Зялёнай плантацыі казачнае царства

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У непрадказальных умовах надвор’я сёлетняга снежня натрапіць падчас творчай камандзіроўкі на такі слаўны марозны, бліскучы ад промняў сонца дзянёк – шанцунак. Гадавальнік Стаўбцоўскага лясгаса падобны на казачнае царства. Разам з намі любуецца гэтай невыказнай прыгажосцю і заказчык – Ігар Паўлавец, дырэктар сталічнай кампаніі «Навафлора». Нам прыемна пачуць, што гэтая прыватная кампанія з усіх іншых выбрала менавіта стаўбцоўскі гадавальнік, вызначыўшы яго як самы лепшы па якасці саджанцаў раслін і па іх колькасці, і ўжо не першы раз робіць салідны заказ – купляе саджанцы дуба, ясеня, клёна, ліпы, дэкаратыўных кустоў. Кампанія забяспечвае саджанцамі зелянгасы. Ігар Паўлавец робіць акцэнт, што ўдзельнічаць у азеляненні роднай Беларусі праз іх фірму – важны пазітыўны момант. Саджанцы лісцевых парод дрэў актыўна купляюць і расіяне.

8-16-12-17q

Гаспадыня гадавальніка Валянціна Сахар дапаўняе, што пакупнікамі іх прадукцыі з’яўляюцца не толькі прыватныя фірмы, зелянгасы, але і фізічныя асобы. Гадавальнік прапануе саджанцы лесаўтваральных парод і 36 відаў дэкаратыўнага пасадачнага матэрыялу.

Плошча гадавальніка складае 20 гектараў. Уражвае парадак, створаны працаўнікамі, якіх нямнога – усяго чатыры чалавекі. Умелыя, клапатлівыя рукі і міласцівыя сэрцы Валянціны Гарбуз, Святланы Вахнер, Галіны Сідорык, якія працуюць тут ужо больш за 15 гадоў, і маладой дзяўчыны Марыны Мазур робяць сваю справу – песцяць усходы. Як расказвае начальнік гадавальніка Валянціна Сахар, яны такія кволыя і танюсенькія, што іх можна параўнаць з усходамі морквы. Ім, як і дзецям ва ўзросце да двух гадоў, патрэбна пастаянная ўвага: двухгадовыя сеянцы вельмі адчувальныя, патрабуюць беражлівага догляду. Дапамога працаўнікам у пасяўным аддзяленні – арашальная сістэма.

Затым расліны перасаджваюць у «школьнае» аддзяленне. Роўныя рады ёлак прыемна ўражваюць, мы з вялікай цікавасцю аглядваем гэты скарб гадавальніка. І пачынаеш у поўнай меры разумець заклікі работнікаў лясной гаспадаркі беражліва адносіцца да зялёных насаджэнняў. Апраўданая мера – прымяненне штрафных санкцый за браканьерства, асабліва падчас навагодніх і ражджэственскіх святаў. Каб ёлка стала святочным дрэвам, яе трэба 7-10 гадоў выходжваць.

У лясгасе ўжо разгорнута сур’ёзная падрыхтоўка да арганізацыі навагодніх кірмашоў. Навагоднія дрэвы – ёлкі і сосны, а таксама скампанаваныя з іх галінак букеты будуць прапаноўвацца ва ўсіх дзевяці лясніцтвах, на тэрыторыі лясгаса, на дзвюх пляцоўках у райцэнтры і на адной – у Мінску. У мінулым годзе рэалізавана 1100 навагодніх дрэў на суму 83 мільёны недэнамінаваных рублёў. У гэтым сезоне ў наяўнасці ёсць жывы навагодні тавар такога ж аб’ёму.

Пранікаешся вялікай сімпатыяй да Валянціны Мікалаеўны, слухаючы, як нераўнадушна, з сардэчным клопатам, зацікаўленасцю расказвае яна аб буднях гадавальніка. Гэта яе першае месца работы і, калі на тое воля Божая, будзе адзіным. Сама Валянціна Сахар гэтага жадае. Выпускніца Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага інстытута з кваліфікацыяй інжынер лясных культур і садова-паркавай гаспадаркі, яна ў свой час рыхтавала дыпломную работу па гадавальніку. Інтарэс да такой сферы дзейнасці ў лясной вытворчасці нікуды не знік, яшчэ больш акрэсліўся: працуе па абранай спецыяльнасці ўжо 22 гады. Пастаянна ўдасканальвае свае веды. Работа пабудавана ў цесным супрацоўніцтве з навукоўцамі. Перад кожнай пасадкай заказваецца агратэхнічнае абследаванне глебы, што дае магчымасць убачыць, чаго ў ёй не хапае, і кампенсаваць патрэбнымі ўгнаеннямі і мінеральнымі рэчывамі. Дзейнасць гадавальніка праводзіцца ў строгай адпаведнасці са стандартамі і планавымі мерапрыемствамі з інвентарызацыяй пасадак.

У гэтыя снежаньскія дні працаўнікі гадавальніка заняты зборам шышак сасны звычайнай. У адпаведнасці з планам патрэбна нарыхтаваць чатыры тоны – на ўвесь лясгас. Перабраныя ад дэфектаў шышкі адправяць у Рэспубліканскі насенняводчы цэнтр. Іх давядуць да патрэбных стандартаў, яны пройдуць апрабацыю і будуць захоўвацца ў спецыялізаваным цэнтры да запатрабаванасці ў пасяўны перыяд. Выхад сеянцаў сасны з аднаго гектара – два мільёны дзвесце штук. Так што ёсць магчымасць дапамагчы іншым. Напрыклад, актуальна гэта для Смалявіцкага і Чэрвеньскага лясгасаў. Бяда, якая здарылася на іх плошчах пасля ўрагану ў ліпені бягучага года, аб’яднала ўсю рэспубліку. З улікам кампенсацыі пасадак перагледжаны планы і ў Стаўбцоўскім лясгасе: Рубяжэвіцкае лясніцтва таксама панесла вялікія страты – ураганным ветрам знішчана ў агульным аб’ёме да 120 гектараў лесу. Так што неабходны вялікі аб’ём аднаўленчых работ.

Пакідаючы гадавальнік, мы яшчэ раз спыняемся, каб палюбавацца пейзажам роўных радоў лесакультур. І як тут не пагадзіцца з тым, што прафесіі, звязаныя з аховай лесу, нясуць магутны пазітыўны зарад ад судакранання з жывой прыродай.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: начальнік гадавальніка Валянціна Сахар; збор шышак вядуць Валянціна Гарбуз і Святлана Вахнер.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *