Каб жыццё працягвала «жительствовать»

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

Органы ЗАГС, датай утварэння якіх прынята лічыць 18 снежня 1917 года, адзначаюць сёлета сімвалічны юбілей – з дзвюма дзявяткамі. Ад яго застаецца ўсяго адзін крок да юбілею-вяхі – 100-годдзя. Аб рабоце органаў ЗАГС нельга сказаць лепш, чым зрабіў гэта Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт з нагоды іх 90-годдзя: «Магчыма, некалькі будзённа гучыць гэтае словазлучэнне – «органы запісаў актаў грамадзянскага стану», але з імі часцей за ўсё звязаны самыя светлыя перажыванні сэрцаў чалавечых. Пачатак гісторыі сям’і, пачатак жыцця дзіцяці – усё гэта паказчыкі не толькі асабістага шчасця, але і таго, у якім стане знаходзіцца ўсё наша грамадства, наша краіна… І чым больш работы ў ЗАГСаў, тым лепш, таму што гэта азначае, паводле слова Велікоднага богаслужэння, што «Вечная Жизнь жительствует!»

Як змянілася за стагоддзе дзейнасць органаў ЗАГС? Аб гэтым – наша гутарка з начальнікам аддзела ЗАГС райвыканкама Надзеяй КАРТУЗАВАЙ.

– Дзейнасць органаў ЗАГС уяўляе сабою паўсядзённую, шматгранную і адказную работу. Грамадзяне прыходзяць у ЗАГС, каб зафіксаваць самыя значныя падзеі ў сваім жыцці. Так, у кнігах запісаў актаў грамадзянскага стану захоўваюцца звесткі аб нараджэнні, смерці, заключэнні і скасаванні шлюбу, усынаўленні і ўдачарэнні, устанаўленні мацярынства і бацькоўства, змене прозвішча, імя і т. п. Яны маюць важнае значэнне, паколькі выступаюць доказамі наяўнасці адпаведных юрыдычных фактаў, а таксама выяўляюць колькасныя і якасныя змяненні ў дэмаграфічных працэсах грамадства. У іх, відавочна, адлюстравана гісторыя як асобнага чалавека і яго сям’і, так і краіны.

– Надзея Анатольеўна, чаму днём утварэння органаў ЗАГС выступае 18 снежня 1917 года? Звесткі, пра якія вы сказалі, збіраліся і раней.

– Сапраўды, у органаў ЗАГС даўняя і багатая гісторыя. Іх папярэднікамі можна лічыць святароў. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі запісы нараджэнняў, смерцяў і шлюбаў вяла царква. Упершыню абавязковую рэгістрацыю шлюбаў і нараджэнняў дзяржава ўвяла ў 1722 годзе. 18 снежня 1917 года быў падпісаны дэкрэт «Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану», у адпаведнасці з якім юрыдычныя наступствы за актамі грамадзянскага стану прызнаваліся толькі ў тым выпадку, калі яны зарэгістраваны ў дзяржаўных органах. Гэты дзень і стаў днём утварэння органаў ЗАГС.

На працягу ўсёй гісторыі свайго існавання сістэма органаў ЗАГС не раз змянялася, перападпарадкоўвалася розным структурам і ўзроўням улады. Так, да 1 студзеня 1957 года мясцовыя бюро ЗАГС былі выведзены са структуры раённых аддзелаў міліцыі і перададзены ў падпарадкаванне выканкаму раённага савета. У 1975 годзе бюро ЗАГС было пераўтворана ў аддзел ЗАГС райвыканкама… У сваёй дзейнасці мы кіруемся Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, прынятым Палатай прадстаўнікоў і адобраным Саветам Рэспублікі 24 чэрвеня 1999 года.

– Дакрануўшыся да такой няблізкай гісторыі, нельга не запытаць пра архіў аддзела. Які ў ім найстарэйшы запіс?

– У нашым аддзеле на даны момант захоўваюцца запісы, якія былі зроблены больш за стагоддзе таму. Архіўныя запісы – гэта скарбніца ЗАГСа. Па іх можна прасачыць лёсы людзей, дзяржавы. Асаблівасцю архіва нашага ЗАГСа з’яўляецца тое, што на яго паліцах суседнічаюць запісы актаў грамадзянскага стану двух раёнаў – Стаўбцоўскага (з 1944 года па цяперашні час) і Івянецкага (з 1944 па 1959 гады). Пасля скасавання ў 1962 годзе Івянецкага раёна яго тэрыторыя з 15 сельсаветамі была падзелена паміж Стаўбцоўскім і Валожынскім раёнамі, і архіў ЗАГСа гэтага раёна за 1944 – 1959 гады быў перададзены на захоўванне ў наш аддзел.

Увесь наш архіў умоўна можна падзяліць на два перыяды: даваенны і пасляваенны. Рубяжом з’яўляецца 1944 год, з якога органы ЗАГС аднавілі рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану на раней акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі (у перыяд акупацыі функцыі ЗАГСа выконвалі ізноў-такі цэрквы).

– Што стварае сучасны імідж аддзела ЗАГС?

– Аддзел ЗАГС за многія гады існавання перастаў быць чыста рэгіструючым органам. Грамадзянам мы аказваем прававую дапамогу. Папулярнасць набываюць новыя формы работы – урачыстыя рэгістрацыі нараджэнняў, шлюбаў, юбілейных вяселляў, а таксама выязныя рэгістрацыі, рэгістрацыі шлюбаў і нараджэнняў па індывідуальных сцэнарыях. Значная частка работы звязана з прапагандай шлюбна-сямейнага заканадаўства, мерапрыемствамі па ўмацаванні інстытута сям’і. Займаемся сацыялагічнымі даследаваннямі, прадметам якіх з’яўляецца заключэнне і скасаванне шлюбу, нараджальнасць, смяротнасць.

– За дзейнасцю аддзела ЗАГС стаяць канкрэтныя людзі. Яго былыя, цяперашнія супрацоўнікі…

– У свой час Стаўбцоўскі аддзел ЗАГС узначальвалі Г. У. Савіна (1952-1969), Н. М. Ніжнік (1969-1979), Л. П. Злотнікава (1979-1987), А. Р. Янкоўская (2007-2012). Аднак самы працяглы перыяд – з 1987 па 2007 гады адпрацавала і, адпаведна, унесла важкі ўклад у дзейнасць органаў ЗАГС раёна Тамара Уладзіміраўна Ціхановіч.

Да органаў, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану, адносяцца і сельскія выканаўчыя камітэты. Акрамя рэгістрацыі нараджэння, заключэння шлюбу, смерці, устанаўлення бацькоўства, цяперашнія кіраўнікі спраў сельвыканкамаў (у былым – сакратары) таксама праводзяць урачыстую рэгістрацыю вясельных юбілеяў. Сярод вопытных і юрыдычна граматных спецыялістаў, якія любяць сваю справу, выконваюць яе творча і адказна, – Г. І. Францкевіч (Дзераўнянскі сельвыканкам), С. А. Галавач (Рубяжэвіцкі), Н. А. Шырвель (Літвенскі), М. Б. Савасцянкевіч (Старасвержанскі), Г. К. Зелянко (Налібацкі), І. А. Валкалоўская (Вішнявецкі), Т. І. Галушка (Шашкоўскі). Адносна маладыя на пасадзе кіраўніка спраў сельвыканкама А. А. Мачульская (Навасвержанскі сельвыканкам) і К. Ю. Арлоўская (Наваколасаўскі), аднак яны імкнуцца ўнікаць ва ўсе праблемы і вырашаць іх.

Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх, хто працаваў і працуе ў органах ЗАГС, са святам, пажадаць моцнага здароўя, дабра, поспехаў у рабоце.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *