жывёлавод» будуць ушаноўвацца лепшыя аператары машыннага даення гаспадарак раёна.

Адначасова праводзяцца і маніторынгі ўмоў працы жывёлаводаў: стан душавых, санітарна-бытавых памяшканняў, забяспечанасць працаўнікоў індывідуальнымі сродкамі аховы, наяўнасць дакументацыі на інфармацыйных стэндах і іншыя пытанні.

У рабоце пленума ўдзельнічаў і выступіў галоўны тэхнічны інспектар Мінскага абласнога прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Мотуз.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *