Цікавая прафесія – журналіст

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Адна з апошніх субот паднесла нам прыемны сюрпрыз. У школу прыехалі госці, якіх мы чакалі даўно. У рамках праграмы прафарыентацыі да нас у аб’яднанне па інтарэсах «Юны журналіст» завіталі прафесіянальныя журналісты. Гэта Яўген Мікалаевіч Жыбуль, намеснік галоўнага рэдактара «Белорусской лесной газеты», і Іна Мікалаеўна Жыбуль, кіраўнік аддзялення па сувязях з грамадскасцю сталічнай клінікі жаночага здароўя «Ева». Яны абое закончылі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, факультэт журналістыкі. Нам было вельмі прыемна даведацца, што Яўген Жыбуль – выпускнік нашай школы. Спачатку Яўген Мікалаевіч раздаў нам невялікія падарункі. Кожны член аб’яднання атрымаў ручку, пакецік і сцяжок з лагатыпамі газеты, у якой ён працуе. Затым ён расказаў, па якім прынцыпе будуецца дзейнасць рэдакцыі, пра абавязкі кожнага супрацоўніка, як правільна збіраецца і апрацоўваецца інфармацыя. Ён пазнаёміў нас са сваім выданнем, з яго гісторыяй. Яўген Мікалаевіч патлумачыў, якімі якасцямі павінен валодаць журналіст. Таксама паведаміў, на якія тэмы больш любіць пісаць. Яўген Жыбуль валодае выдатным пачуццём гумару, ён шмат нас смяшыў. Нам было сапраўды цікава слухаць яго. Затым выступіла Іна Мікалаеўна. Яна паведаміла, што закончыла факультэт журналістыкі па адносна новай спецыяльнасці – інфармацыі і камунікацыі. Яна атрымала новую прафесію, звязаную з запытамі сучаснага рынку працы, – піяр-спецыяліст. Такія кадры цяпер асабліва запатрабаваны прыватнымі кампаніямі, фірмамі. Свой прафесіяналізм Іна Мікалаеўна рэалізуе ў клініцы жаночага здароўя «Ева». У яе абавязках у яркай прыгожай форме рэкламаваць паслугі клінікі, ажыццяўляць шырокую асветніцкую дзейнасць для кліентаў. У гэтым ёй дапамагае яе ранейшы вопыт работы на рэспубліканскім радыё. Стараннямі Іны Мікалаеўны ў клініцы стала выходзіць свая газета «Дзённік Евы», сама яна – выдатны спецыяліст камп’ютарнай вёрсткі і журналіст-практык. Іна Жыбуль актыўна супрацоўнічае с друкаванымі і электроннымі сродкамі масавай інфармацыі па прапагандзе паслуг клінікі жаночага здароўя. У абавязках піяр-менеджара – падрыхтоўка і правядзенне мерапрыемстваў, каб як мага больш людзей даведаліся аб гэтай клініцы, яе спецыялістах і паслугах, якія аказваюцца па ўмацаванні здароўя жанчын. Яе аповед пра сваю працу быў вельмі займальным.

Для членаў нашага аб’яднання прафесія журналіста адкрылася з вельмі цікавага боку, нашы госці сталі для нас прыкладам мэтанакіраванасці ў дасягненні мэты і станаўлення ў сваёй прафесіі. Пасля зададзеных шматлікіх пытанняў мы атрымалі нямала добрых парад, якія дапамогуць нам у выбары прафесіі. Гэтая вясёлая і пазнавальная сустрэча пакінула ў нас шмат прыемных уражанняў.

Ульяна МІЛАШЭЎСКАЯ, член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *