За грамадскі парадак

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

Набліжаюцца калядныя і навагоднія святы. Горад набывае святочнае мастацкае афармленне. Многія стаўбчане і госці горада і раёна плануюць сустрэчу Новага года каля галоўнай гарадской ёлкі. На Стаўбцоўскі РАУС ускладзены задачы па забеспячэнні правапарадку, асабістай, маёмаснай і дарожнай бяспекі на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна падчас правядзення навагодніх мерапрыемстваў. Каб падтрымаць грамадскі парадак, РАУС нагадвае, што плошча каля ёлкі будзе агароджана мабільнымі турнікетамі, будзе праводзіцца праверка ручной паклажы і асабісты дагляд з выкарыстаннем тэхнічных сродкаў.

Галоўная задача – забяспечыць бяспеку людзей, правесці мерапрыемствы ў нармальнай, спакойнай абстаноўцы. Таму патрэбны разуменне і падтрымка саміх грамадзян.

Пры наведванні месцаў правядзення святочных мерапрыемстваў забараняецца прыносіць з сабой алкагольныя напіткі, піва, прахаладжальныя напоі ў шкляной, металічнай, пластыкавай (непразрыстай і аб’ёмам больш за літр) тары, тэтрапакетах, зброю, выбуховыя рэчывы, колюча-рэжучыя прадметы, піратэхніку.

Распіванне спіртных напіткаў, дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, будуць забараняцца і ўхіляцца. Для ўдзелу ў мерапрыемствах не дапускаюцца грамадзяне ў стане алгольнага ап’янення.

Стаўбцоўскі РАУС просіць вас быць акуратнымі, уважлівымі, не пакідаць і не перадаваць незнаёмым свае асабістыя рэчы. Калі вы заўважылі падазроныя прадметы, пакінутыя без нагляду, сталі сведкам якіхсьці парушэнняў, то тэрмінова паведамляйце аб гэтым па тэл. 102 ці звяртайцеся да супрацоўніка міліцыі.

Захоўвайце спакой, падтрымлівайце грамадскі парадак.

Цудоўных вам навагодніх свят, паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны!

ААПП Стаўбцоўскага РАУС

 

ЗА «ПОРНА» Ў ІНТЭРНЭЦЕ

Супрацоўнікамі райаддзела міліцыі зарэгістраваны ў гэтым годзе чатыры злачынствы, звязаныя з распаўсюджаннем парнаграфічных матэрыялаў, два з іх – з удзелам непаўналетніх. Акрамя таго, выяўлена 10 злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асоба цяжкіх.

На першы погляд, што крымінальнага ў тым, што нехта размясціў у сетцы інтэрнэт парнаграфічны ролік з выявай непаўналетняга?.. А за гэтым стаіць дзіцячы лёс, а ў некаторых выпадках – і жыццё. Апошнім часам колькасць злачынстваў, звязаных з палавой недатыкальнасцю непаўналетніх, імкліва расце. У гутарцы са злачынцамі становіцца відавочна, што раней яны праглядалі парнаграфічныя фільмы з удзелам непаўналетніх і, нягледзячы на пастановачнасць падобных фільмаў, ім захацелася паспрабаваць гэта ў рэальнасці, прычым няважна, якой цаной.

Каб супрацьстаяць негатыўным з’явам распаўсюджання парнаграфіі, неабходны намаганні не толькі праваахоўных органаў, а і іншых дзяржаўных структур, інстытутаў грамадзянскай супольнасці.

Нялішне нагадаць і пра крымінальную адказнасць, прадугледжаную за выраб і распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару. Так, выраб або захоўванне з мэтай распаўсюджання ці рэкламавання, трансляцыя або публічная дэманстрацыя парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў, выяў, кіна-, відэафільмаў або сцэн парнаграфічнага характару караюцца грамадскімі работамі, штрафам, выпраўленчымі работамі да двух гадоў або арыштам (артыкул 343 Крымінальнага кодэкса). За такія ж дзеянні, учыненыя групай асоб па папярэдняй змове, з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт і т. п., прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.

Адказнасць за выраб і распаўсюджанне парнаграфічных матэрыялаў з выявай непаўналетняга – выпраўленчыя работы да двух гадоў, арышт, абмежаванне волі ці пазбаўленне волі да чатырох гадоў (артыкул 343-1). Выкарыстанне малалетняга для вырабу парнаграфічных матэрыялаў, друкаваных выданняў, кіна- і відэафільмаў, парнаграфічных сцэн з яго выявай караецца пазбаўленнем волі ад пяці да трынаццаці гадоў і, магчыма, з канфіскацыяй маёмасці.

Яўген КУРЫЛА, старшы оперупаўнаважаныкрымінальнай міліцыірайаддзела міліцыі

 

АЛКАГОЛЬ ПАДШТУРХОЎВАЕ…

Усім вядома, што красці, грабіць, хуліганіць – супрацьзаконна. Аднак колькасць правапарушэнняў не змяншаецца.

Не кожны з-за сваіх узроставых асаблівасцяў усведамляе характар учыненых ім супрацьпраўных дзеянняў, якія маюць сур’ёзныя наступствы. Так, некаторыя абвінавачваныя па крымінальных справах аб хуліганстве наіўна меркавалі, што за разбіванне вокнаў у чужым доме, драпанне лакафарбавага пакрыцця аўтамабіля ці праколванне яго колаў нічога такога ім не будзе…

З пачатку года на Стаўбцоўшчыне зафіксавана 10 хуліганстваў і дзевяць грабяжоў у грамадскіх месцах. У сямі хуліганствах з дзесяці была нанесена шкода здароўю людзей, у трох – матэрыяльная шкода фізічным і юрыдычным асобам. Найбольшая колькасць грабяжоў (адкрытае выкраданне маёмасці) зафіксавана ў Стоўбцах, а таксама на тэрыторыях Наваколасаўскага і Мікалаеўшчынскага сельсаветаў.

Адной з асноўных прычын гэтых грамадска небяспечных дзеянняў з’яўляецца празмернае ўжыванне спіртных напіткаў. У нецвярозым стане некаторым асобам хочацца прадэманстраваць свае фізічныя магчымасці, навесці парадак, забраць у іншых тое, чаго няма ў іх.

Разам з тым, паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (хуліганства), наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства, суправаджаюцца насіллем або пагрозай яго прымянення, знішчэннем або пашкоджаннем чужой маёмасці, могуць карацца грамадскімі работамі, штрафам, выпраўленчымі работамі да двух гадоў, арыштам, абмежаваннем волі да двух гадоў ці пазбаўленнем волі да трох гадоў.

Розныя меры адказнасці прадугледжаны і за грабеж (артыкул 206 КК): грамадскія работы, штраф, выпраўленчыя работы да двух гадоў, арышт, абмежаванне волі ці пазбаўленне волі да чатырох гадоў і т. п. Грабеж, учынены арганізаванай групай у асоба буйным памеры, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад пяці да трынаццаці гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Каб не стаць ахвярай злачынства, грамадзянам таксама неабходна захоўваць меры асабістай бяспекі. Да прыкладу, на вуліцы не дэманстраваць свой матэрыяльны дастатак і пазбягаць цёмных участкаў, не пакідаць машыну без нагляду, аснасціць яе сігналізацыяй і супрацьугоннымі сродкамі і т. п.

Дзмітрый КАЛКОЎСКІ, старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *