У Стоўбцах адкрыўся салон штор

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

7-16-12-17v

Яшчэ адна прыемная падзея азнаменавала перадражджэственскія і пераднавагоднія дні ў нашым горадзе: з’явіўся новы магазін. Гэта салон штор.

Ён адкрыты ў былым памяшканні магазіна райспажыўтаварыства па завулку Сацыялістычным, за цэнтральнай раённай бальніцай.

Гаспадыня яго – індывідуальны прадпрымальнік Святлана Галко. Да сваёй справы яна ішла доўгім прафесіянальным шляхам. Аграном па асноўнай спецыяльнасці, Святлана Адамаўна пачынала сваю працоўную дзейнасць у саўгасе Чэрвеньскага раёна. Актыўнага спецыяліста, з яркім арганізатарскім дарам і ўменнем кантактаваць з людзьмі выбралі старшынёю сельвыканкама. У нашым раёне ў Святланы Галко работа была звязана з аддзелам кадраў райсельгасхіміі. Маючы такі багаж вопыту, Святлана Адамаўна ў пачатку 2000-х адважылася адкрыць сваю ўласную справу. Яна стала гандляваць шторамі. Спачатку гэта была палатка, а потым – арандаваныя плошчы ў гандлёвым цэнтры «Арманда» (былы «Гном»).

–  Хоць у мяне заўсёды быў выдатны кантакт з пакупнікамі, аднак я і не думала, што людзі так мне давяраюць, з удзячнасцю прымаюць паслугі, упадабалі маё гандлёвае месца, – расказвае Святлана Адамаўна. – Калі я спыніла сваю дзейнасць, вырашыла, што ўжо можна і адпачыць, мне сталі тэлефанаваць многія і пытацца: дзе вы дзеліся? І дамоў нават прыязджалі. Гэта мне дало як бы другое дыханне. А тут надарыўся такі шанцунак – мне, як кажуць, усміхнулася фартуна. Я даведалася, што райспажыўтаварыства прадае будынак былога магазіна па завулку Сацыялістычным. Я яго купіла. З дапамогай маіх родных, сяброў, а таксама пры падтрымцы райвыканкама, райгаза, раённых электрычных сетак і іншых арганізацый, якія дазволілі мне ў кароткія тэрміны завяршыць усе неабходныя работы, нічым не перашкодзілі для ажыццяўлення маёй задумкі, памяшканне было адрамантавана. Мне спадабалася пабыць дызайнерам. Я ўклала любоў, вялікі клопат, каб інтэр’ер радаваў пакупніка. І вось сёння мы адкрываем салон штор. Я рада буду бачыць у нашым магазіне як сваіх даўніх пакупнікоў, так і новых. На душы ў мяне светла, таму што я люблю рабіць прыемнае людзям, упрыгожваць іх дамы абновамі. Па-ранейшаму, работа магазіна будзе арганізавана так, каб ісці насустрач жаданням, індывідуальным патрэбнасцям пакупніка. Буду практыкаваць такую форму работы, як выезд дамоў, каб прапанаваць пакупку з улікам інтэр’ера пакоя. Будзе практыкавацца сістэма гібкіх скідак на пакупку ў залежнасці ад сумы. Планую ўвесці накапляльную картку. Прыярытэтам у рабоце застаецца індывідуальны падыход да кожнага пакупніка.

Гэтую падзею – адкрыццё новага магазіна ў райцэнтры – уважыў райвыканкам. У прэзентацыі прыняла ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч. У чым райвыканкам бачыць станоўчыя моманты ў развіцці малога бізнесу?

– Паляпшэнне якасці гандлёвага абслугоўвання з’яўляецца прыярытэтам у дзейнасці гандлёвых арганізацый, – гаворыць Ірына Баніфацыеўна. – Адкрыццё кожнага новага аб’екта ў райцэнтры, якой бы ні была форма ўласнасці, мы вітаем, станоўча ўспрымаем і падтрымліваем такія ініцыятывы. Гэта гарантуе больш шырокі асартымент тавару, канкурэнтаздольныя цэны, адкрыццё новых рабочых месцаў, гэта паляпшае якасць абслугоўвання нашага насельніцтва. Чым не прыемная падзея для ўсіх, што цяпер у нашым горадзе ёсць салон штор? Што датычыць пазіцыі райвыканкама адносна развіцця малога бізнесу ў рэгіёне, то варта прывесці такую статыстыку. У выніку праведзенага аналізу, быў зроблены вывад, што наш горад лідзіруе па колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў, якія аказваюць рознага роду паслугі насельніцтву, гэта значыць, што наш раён у ліку самых перспектыўных для развіцця малога бізнесу. Райвыканкам заўсёды ідзе на дыялог з ініцыятыўнымі людзьмі, якія жадаюць заняцца прадпрымальніцтвам, гатоў дапамагчы, падтрымаць з далейшым кантролем гэтай дзейнасці. Жыхары райцэнтра і нашага раёна могуць рабіць пакупкі на месцы, нікуды не выязджаючы, не пакідаць грошы на рынках і ў магазінах іншых гарадоў. Важна адзначыць і такі станоўчы момант. У дакументах урада прыярытэт робіцца на ўцягненне ў гаспадарчы абарот будынкаў, якія доўгі час не выкарыстоўваюцца. І вось яркі прыклад ажыццяўлення такой палітыкі. Будынак, дзе адкрыты салон штор, доўгі час стаяў без прымянення, і, як бывае ў такіх выпадках, не ўпрыгожваў горад. Цяпер сіламі Святланы Галко тут праведзены рамонт, будзем спадзявацца, што яе ініцыятывы не спыняцца.

Гэта пацвярджае і сама гаспадыня салона. Цяпер праводзіцца рамонт у другой палове будынка. У памяшканні запланавана паставіць швейныя машыны. Пакупнік на месцы можа не толькі купіць шторы, гардзіны, але і цалкам давесці іх да ладу рукамі швачак, каб дома толькі завесіць імі вокны. Акрамя таго, у планах адкрыць і паслугу па рамонце адзення.

А перад ражджэственскімі святамі салон чакае пакупнікоў. Плануецца правядзенне перадсвяточных акцый, скідак, што заўсёды пакідае ў пакупнікоў добры настрой і прыемнае ўражанне ад наведвання магазіна.

Новы магазін «Салон штор» знаходзіцца на завулку Сацыялістычным, побач з гарадской лазняй. Кантактны тэлефон магазіна: Лайф – 8-029-509-53-91, дамашні – 7-41-05 (пасля 19 гадзін).

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *