Канцэртная праграма ў гонар юбілею народных паэтаў Беларусі

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі адкрые фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2017» новай праграмай у гонар 135-годдзя народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аб гэтым кіраўнік аркестра, народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг паведаміў журналістам, перадае карэспандэнт БелТА.

«Наша новая праграма прысвечана юбілею народных песняроў – Купалы і Коласа – і будзе заснавана на іх творчасці. У яе ўваходзіць 38 твораў. Праграма ўжо поўнасцю гатова, але будзе прадстаўлена шырокай публіцы толькі на фестывалі ў Маладзечне ў пачатку чэрвеня», – сказаў Міхаіл Фінберг.

«Я не перастаю паўтараць, што трэба любіць сваю краіну і праяўляць увагу да нацыянальнага мастацтва. З дапамогай такіх канцэртных праграм хочам паказаць, што ў нас ёсць сапраўдная беларуская паэзія і музыка, якімі мы можам ганарыцца», – адзначыў ён.

У новай праграме прымаюць удзел 10 салістаў, у тым ліку заслужаная артыстка Беларусі Наталля Тамела. «У нас таксама многа маладых салістаў. Яны вельмі здольныя, выдатна спяваюць на розных мовах і пры гэтым любяць родную беларускую мову, а гэта адметна», – дабавіў кіраўнік аркестра.

Першы намеснік міністра культуры Ірына Дрыга адзначыла, што аркестр традыцыйна рыхтуе новую праграму да адкрыцця фестывалю. «Адразу пасля заканчэння папярэдняга фестывалю ў Маладзечне мы дамовіліся з Міхаілам Фінбергам аб новай праграме ў гонар юбілею народных паэтаў Беларусі. І я рада таму, што прагучаць як ужо вядомыя песні ў новых аранжыроўках, так і малавядомыя шырокай публіцы, але цікавыя па сваім музычным матэрыяле творы. Важна не забываць нашых класікаў», – падкрэсліла першы намміністра.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *