Зімовая рыбалка: пакуль небяспечна!

Нумары

image_pdfimage_print

6-16-12-17m

ВЫХАД ЗАБАРОНЕНЫ

У сувязі з небяспечнай абстаноўкай, якая склалася на вадаёмах Мінскай вобласці, аблвыканкамам прынята рашэнне аб забароне выхаду на лёд з 10 снежня. Міліцыя ўзмоцнена кантралюе вадаёмы з неакрэплым лёдам.

За мінулыя выхадныя на вадаёмах Мінскай вобласці праваліліся пад лёд і ўтапіліся шэсць аматараў зімняй рыбалкі. Чатыры трагедыі адбыліся ў Дзяржынскім раёне, па адной – у Любанскім і Клецкім раёнах. Асноўнай прычынай гібелі людзей стаў выхад на неакрэплы, падталы лёд.

Нельга не ўлічваць, што пагодныя ўмовы не садзейнічаюць устанаўленню трывалага ледзянога покрыва. На даны момант вадаёмы, у тым ліку і праталіны, ухутаны снегам, але лёд на іх, нават з улікам надышоўшых маразоў, застаецца нетрывалым. Выходзіць на такі лёд надзвычай небяспечна!

Разам з тым, работнікам міліцыі прыходзіцца літаральна выправаджваць аматараў экстрэмальнай рыбалкі з ледзянога покрыва, якое пад нагамі крышыцца. Дзіўна, але сярод іх ёсць рыбакі са стажам, людзі немаладога ўзросту, нібыта «не камікадзэ».

Адпрацоўкі вадаёмаў з боку міліцыі працягнуцца. У сувязі з гэтым нялішне нагадаць аматарам зімняй рыбалкі не толькі пра меры асабістай бяспекі, але і пра неаходнасць выканання законных патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі. У адваротным выпадку размова можа ісці і аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці.

 

З ДЗЕВЯЦІ ВЫРАТАВАНЫ ТРОЕ

У правілах аховы жыцця людзей на водах сказана, што выхад на лёд забаронены, пакуль яго таўшчыня не дасягне сем сантыметраў. Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях настойліва рэкамендуе адмяніць прагулкі па воднай гладзі ў перыяд адлігі. У мэтах бяспекі і папярэджання няшчасных выпадкаў на вадаёмах вобласці ў зімні перыяд і прынята адпаведнае распараджэнне Мінскага абласнога выканаўчага камітэта аб забароне выхаду на лёд.

Статыстыка загінуўшых у сёлетні зімовы перыяд проста шакіруе: толькі за 10 снежня на вадаёмах і рэках Мінскай вобласці пры лоўлі рыбы ўтапіліся шэсць чалавек. Тры чалавекі былі выратаваны работнікамі МНС (два – у Нясвіжскім раёне, адзін – У Клецкім).

У перыяд адлігі змяняецца не толькі таўшчыня лёду, а і яго структура. Лёд, які мае адценні шэрага, матава-белага або жоўтага колеру, з’яўляецца ненадзейным. Такі лёд абрушваецца імгненна, без папераджальнага гуку патрэсквання.

Калі вам неабходна дапамога выратавальнікаў, неадкладна званіце па тэлефонах 101 або 112.

Пр

 

РЫБАКІ-«СМЕЛЬЧАКІ», ПАЧУЙЦЕ!

Раённая арганізацыя Беларускага таварыства выратавання на водах папярэджвае аб мерах асабістай бяспекі пры выхадзе на лёд. На жаль, гібель людзей на вадаёмах Мінскай вобласці ў гэтыя нестабільныя па пагодных умовах снежаньскія дні сведчыць пра грубае ігнараванне гэтых мер і нават абыякавае стаўленне да ўласнага жыцця і здароўя.

Рыбакі-«смельчакі» працягвалі сядзець са спінінгамі на падталым лёдзе, які, пры рэзкім павышэнні тэмпературы паветра, змяняў свой колер і стан (ператвараўся ў ваду) літаральна на вачах. Аналагічную карціну засведчылі аб’езды вадаёмаў раёна, да прыкладу, азёраў у Сцяцках, Скамарошках, Любкаўшчыне, Горках. Часта інфармуеш гэтых аматараў зімняй рыбалкі аб небяспецы, якая ідзе ад тонкага лёду, заклікаеш да здаровага сэнсу, а ў адказ натыкаешся на поўнае неразуменне. Ад цябе адварочваюцца, проста не хочуць чуць…

Зімняя рыбалка бяспечная толькі ў тым выпадку, калі таўшчыня лёду дасягае сем і больш сантыметраў. Трывалы лёд – той, які мае зеленавата-блакітнае адценне. Заўсёды лёд нямоцны ў месцах абрыву ракі і яе ўпадання, каля дамбаў ці хуткага цячэння, якое здольна падмываць лёд нават падчас траскучых маразоў. Важна ведаць, як правільна паводзіць сябе, калі раптам праваліліся пад лёд. Пакуль у вопратцы захоўваецца паветра, неабходна паспрабаваць выбрацца з палонкі, пры гэтым шырэй расставіць рукі і ўперціся грудзьмі ў лёд. Калі выбраліся – нельга ўставаць, а трэба паўзці, перакочвацца далей ад месца пралому.

На жаль, купальны сезон 2016 года на Стаўбцоўшчыне не абышоўся без ахвяраў воднай стыхіі. Жыццё жыхара раёна абарвалася ў пажарным вадаёме, і яшчэ чацвёра чалавек, жыхароў іншых раёнаў рэспублікі, утапіліся падчас адпачынку на Нёмане і на возеры ў Новай Вёсцы. Жыцці шасці адпачываючых, у тым ліку чатырох дзяцей, удалося выратаваць дзякуючы аператыўным дзеянням матросаў-выратавальнікаў раённай арганізацыі АСВОД.

Іван ШЧАРБАНЮК, старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства выратавання на водах



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *