Надзённае

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

3-12-21a

АДКРЫТЫ НАМ КАСМІЧНЫЯ ПРАСТОРЫ

Якім назавуць нашчадкі наша дваццаць першае стагоддзе? Эпохай знаёмства, а яшчэ лепш – яднання з братамі па розуме, якія адгукнуцца і працягнуць руку з глыбінь неабсяжнага Космасу? Часам асваення Месяца, Марса, іншых планет, дзе калі не бурліць, то няхай хоць крыху цепліцца жыццё? Што спазнаюць нашы дзеці, унукі, праўнукі, ці ўвасобяцца хоць бы некаторыя прароцтвы фантастаў? Зразумела сёння адно: ідзе, пашырае свой далягляд эра высокіх тэхналогій. Мы ганарымся нашымі касманаўтамі. І ўжо звыкла ўспрымаем паведамленні аб беларускіх штучных спадарожніках Зямлі, якія не проста бароздзяць прасторы Космасу, а перадаюць важныя здымкі і даныя, што садзейнічаюць геолагаразведцы, складанню прагнозаў надвор’я і інш.

Космас і стаўбчане. Відаць, і гэтая тэма слушная для даследаванняў. Згадаем тут пакуль адно імя. Ігар Гаўрылаў, родам з Рубяжэвічаў, доктар фізіка-матэматычных навук. Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле складзены першыя каталогі бачнага боку Месяца, якія адыгралі значную ролю пры вывучэнні спадарожніка Зямлі касмічнымі апаратамі. На Месяцы ёсць кратар Гаўрылава – так увекавечана ў Сусвеце яго імя.

Неяк выпадкова пачуў, што мой добра знаёмы падчас вучобы ў сярэдняй школе № 1 горада Стоўбцы, якая цяпер мае статус гімназіі, удзельнічае ў выкананнні касмічнай праграмы. Дык жа не святыя гаршкі лепяць! Асабліва здатнаму да тэхнічных навук яму пашчасціла з юных гадоў прайсці школьную навуку ў сапраўды адметных выдатных педагогаў – заслужаных настаўнікаў Беларусі выкладчыка хіміі Леаніда Іосіфавіча Сіткевіча і матэматыка Мікалая Якаўлевіча Лазука. Потым універсітэт, аспірантура, абарона дысертацыі. І, выходзіць, праца над праблемамі асваення Космасу.

Ведаю, што Л. І. Сіткевіч даў пуцёўку ў вялікую навуку не аднаму свайму выпускніку. Сёння ж у трэцяй школе горада так плённа шчыруе Уладзімір Сяргеевіч Радзіон. Прытым на далёка не простым участку для асваення, але самым надзённым, перспектыўным – інфарматыка, навука праграмавання. Яго вучні становяцца пераможцамі міжнародных конкурсаў, спаборніцтваў, алімпіяд. А далей – вучоба ў ВНУ і праца над тэхналогіямі не толькі будучага, але і рэальна сённяшняга часу.

Днямі адзначыла 150-годдзе Мікалаеўшчынская школа, якая носіць імя Якуба Коласа. Падчас святочнай урачыстасці прагучалі імёны акадэмікаў, дактароў навук, лаўрэатаў дзяржаўных прэмій – выпускнікоў гэтай навучальнай установы. Выпускнікамі, якія праславіліся ў творчай працы, развіцці навукі, ганарацца ў кожнай школе. Падрастае дапытлівае, здольнае маладое пакаленне.

Перагорнем старонкі кнігі «Памяць», згадаем аб славутых людзях, якія нарадзіліся на Стаўбцоўшчыне. Зразумела, што тут не поўны пералік імён. Ды і з часу выдання энцыклапедыі мінула ўжо дзесяцігоддзе. Як мы паведамлялі, утвораны арганізацыйны камітэт па стварэнні раённага краязнаўчага музея. Ініцыяванае ў Год культуры павінна ўвасобіцца. Прыгадваецца, які шыкоўны, багаты музей абсталявалі ў суседняй Уздзе. Прасторныя залы, дзе можна даведацца і аб многіх знакамітых асобах, ураджэнцах раёна. А хіба ў нас бяднейшая гісторыя?

Кожны шчыруе на сваім працоўным месцы, шануецца памяць аб тых, хто шмат зрабіў для Айчыны, яе прагрэсу. І ўсім нам карыстацца творчымі здабыткамі, адкрыццямі, дасягненнямі людзей, сярод якіх і нашы землякі.

Новыя тэхналогіі настойліва ўкараняюцца ў вытворчасць, мяняюць наш побыт, робяць жыццё больш зручным, цывілізаваным. Вы працуеце ў сельскай гаспадарцы? Дык магчыма асвойваеце працэсы кіравання робатамі ў жывёлагадоўлі, валодаеце пультамі электроннага кіравання тэхнікай падчас сяўбы, догляду пасеваў, уборкі. У прамысловасці надзейнасць і дакладнасць у рабоце таксама зябяспечвае праграмнае кіраванне. А ў службовым офісе, пэўна ж, ёсць камп’ютар, без якога сёння сапраўды як без рук.

Камп’ютары, ноўтбукі, планшэты – сёння ўмела імі валодаюць і дзеці. Цяпер у бацькоў іншая трывога: не адбілі б толькі ахвоты да кнігі, пра якую не хочацца думаць, што калісьці перастане быць крыніцай ведаў. Тэлевізар мае практычна кожная сям’я, як і іншыя рэчы, якія мы звыкла называем бытавой электратэхнікай. А давайце зробім зваротны адлік часу на дзесяцігоддзі два. Калі меў хто ўжо тады «мабільнік» то глядзелі на гэты кішэнны тэлефон, як на цуда. У каго яшчэ няма «мабільніка»? Знаёмая бабуля казала: «Дзеці падарылі, іх ужо два. Цяпер кожны дзень можна пытацца, дзе яны і што робяць, ажно баліць галава».

Лічбавыя тэхналогіі дазваляюць нам высокапрадукцыйна, якасна працаваць. Яны навучаюць, інфармуюць, выхоўваюць, накіроўваюць (да прыкладу, навігатары). І без перабольшвання, абараняюць. Найперш тут аб сучасным аснашчэнні арміі, дзе, пэўна, шчыруюць вучоныя, выхадцы са Стаўбцоўшчыны. І верна служаць Айчыне афіцэры, салдаты, каму давераны сучасная тэхніка і ўзбраенне. Згадаем і відэаназіранне, відэаздымку – электронныя вочы, з якімі больш бяспечным становіцца жыццё.

Быць сучаснымі – зразумелае імкненне людзей ва ўсе часы. Сённяшні імклівы век патрабуе пастаяннага абнаўлення ведаў, большай сканцэнтраванасці, належнай дысцыпліны і адказнасці. А наступаючы новы год прынясе новыя адкрыцці, здзяйсненні, дзе будзе і плён нашай працы.

Фёдар БАНДАРОВІЧ

 

ПАМЯЦЬ АБ МАКСІМУ БАГДАНОВІЧУ

У крыпту храма-помніка ў гонар Усіх святых у Мінску закладзена капсула з зямлёю з магілы беларускага паэта Максіма Багдановіча. Гэтае дзейства было прыўрочана да 125-годдзя з дня нараджэння паэта. Як вядома, магіла класіка беларускай літаратуры знаходзіцца ў Ялце, дзе ён памёр у 1917 годзе ва ўзросце 26 гадоў.

Памінальную ліцію ў памяць аб Максіму Багдановічу здзейсніў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

У цырымоніі закладкі капсулы бралі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, якая зачытала прывітальны зварот Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з нагоды знамянальнай даты, і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў.

Такое шаноўнае стаўленне Беларускай Праваслаўнай Царквы да Максіма Багдановіча з’яўляецца прызнаннем яго хрысціянскім па духу пісьменнікам Беларусі, у чым можна пераканацца, прачытаўшы яго творы.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *