Сельскі час

Нумары Сельская гаспадарка

6-12-21h

У ААТ «Шашкі» створана некалькі звенняў механізатараў, якія ведаюць і выконваюць даручаную ім пэўную работу своечасова і сумленна. У ліку іх – звяно па раздачы кармоў, у якім налічваецца тры адзінкі тэхнікі: пагрузчык са спецыяльным каўшом-адкусвальнікам кармоў, які даручаны Генадзю Юнцэвічу і два кормараздатчыкі, на якіх шчыруюць механізатары Міхаіл Талстой і Валянцін Калкоўскі. Гэтыя працаўнікі стараюцца, своечасова падвозяць і раздаюць кармы жывёле. Неаднойчы выходзілі пераможцамі ў спаборніцтве і ўваходзяць у склад асноўнага механізатарскага касцяку, у якім налічваецца да дзесяці чалавек. Як адзначае дырэктар таварыства Валерый Ільюшэнка, усе яны выконваюць работу як таго патрабуе тэхналогія і любой складанасці, паказваючы прыклад іншым. На гэтых людзей можна заўсёды пакласціся. Падчас напружаных палявых кампаній механізатары шчыруюць і на пасяўной, і на касьбе, і на ўборцы ўраджаю, і на іншых работах.

На здымку: (злева направа) Генадзь Юнцэвіч, Міхаіл Талстой і Валянцін Калкоўскі.

 

ЭЛЕКТРОННЫ ПАШПАРТ ДЛЯ КАРОВЫ

Напрыканцы года пяць сельскагаспадарчых арганізацый – ААТ «Дзераўное», «Радзіма Дзяржынскага», «Рочавічы», «Рубяжэвічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» набылі спецыяльную праграму «Інфармацыйныя сістэмы «Племсправа». Такім чынам, цяпер яна ёсць у трынаццаці сельгасарганізацыях раёна. Праграма дазваляе з дапамогай племянной карткі аўтаматычна весці ўлік усяго статка кароў і бягучую інфармацыю аб кожнай жывёліне.

У рамках дзеяння Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, высочванні сельскагаспадарчай жывёлы (статкаў), ідэнтыфікацыі прадуктаў жывёльнага паходжання» ў лютым бягучага года была прынята пастанова Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь аб устанаўленні заатэхнічных нормаў і правілаў «Патрабаванні да параметраў і характарыстык сродкаў ідэнтыфікацыі сельскагаспадарчай жывёлы (статкаў) і парадку іх устаноўкі».

А гэта значыць, што з 1 студзеня 2017 года трэба будзе выкарыстоўваць для мечання жывёлы біркі толькі новага ўзору – са штрыхкодам.

– Вядзенне такой формы ўліку з’яўляецца патрэбнасцю часу, – гаворыць дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык. – Укараненне сістэмы ідэнтыфікацыі і рэгістрацыі неабходна для забеспячэння, у першую чаргу, здароўя спажыўцоў, біялагічнай бяспекі жывёлагадоўлі і перапрацоўчай прамысловасці.

Карыстальнікамі сістэмы ў перспектыве могуць стаць усе грамадзяне нашай краіны. Напрыклад, на сайце па штрыхкоду, нанесеным на пакет малака, пачку сметанковага масла і інш., можна будзе даведацца, дзе яны выраблены, з якой сыравіны і ад якога вытворцы паступілі.

 

ПРАФІЛАКТОРЫЙ ЦЯЛЯТАМ

На МТФ «Апечкі» СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» уведзены ў строй дзеючых прафілакторый для цялят да шасцімесячнага ўзросту. Узведзена збудаванне ўласнымі сіламі. Для патаннення будаўніцтва выкарыстаны і матэрыялы ад разабранага жывёлагадоўчага памяшкання, якое раней стаяла на гэтым месцы. На дах паклалі празрысты шыфер, уставілі полікарбанатныя вокны. Як расказвае кіраўнік сельскагаспадарчага філіяла Аляксандр Дударэвіч, прафілакторый разлічаны на ўтрыманне двухсот жывёлін, але плануюць аптымізаваць плошчу і зрабіць дадаткова яшчэ пяцьдзясят пастановачных месцаў. Дзеля гэтага ўбяруць драўляныя домікі і зманціруюць жалезныя клеткі.

 

ТРАНШЭІДЛЯ КАРМОЎ

Летась у ААТ «Радзіма Дзяржынскага» пабудавалі чатыры новыя сянажна-сіласныя траншэі. Сёлета на МТФ «Слабодка» ўзвялі яшчэ адну. Пабудавалі яе з дарожных пліт, якія вырабляюцца на Баранавіцкім камбінаце жалезабетонных канструкцый. Дырэктар таварыства Васілій Лаўрашчук гаворыць, што такія пліты, якія, дарэчы, вырабляюцца з асоба трывалага жалезабетону, каштуюць практычна удвая танней за тыя, што завозілі са Слуцкага сельскага будаўнічага камбіната. У наступным годзе мяркуюць пабудаваць з дарожных пліт яшчэ дзве траншэі. І менавіта на комплексе ў Цеснавой. Справа ў тым, што на гэтым вытворчым участку рыхтуюцца кармасумесі і развозяцца па іншых фермах.

 

У ЛІДАРАХ – «РОЧАВІЧЫ»

Сельгаспрадпрыемствамі раёна сёлета перавыканана заданне па здачы чорных металаў. Пры плане 548 тон на ААТ «Белуторчармет» дастаўлена 635 тон металалому. Важнасць праведзенай у гэтым накірунку работы бясспрэчная, бо выгадна перапрацоўваць металалом не толькі з эканамічнага, а і з экалагічнага пункту гледжання. Больш за іншых здадзена другаснай сыравіны з ААТ «Рочавічы» – 80 тон, што ўдвая перасягае даведзены план. Справіліся з планамі ўсе гаспадаркі, а перавыканалі СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», ААТ «Шашкі», «Вялікі Двор», «Вішнявецкі-агра», «Дзераўное» і ТАА «СЖК «Налібакі».

 

ВАЖНЫ АГРАТЭХНІЧНЫ ПРЫЁМ

Працаўнікамі ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» выкананы план па вапнаванні зямель у сельгасарганізацыях раёна. Гэтая важная тэхналагічная аперацыя праведзена на 2644 гектарах. А завяршылася вапнаванне на палетках ААТ «Вялікі Двор». Варта адзначыць, што адначасова з вапнай для раскіслення глебы выкарыстоўвалі і яе аналаг – дэфекат, які дастаўлялі з Гарадзейскага цукровага камбіната. Больш зямель, прапарцыянальна іх колькасці ў гаспадарках і неабходнасці правядзення данай работы, правапнавана ў ААТ «Агранёманскі», «Дзераўное», «Вішнявецкі» і «Шашкі». Ужо вызначаны і аб’ём работ у наступным годзе. Згодна са складзенымі картаграмамі на сельгаспрадпрыемствах налічваецца 2347 гектараў зямлі, якая патрабуе абагачэння азотам, кальцыем і іншымі мікраэлементамі. У ААТ «Аграхімпраект» распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя. У першую чаргу будзе праведзена аздараўленне забруджаных зямель, якіх налічваецца 164 гектары.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *