Святло ў дамах і на вуліцы

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

У Новым Свержані, на вуліцы Мінскай, што бярэ пачатак ад старажытнай Свята-Успенскай царквы і вядзе да Нёмана, святло ў жылых дамах стала гарэць ярчэй. Нягледзячы на загружанасць апошняга месяца года і пазапланавы характар работ, энергетыкі пайшлі насустрач жыхарам вуліцы. У сувязі з тым, што сеткі састарэлі, а электраспажыванне пастаянна ўзрастае, не абыходзіцца і без падключэння новых аб’ектаў, імі літаральна за некалькі дзён была зменена схема электразабеспячэння лініі 0,4 кВ. У выніку рамонту, напружанне стала якасным. Для работы з насельніцтвам у раённых электрасетках працуе служба «адно акно». Заявы грамадзян разглядаюцца і вырашаюцца аператыўна, ва ўстаноўленыя законам тэрміны.

4-12-21f

Святло патрэбна не толькі ў нашых дамах, але і на вуліцах, асабліва ў зімовы перыяд, калі рана пачынае цямнець. Без вулічнага асвятлення нельга ўявіць нашы населеныя пункты. Гэта адзін з сацыяльных стандартаў, ад выканання якога залежыць якасць жыцця людзей. Замена лямпачак ажыццяўляецца па меры паступлення заявак з сельвыканкамаў і з улікам графіка рамонту і абслугоўвання вулічных сетак.

Аднак не толькі гэтым займаюцца энергетыкі. У нашым раёне, адным з першых у Мінскай вобласці, распачата ўстаноўка кіруемых лічыльнікаў вулічнага асвятлення. Аддаваць каманды ім можна проста з месца дыспетчара, аснашчанага камп’ютарам. Так, на адлегласці перадаюцца сігналы адносна ўключэння і адключэння вулічнага асвятлення, ажыццяўляецца рэгуліроўка астранамічнага рэле часу і т. п. І выкананне штомесяц такой важнай функцыі, як зняцце паказанняў лічыльніка, патрабуе лічаных мінут.

Як адзначыў майстар раённых электрасетак Андрэй Гарохавік, за два апошнія месяцы на Стаўбцоўшчыне ўстаноўлена 125 «разумных» лічыльнікаў вулічнага асвятлення, у тым ліку 30 – у райцэнтры і 95 – у аграгарадках раёна. Работы ў гэтым накірунку працягваюцца. Да канца бягучага года падобнымі лічыльнікамі плануецца ахапіць увесь раён. Укараненне навінкі падштурхоўваюць і пытанні эканоміі энергарэсурсаў. Так, дзякуючы новым лічыльнікам аб’яднанне камунальных службаў ужо сэканоміла на вулічным асвятленні горада каля дзвюх тысяч рублёў.

Раённымі электрасеткамі праводзіцца планамерная работа па павышэнні надзейнасці і якасці электразабеспячэння спажыўцоў. Уласнымі сіламі ў 2016 годзе выканана частковая рэканструкцыя правадоў і апораў у Дзераўной, Асіпаўшчыне, Мархачоўшчыне, а таксама абнаўленне трансфарматараў. Заменена 14 км провада высакавольтнай лініі 10 кВ, якая праходзіць па прасеках лясных масіваў. У новым мікрараёне індывідуальнай забудовы Паўночны ўводзіцца трансфарматарная падстанцыя, кіраванне якой будзе весціся з дыспетчарскага пункта.

НА ЗДЫМКУ: вулічны аб’ект у Новым Свержані аглядаюць майстар РЭС Сяргей Галавацкі, галоўны інжынер РЭС Віктар Пракаповіч і намеснік дырэктара Стаўбцоўскіх электрасетак Віктар Крупа.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *