Сярод нас

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

4-16-12-17n

НАКАЗ ВЕТЭРАНА ГУЧЫЦЬ ПАТРЫЯТЫЧНА

Інвалід Вялікай Айчыннай вайны, жыхар Новага Свержаня Анатоль Дзягель 12 снежня адзначыў сваё 90-годдзе. З гэтай нагоды Анатоля Андрэевіча запрасілі ў Навасвержанскі сельвыканкам, каб выказаць яму не толькі юбілейныя віншаванні, а і грамадскае прызнанне, павагу за пройдзены жыццёвы шлях. А ў яго – навука мужнасці, працалюбства, мудрасці і хрысціянскай пакоры.

У армію прызвалі, калі хлопцу не было яшчэ і 18-ці. На фронце яму скалечыла руку, але, дзякаваць Богу, вярнуўся ў свае родныя Падзерычы жывым. У іх хаце, дзе панавала нястача, і без таго было вялікае гора: вайна забрала жыцці двух братоў Анатоля. «Самы старэйшы, каторы служыў у артылерыі, загнаў фашыстаў у Берлін і загінуў 8 мая… Абодва засталіся ляжаць у Германіі», – падкрэслівае ветэран усюды, у якой бы аўдыторыі ён ні выступаў. Здаецца, гэтыя невымерныя боль і хваляванне не змаглі зарубцавацца ў яго душы і цягам дзясяткаў гадоў.

Усё жыццё ён быў як большасць новасвяржан: хадзіў на працу на лесазавод, будаваў уласны дом, з жонкай Лідай гадаваў двух сыноў, трымаў гаспадарку, – але адрозніваўся ад усіх хоць бы тым, што насіў на сэрцы цяжар двайной страты, таямніцу ўласнага выжывання сярод смяротнага посвісту куль ды снарадаў. І гэты шанцунак надаваў яму веры ў людзей і ў Бога, умацоўваў у штодзённых турботах і клопатах.

І да свайго шаноўнага юбілею ветэран прыйшоў у добрым маральным стане: ураўнаважаны, самадастатковы, з нерастрачанай прыроднай інтэлігентнасцю, пачуццём аптымізму. З жаданнем – жыць. Ён з задавальненнем і ўдзячнасцю слухаў песні, якія выконвалі ў яго гонар артысты Навасвержанскага дома культуры.

Па добрай традыцыі, якая прыжылася на Стаўбцоўшчыне дзякуючы раённаму савету ветэранаў, ушанаваць юбіляра-ветэрана прыйшла цэлая «армія» выступоўцаў. Ад імя раённага савета ветэранаў уручыў грамату і грашовы падарунак Анатолю Дзягелю, інваліду вайны і ветэрану працы, намеснік старшыні савета Уладзімір Пашковіч. Яго падтрымаў і Станіслаў Грывачэўскі, які, дарэчы, асабіста знаёмы з Анатолем Дзягелем амаль паўвека, як прыехаў на працу ў Новы Свержань, у тадышнюю сельгастэхніку. Ён расказаў аб узаемаадносінах з гэтым чалавекам: «Я ведаю Анатоля Андрэевіча як добрага гаспадара. У яго гаспадарцы была карова, кавалак зямлі. Такія людзі патрэбны на нашай планеце, каб жыццё было прыгажэйшым».

Старшыня Навасвержанскага сельвыканкама Анатоль Богдан разам з букетам чырвоных гваздзікоў выказаў юбіляру ўдзячнасць за актыўную жыццёвую пазіцыю, патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення: «9 Мая вы выступаеце ў нас на мітынгу, гаворыце вельмі важныя для школьнікаў рэчы: любіць Радзіму, шанаваць свой край, бацькоў, настаўнікаў… Чакаем вас на мітынгу і ў наступным годзе”. На што ветэран не разгубіўся, адказаў: «Я заўсёды гатовы, як салдат!»

Ад пярвічных грамадскіх арганізацый, якія дзейнічаюць пры сельвыканкаме, з добрымі пажаданнямі звярнуліся да Анатоля Дзягеля Ала Янская, старшыня пярвічкі Беларускага таварыства інвалідаў, і Аляксей Палянскі, старшыня пярвічкі Беларускага таварыства ветэранаў. Ала Янская, работнік культуры, падышла да юбілею Анатоля Андрэевіча ў творчай манеры. Маўляў, 90 – гэта не проста знамянальная дата, а дзевяць нуль на яго карысць. Так трымаць, быць прыкладам для моладзі, легендай Новага Свержаня – такія пажаданні выказаны шаноўнаму юбіляру.

Узрушаны ветэран таксама не застаўся ў даўгу – пажадаў усім здароўя, дабрабыту. Не забыў прыгадаць, колькі добрага зрабілі яму прысутныя і многія іншыя людзі і, як грамадзянін, не ўстрымаўся, каб не падзяліцца сваімі ўражаннямі ад сучаснага жыцця, дзе асабістае непрыкметна пераходзіць у агульнае, дзяржаўнае:

– Цяпер жыць добра. Дзяржава многім людзям дапамагае. Нам, пажылым, дае пенсію. Хіба гэта мала? У магазінах усё можна набыць. Маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, дзе было 65 хат і не было ніводнага веласіпеда. У бацькоў было 1,5 га ворыўнай зямлі без сенакосу. Жылі вельмі цяжка. Што было раней і што сёння – не параўнаць. Хочацца верыць, што і далей будуць моцнымі наша армія і дзяржава.

«Сто лят» жадаем ветэранам-доўгажыхарам Новага Свержаня, іх у вёсцы засталося толькі двое: Анатоль Дзягель і Аркадзь Хвалей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

НЕ СТАРЭЮЦЬ ДУШОЙ ВЕТЭРАНЫ

Многія супрацоўнікі міліцыі, прысвяціўшы службе лепшыя гады жыцця, і цяпер працягваюць падтрымліваць сувязь з калектывамі падраздзяленняў, у якіх ім давялося працаваць. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць ветэранскія арганізацыі, якія аб’ядноўваюць былых супрацоўнікаў у адзіны калектыў аднадумцаў. Аб рабоце пярвічнай арганізацыі ветэранаў Стаўбцоўскага аддзела ўнутраных спраў распавядае ў інтэрв’ю яе старшыня, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Анатоль Драбовіч.

– Анатоль Антонавіч, як даўно вы ўзначальваеце гэтую арганізацыю?

– Пярвічная арганізацыя ветэранаў была створана ў кастрычніку 2004 года. Я з’яўляюся яе старшынёй са снежня 2012 года. Сваю дзейнасць пачынаў вадзіцелем у Стаўбцоўскім РАУС. Потым, атрымаўшы напраўленне, паступіў у Акадэмію МУС і скончыў яе ў 1989 годзе. Накіравалі працаваць у следчы аддзел Стаўбцоўскага РАУС. Працаваў следчым, старшым следчым, начальнікам следчага аддзела і намеснікам начальніка РАУС.

– Якія мэты і задачы ставіць перад сабой ветэранская арганізацыя?

– Асноўная мэта нашай дзейнасці – арганізацыя, абарона грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў і свабод ветэранаў органаў унутраных спраў, членаў сем’яў супрацоўнікаў, якія загінулі, ваеннаслужачых, аказанне матэрыяльнай і маральнай падтрымкі. Асноўная задача – дзяліцца вопытам з моладдзю. Ветэранаў запрашаюць на агульныя афіцэрскія сходы. Там мы расказваем пра сваю працу, маральна падтрымліваем адзін аднаго і прапануем нейкія рэкамендацыі ў нашай дзейнасці. Я як старшыня арганізацыі сумесна з начальнікам РАУС уручаю пагоны маладым супрацоўнікам. Таксама мы, прынамсі, дапамагаем з працаўладкаваннем пенсіянерам, якія ўваходзяць у нашу пярвічку і жадаюць працаваць, калі дазваляе здароўе. Працуюць нашы ветэраны ў розных месцах: хто – у сельскай гаспадарцы, хто – у будаўніцтве. Аказваем дапамогу супрацоўнікам, якія трапляюць у шпіталь, наведваем іх. Акрамя ўсяго, у нас ёсць добрая традыцыя: супрацоўнікам, якія дасягаюць пэўнага ўзросту, мы заўсёды ўручаем маляўніча аформленыя віншавальныя адрасы, віншуем праз раённую газету «Прамень», наведваем па месцы жыхарства і, па магчымасці, выдаём прэміі. У нашай арганізацыі мы шануем памяць тых, хто ўжо пайшоў з жыцця. У гэтым годзе памёр член нашай арганізацыі Франц Касперавіч Шалькевіч, які доўгі час прысвяціў працы ў Стаўбцоўскім РАУС. Франц Касперавіч займаў многія кіраўніцкія пасады. Пайшоў на пенсію маёрам, на пасадзе начальніка ізалятара часовага ўтрымання. Ён быў у ліку ліквідатараў Чарнобыльскай аварыі, што адбілася і на здароўі.

– Колькі ў пярвічцы ветэранаў?

– Цяпер у нас 34 ветэраны. Прымаюць у ветэранскую арганізацыю тых, хто пайшоў на пенсію па выслузе гадоў, па стане здароўя і інваліднасці. Праца міліцыянера вельмі складаная, патрабуе аддачы ўсіх сіл, здароўя, таму не кожны вытрымлівае такую маральную і фізічную нагрузку.

– Чым займаюцца ветэраны акрамя асноўнай сваёй дзейнасці?

– Акрамя ўсяго ветэраны яшчэ любяць падарожнічаць. У гэтым годзе, напрыклад, мы наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны, Станькава. Праводзім сумесныя паездкі з РАУС. У грамадскім жыцці прымаем актыўны ўдзел.

– Як вы думаеце, падрыхтоўка маладых спецыялістаў зараз праводзіцца на больш высокім узроўні?

– З пункту гледжання падрыхтоўкі юрыдычнай, зараз яна сапраўды нашмат мацней. Я лічу, што ёсць толькі адзін недахоп – гэта тое, што складана чалавеку, які не мае жыццёвага вопыту, працаваць у такіх структурах, як крымінальны вышук, у следстве, таму што маладому спецыялісту цяжэй уступіць у кантакт, трэба валодаць псіхалагічнымі навыкамі, каб дапамагчы раскрыць злачынства. Усё прыходзіць з вопытам. Калі казаць пра кар’ерны рост, то цяпер магчымасці значна вышэйшыя. Раней рэдка каго прымалі на працу, калі не адслужыў у войску.

– Анатоль Антонавіч, параўноўваючы цяперашняе пакаленне і ваша, якія парады вы можаце даць маладым спецыялістам?

– Калі казаць пра маладых спецыялістаў, то ў іх ёсць патэнцыял, падрыхтоўка, веды, жаданне працаваць. Самае галоўнае, каб яны «не зламаліся». Я адпрацаваў 24 гады і практычна не бачыў сваёй сям’і, як расце дачка. Цяпер у мяне нарадзіліся ўнукі, і ім я ўдзяляю больш увагі, чым ёй тады, таму што ішоў у 8 гадзін, а прыходзіў у 23. Рэдка калі на выхадных быў дома, таму трэба свядома і маральна настройвацца, выбіраючы такую прафесію. Неабходна самааддача, каб зрабіць кар’еру.

– Ад чаго было цяжэй за ўсё адвыкнуць, калі выйшлі на пенсію?

– Калі працаваў, то тэлефон званіў і ў дзве, і ў тры гадзіны ночы: раіліся па аператыўных пытаннях, і трэба было прыняць хуткае рашэнне і адказаць. Калі пайшоў на пенсію, нават нязвыкла было, што ноччу не турбуе тэлефон. Але дзякуючы нашай арганізацыі чалавек, які служыў і насіў пагоны, не адчувае сябе адзінокім, забытым.

– Анатоль Антонавіч, да каго вы б хацелі звярнуцца са словамі падзякі ад ветэранскай арганізацыі?

– Хачу сказаць вялікі дзякуй начальніку райаддзела міліцыі палкоўніку Івану Андрэевічу Мамайку. Праводзячы агульныя сходы, ён не забывае сказаць: «Калегі, праяўляйце павагу да ветэранаў, прысутных у зале, на вуліцы, на дарогах … Вы ўсе ў будучым станеце членамі ветэранскай арганізацыі, але гэта трэба заслужыць».

Таксама хацелася б адзначыць, што вялікую дапамогу нашай ветэранскай арганізацыі аказвае Марыя Казіміраўна Хлапіцкая, узнагароджаная ордэнам «Знак Пашаны».

Ксенія РУБІН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *