Прафесію выбраў свядома

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Важнасць прафесіі энергетыка сёння цяжка пераацаніць, бо электрычнасць трывала ўвайшла ў наша быт. Без яе аніяк немагчыма абысціся і на вытворчасці. Гэта добра ведае Дзмітрый Пажога, які працуе галоўным энергетыкам у ТАА «СЖК «Налібакі». Прафесію Дзмітрый Іосіфавіч выбраў свядома. Пасля заканчэння сярэдняй школы падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт.

– Хваляваўся, што не паступлю, але мне пашанцавала, і набраных на экзаменах балаў цалкам хапіла, каб стаць студэнтам і ажыццявіць сваю мару, – расказвае Дзмітрый Іосіфавіч. – Вучыцца было цікава. Пасля заканчэння ўніверсітэта атрымаў спецыяльнасць цеплаэнергетыка.

5-12-21g

Размеркавалі Дзмітрыя Пажогу на радзіму, у СВК «Хотава». І адразу галоўным энергетыкам. Як і ўсе маладыя спецыялісты, прыступіў да выканання даручаных абавязкаў з энтузіязмам. Малады энергічны спецыяліст стараўся, прымяняў на практыцы атрыманыя ў вучэбнай установе веды. Усё ў яго ладзілася. Кіраўніцтва гаспадаркі было задаволена і ўпэўнена, што гэты ўчастак работы надзейна закрыты. Дзмітрый Пажога адпрацаваў паложаны тэрмін і вырашыў не мяняць месца працы, застаўся на сваёй пасадзе. Праз некаторы тэрмін ААТ «Хотава» далучылі да ААТ «Дзераўное». Аднак прайшло зусім нямнога часу, і перспектыўнага спецыяліста пераманіў да сябе кіраўнік суседняй гаспадаркі.

– Таварыству патрэбен быў галоўны энергетык, таму я прапанаваў Дзмітрыю перайсці да нас на працу, – сказаў падчас размовы дырэктар Віталій Кушнер. – Ён згадзіўся. Пажога працалюбівы чалавек і спецыяліст ведаючы.

Галоўны энергетык арганізуе бесперабойнае забеспячэнне вытворчасці электраэнергіяй і вадой. Ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстоўваннем энергарэсурсаў, прытрымліваннем работнікамі правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі.

– Мы стараемся зніжаць затраты электраэнергіі, практычна ўсюды зманціравалі энергазберагальнае асвятленне, – расказвае галоўны спецыяліст. – Для нагрэву вады выкарыстоўваем і мясцовыя віды паліва.

У падпарадкаванні Дзмітрыя Пажогі ёсць электрык Генадзь Вялічка, які сумленна выконвае свае абавязкі. Але галоўны энергетык і сам не цураецца простай работы. Працуе разам з падначаленым у тандэме, і калі ўзнікае патрэба, прымае ўдзел у ліквідацыі сур’ёзнай паломкі або аварыйнай сітуацыі.

– Калі прападае электрычнасць на ферме, а такое здараецца, тэлефануюць і сярод ночы, – расказвае Дзмітрый Іосіфавіч. – Летам асаблівую ўвагу ўдзяляю збожжасушыльным комплексам. Зімою больш работы ў жывёлагадоўчай галіне. Дадому, звычайна, вяртаюся позна. Але, нягледзячы на розныя нюансы, справу сваю люблю. Прафесія мая запатрабаваная, і я гэта адчуваю.

Звыш трох з паловай гадоў Дзмітрый Пажога шчыруе ў таварыстве. І ўся энергасістэма працуе тут бесперабойна, як гадзіннік. Сёлета галоўнаму спецыялісту дабавілася нагрузкі, ён займаецца эксплуатацыяй энергасістэмы і ў ААТ «Налібакі Агра».

– Работа наша не толькі важная, але і небяспечная, таму пастаянна трэба прытрымлівацца галоўнага прынцыпу энергетыка, якое заключаецца ў тым, каб не трапіць пад напружанне, – канстатуе Дзмітрый Іосіфавіч. – Неабходна заўсёды памятаць тры асноўныя правілы: адключы, зазямлі і правер. І ўсё тады будзе ў парадку.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *