Набліжаюцца навагоднія святы

Ахова правапарадку Нумары

image_pdfimage_print

7-12-21sПАЗБЕГНУЦЬ ТРАЎМАЎ АД ПІРАТЭХНІКІ

Штогод у перыяд калядных і навагодніх святаў здараюцца сур’ёзныя траўмы і апёкі ад таго, што мы імкнёмся разнастаіць гэтыя дні яркімі агнямі піратэхнікі. Так, паводле даных Міністэрства аховы здароўя рэспублікі, у перыяд з 31.12.2015 па 11.01.2016 ад піратраўмаў пацярпелі 34 чалавекі (15 дзяцей і 19 дарослых), з іх 26 праходзілі лячэнне амбулаторна, восем былі шпіталізаваны.

Абараніць сябе ад падобных траўмаў дапаможа выкананне простых правіл, пачынаючы з моманту пакупкі піратэхнічных вырабаў.

Важна ведаць, што для свабоднага продажу насельніцтву дапускаюцца піратэхнічныя вырабы бытавога прызначэння і вырабленыя толькі ў прамысловых умовах, якія забяспечаны інструкцыяй на рускай або беларускай мове. Ажыццяўляць іх рэалізацыю маюць права толькі спецыялізаваныя прадпрыемствы гандлю. Набыццё піратэхнікі з рук робіць вас патэнцыяльнай ахвярай. Пры выбары піратэхнічных вырабаў неабходна ўважліва вывучыць інструкцыю па захоўванні і прымяненні, каб быць упэўненым ва ўласнай бяспецы і бяспецы тых, хто побач, не нанесці шкоды маёмасці і навакольнаму асяроддзю пры іх выкарыстанні.

Захоўванне піратэхнічных вырабаў усіх відаў у дамашніх умовах не рэкамендуецца, таму што ў такім выпадку магчымы доступ да іх і бескантрольнае выкарыстанне дзецьмі. Забараняецца разбіраць і прасушваць піратэхнічныя вырабы (калі яны адсырэлі, трэба пакінуць іх на некалькі дзён у сухім цёплым пакоі, але ні ў якім разе не сушыць на батарэі). Варта мець на ўвазе, што транспарціроўка такіх вырабаў патрабуе павышанай асцярожнасці. Лепш не насіць петарды ў кішэнях, не гуляць з імі і не выкарыстоўваць не па прызначэнні.

Як запусціць феерверк, салют? Пасля абавязковага азнаямлення з інструкцыяй (безумоўна, неабходна выключыць стан алкагольнага ап’янення), абкладзіце яго цэглай, каменнем, зямлёю або снегам. Запальванне фіціля робіцца на адлегласці выцягнутай рукі, пасля чаго трэба хутка адбегчы на бяспечную адлегласць. Ні ў якім выпадку нельга схіляцца над піратэхнікай, калі яна не спрацавала ці падчас запальвання яе.

Нельга прымяняць любыя піратэхнічныя вырабы ў кватэрах і дамах, у месцах вялікай колькасці людзей. Іх выкарыстанне дапускаецца толькі на адкрытых пляцоўках, далей ад жылых масіваў і – выключна дарослымі. Неаднаразова былі зафіксаваны выпадкі, калі ракеты прабівалі шкло і заляталі ў вокны кватэр, на балконы, у выніку чаго адбываўся пажар.

Паважаныя дарослыя! Раскажыце дзецям пра небяспеку забаў з піратэхнікай. Гэта пагражае не толькі ім самім, але і тым, хто знаходзіцца побач. Беражыце сябе!

 

АКЦЫЯ

З мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў у святочныя дні на тэрыторыі раёна ў перыяд з 5 па 30 снежня аб’яўлена рэспубліканская акцыя – «Бяспечны Новы год».

Акцыя праходзіць у чатыры этапы. Падчас іх выратавальнікі сустрэнуцца з выхаванцамі ўстаноў адукацыі, наведаюць працоўныя калектывы раёна, зробяць кантрольныя «закупкі» ў месцах гандлю піратэхнічнымі вырабамі і будуць весці прафілактычную работу ў месцах масавага знаходжання людзей – у гандлёвых цэнтрах, на рынках і т. п. У ходзе акцыі запланаваны конкурсы, забаўляльныя праграмы, лекцыі, дэманстрацыя фільмаў і ролікаў па асновах бяспечнай жыццядзейнасці і шмат чаго яшчэ.

– Новы год – адно з самых любімых святаў дзяцей і дарослых. Але нават падчас святочнага вяселля не варта забываць пра бяспеку. Нездарма ў народзе кажуць: як Новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Аказацца ў бальніцы з-за петарды або выклікаць пажарных з-за загарання ад бенгальскіх агнёў кватэры – не хочацца нікому, – заўважае інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вольга Салей.

Удзел у акцыі прымуць не толькі супрацоўнікі МНС, але і актывісты Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных і клубаў юных выратавальнікаў, а таксама ўсіх тых службаў і арганізацый, якія імкнуцца да таго, каб свята Новага года і ўвесь новы 2017 год былі бяспечнымі.

Пр

 

ЛЕПШ – БЕЗ «БАЗАВЫХ»

Райаддзелам міліцыі праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленне парушэнняў у рэалізацыі піратэхнічных вырабаў.

Правяраюцца як спецыялізаваныя прадпрыемствы гандлю, так і іншыя магчымыя месцы іх продажу – рынкі, гандлёвыя цэнтры, магазіны і т. п.

У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 703 ад 22.07.2014 рэалізацыя піратэхнічных вырабаў не дапускаецца ў неізаляваных гандлёвых аб’ектах, напрыклад, у кіёсках, палатках, перасоўных аб’ектах развознага і разноснага гандлю.

За парушэнне правіл абарачэння з піратэхнічнымі вырабамі ў заканадаўстве рэспублікі прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць.

Адміністрацыйная адказнасць наступае згодна з артыкулам 23.48 КоАП Рэспублікі Беларусь. Гэта штраф да дзесяці базавых велічынь, а за аналагічныя паўторныя дзеянні – да 20 «базавых» з магчымай канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Штрафныя санкцыі за рэлізацыю піратэхнічных вырабаў з рук, латкоў, калясак, аўтамабіляў і іншых непрыстасаваных, забароненых законам, месцаў (частка 8 артыкула12.17 «Парушэнне правіл гандлю і аказання паслуг насельніцтву») дасягаюць трох базавых велічынь. Недазволены гандаль піратэхнікай можа быць расцэнены як незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць (артыкул 12.7), штраф за якую – ад 10 да 50 «базавых», а для індывідуальных прадпрымальнікаў – ад 10 да 200 «базавых» з канфіскацыяй тавару, для юрыдычнай асобы – да 500 «базавых».

Хацелася б звярнуцца і да аматараў зладзіць феерверк у шматлюдным месцы. Пры выкарыстанні ў грамадскіх месцах (гэта месцы з масавым знаходжаннем людзей, двары дамоў і т. п. ) піратэхнічных вырабаў, якія ўяўляюць пагрозу бяспецы грамадзян, вінаватыя прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з артыкулам 17.1 (дробнае хуліганства). За гэта пагражае штраф ад двух да 30 «базавых» або адміністрацыйны арышт.

У выпадку выкарыстання піратэхнікі непаўналетнімі (дзецьмі ва ўзросце да 14 гадоў) да адміністрацыйнага пакарання могуць быць прыцягнуты іх бацькі (артыкул 9.4 «Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей», штраф да 20 «базавых»). Дзіця пры гэтым можа быць пастаўлена на прафілактычны ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.

Разам з тым, за парушэнне правіл выкарыстання агнястрэльнай зброі, выбухованебяспечных, лёгказагаральных, едкіх рэчываў або піратэхнічных вырабаў закон прадугледжвае і крымінальную адказнасць.

Каб святы прайшлі добра, без негатыўных наступстваў, захоўвайце меры асабістай бяспекі, будзьце ўважлівыя і законапаслухмяныя.

Аддзел аховы правапарадкуі прафілактыкі райаддзела міліцыі

 

ГІРЛЯНДЫ, ІЛЮМІНАЦЫЯ – «ПАД НАГРУЗКАЙ»

У пераднавагодні перыяд актуальныя пытанні электрабяспекі, таму што святкаванне Новага года і Ражджаства не абыходзіцца без падключэння ёлачных гірляндаў і светатэхнічнай ілюмінацыі.

Па традыцыі, святочныя мерапрыемствы пройдуць у школах і іншых дзіцячых установах, дамах культуры і т. п. Іх арганізатарам неабходна з усёй адказнасцю падысці да выканання элементарных правіл бяспекі.

Сярод іх – выкарыстанне ёлачных гірляндаў толькі заводскага вырабу. Гірлянды нельга размяшчаць у аконных праёмах, побач з ацяпляльнымі батарэямі, у месцах, дзе існуе верагоднасць адначасовага судакранання іх з правадамі і заземленымі часткамі будынка. Варта прадугледзець устаноўку прыстасаванняў ахоўнага адключэння і правесці электрафізічныя вымярэнні, у прыватнасці вымярэнне супраціўлення ізаляцыі, праверку наяўнасці ланцуга зазямлення і спрацоўвання абароны ў электраўстаноўках напружаннем да 1000 В з глухазаземленай нейтраллю (пятля «фаза-нуль»).

Адно з важных напрамкаў бяспекі – прызначэнне асоб, адказных за пажарна- і электрабяспечнае правядзенне навагодніх мерапрыемстваў, а таксама арганізацыя дзяжурства ў гэты час электратэхнічнага персаналу. З гэтым персаналам неабходна правесці мэтавыя інструктажы і трэніроўкі на выпадак парушэння электразабеспячэння.

Каб пазбегнуць няшчаснага выпадку, забаронена прымяняць правады і кабелі з пашкоджанай ізаляцыяй, пакідаць пад напружаннем неізаляваную электраправодку, завязваць і скручваць праводку і кабелі, прымяняць у якасці электрасетак тэлефонныя і радыёправады, а таксама самаробныя плаўкія ўстаноўкі засцерагальнікаў («жучкі»).

Пры пажары ў электрашафах электраабсталявання або электраправодках трэба адключыць уводнае прыстасаванне (аўтаматы, пакетны выключальнік, рубільнік) і тушыць пажар пяском або з прымяненнем вогнетушыцеля.

У школьнікаў хутка пачнуцца зімовыя канікулы, у сувязі з чым рэкамендуем бацькам і педагогам яшчэ раз нагадаць дзецям пра правілы электрабяспекі.

Павел ГАЛАВАЧЭНКА,інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»,

Вольга САЛЕЙ, інспектар групы прапаганды і навучання райаддзела па надзвычайных сітуацыях



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *