Сумленнай, шчырай працай на зямлі

Людзі і лёсы Нумары Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Сёння адзначае свой чарговы жыццёвы юбілей дырэктар ААТ «Вялікі Двор», заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Вольга Луцык. Вольга Аляксееўна амаль сорак пяць гадоў на пасадзе кіраўніка аднаго з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна. І вядомы не толькі ў раёне чалавек, а і заваявала бясспрэчны аўтарытэт за яго межамі. А пачыналася кар’ера да банальнасці проста. Прапанову вылучыць яе кіраўніком унёс Альфонс Цішкевіч, які працаваў тады сакратаром райкама партыі. Выбіраючы з двух калгасаў, Вольга Аляксееўна спынілася на той час не на самым лепшым (чым усе былі нямала здзіўлены). Чаму? Хацелася даказаць усім, а найперш сабе, чаго яна вартая. Ды і багатыя землі гаспадаркі прываблівалі – вырысоўвалася перспектыва пры разумным гаспадаранні ў будучым трапіць у лік лепшых. І з сакавіка 1972 года Вольга Луцык узначаліла, на той час, калгас «Дружба». Было ёй тады ўсяго трыццаць гадоў.

3-23-12-24s

Маладая, энергічная, поўная сіл, яна з энтузіязмам узялася за справу і засталася вернай дадзенаму слову – вывела гаспадарку на перадавыя рубяжы. У першы год яе старшынства хлебаробы раней за іншых справіліся з уборкай хлеба. А ў 1980 годзе калгас ужо ўваходзіў у пяцёрку лепшых гаспадарак раёна. Нялёгка гэта давалася, бо спачатку не ўсе калгаснікі ўспрынялі яе ўсур’ёз. Маўляў, маладая, ды ранняя, нічога ў яе не атрымаецца. Але нават тыя, хто больш за ўсіх сумняваўся, неўзабаве ўпэўніліся, што не проста так Вольга Аляксееўна атрымала назначэнне. Ёсць у яе арганізатарскія здольнасці і талент кіраўніка, якія прыкмеціла кіраўніцтва раёна. І прыйшла яна свядома, каб падняць эканоміку калгаса, зрабіць людзей больш заможнымі. Прыйшлося старшыні напачатку прымаць і непапулярныя меры. Але лайдакі і п’яніцы зразумелі, што працаваць абыякава ў іх не атрымаецца. Упартая і настойлівая, патрабавальная да сябе і іншых, яна дабілася свайго.

У таварыстве сёння самая высокая заработная плата сярод гаспадарак раёна. І гэта плён працы калектыву, які з году ў год дабіваецца высокіх паказчыкаў як у раслінаводчай, так і ў жывёлагадоўчай галінах, утрымліваючы лідарства. У гаспадарцы шчыруе выдатны корпус спецыялістаў. Па ўраджайнасці збожжавых на працягу дзесяцігоддяў велікадворскім хлебаробам няма роўных. У спрыяльныя гады тут намалочвалі звыш 60 цэнтнераў збожжа з гектара. У 2013 годзе сельгаставарыства заслужана выйшла лідарам рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. Тут пастаянна займаюцца сортазменай і сортаабнаўленнем, высяваюць перспектыўныя раяніраваныя сарты. І цукровых буракоў заўжды збіраюць багата. Сёлета на круг накапалі звыш 600 цэнтнераў салодкіх каранёў. Кармоў таксама нарыхтоўваюць дастатковую колькасць. У жывёлагадоўлі праводзіцца мадэрнізацыя. У ліку першых тут пабудавалі малочнатаварную ферму з даільнай залай. Будаўніцтва працягваецца і зараз: побач выраслі і ўзводзяцца новыя памяшканні для жывёлы. Ёсць сучасны комплекс па вытворчасці ялавічыны. У таварыстве адна з самых высокіх у вобласці рэнтабельнасць вытворчасці сельгаспрадукцыі. Вольга Аляксееўна адзначае, што самае важнае – строгае прытрымліванне тэхналогіі вытворчасці прадукцыі, як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі, тады і паказчыкі будуць высокімі. А ёсць рост малака, прывагі – адпаведна вырасце і выручка. Будуць грошы на неадкладныя справы, набыццё тэхнікі. А вось крэдытаў, як падкрэслівае дырэктар, прынцыпова не бяруць, толькі на будаўніцтва. На ўсіх нарадах Вольга Аляксееўна заўжды адстойвала выбраную пазіцыю і даказвала яе праўдзівасць. За такую смеласць неаднойчы выклікала незадавальненне вышэйшага кіраўніцтва, але інакш паступіць не магла. Такой яна застаецца і сёння. На яе раўняюцца, з ёю раяцца, ёю захапляюцца.

Гады праходзяць, застаюцца ўспаміны. Пасяўная, касавіца, уборачная і зноў пасяўная. Лета змяняе вясну, зіма – восень. Не верыцца нават, што за плячыма гэтай мілавіднай жанчыны некалькі дзесяцігоддзяў напружанай працы і бяссонных начэй у такой нялёгкай галіне, як сельская гаспадарка. Заўсёды элегантная, Вольга Аляксееўна прыцягвае да сябе ўвагу і выклікае павагу. Час нібыта прыпыніў свой бег, і гады няўласныя перад гэтай жанчынай.

Кожны дзень кіраўніка напружаны і заўжды распісаны наперад: трэба ўстаць на золку, усюды паспець, прыкмеціць тое, на што іншыя не звяртаюць увагі, а вечарам, засынаючы ад стомленасці, намячаць на заўтра чарговыя задачы. Яна сама выбрала такое мітуслівае жыццё, поўнае як перамог, так і расчараванняў. Вольга Аляксееўна кажа, што інакш і быць не магло. Азіраючыся ў мінулае, яна ніколькі не сумняваецца, што калі б прыйшлося пачаць жыццё нанова, яна б нічога ў ім не змяніла. У жанчыны застаецца пастаяннае жаданне служыць сваёй раз і назаўсёды выбранай справе. Дарэчы, у адным з інтэрв’ю Вольга Аляксееўна адкрыта прызналася, што не можа ўявіць сябе без справы, якой аддала столькі гадоў жыцця. «Работай я жыву, адчуваю сваю запатрабаванасць і дзякую Богу, што ён дае мне здароўе і магчымасць працаваць, а значыць, быць карыснай людзям і дзяржаве». Сёння ў падпарадкаванні дырэктара дзеці і ўнукі тых, з кім пачынала нялёгкі шлях амаль 45 гадоў назад. Верыць у гэтых людзей, і яны не падводзяць. Таму на ўсіх узроўнях дырэктар любіць паўтараць, што ганарыцца сваім калектывам шчырых і працавітых работнікаў.

…Вясковая дзяўчына звязала лёс з зямлёй і аддала працы на ёй больш за паўстагоддзя свайго жыцця. Выпускніца агранамічнага факультэта Эрастаўскага сельскагаспадарчага тэхнікума (Украіна) прыехала на працу ў Стаўбцоўскі раён. Так атрымалася, а магчыма было наканавана і лёсам. Маладому спецыялісту прадаставілі работу па спецыяльнасці ў калгасе «Шлях да камунізму» (зараз ААТ «Рочавічы»), дзе яна пачынала працаваць пад кіраўніцтвам вопытнага старшыні Сцяпана Сабко. Вольга Аляксееўна пастаянна падкрэслівае, што менавіта Сцяпан Усцінавіч навучыў яе беражлівасці і эканоміі, даў пуцёўку ў самастойную працоўную дзейнасць. Параіў вучыцца далей. Без адрыву ад вытворчасці Вольга Луцык скончыла Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па абранай спецыяльнасці. Яны і сёння сустракаюцца на ўрачыстасцях. Успамінаюць былыя дні, абмяркоўваюць бягучыя праблемы. Цёплым словам адгукаецца Вольга Аляксееўна і пра Канстанціна Каробку (светлай памяці), у калгасе «Перамога» (зараз ААТ «Радзіма Якуба Коласа») яна таксама працавала. Гэтыя два старэйшыны, якія ўзначальвалі перадавыя калгасы, навучылі яе думаць, пралічваць сітуацыю і заклалі на ўсё жыццё любоў да зямлі. Ужо будучы кіраўніком, яна заўжды адчувала іх падтрымку. Прыслухоўвалася да слушных парад. І за гэта Вольга Аляксееўна ўдзячна сваім настаўнікам. Сёння яна сама па-мацярынску апякае маладых кіраўнікоў, перадае ім накоплены неацэнны вопыт работы ў сельскагаспадарчай галіне. Вольга Аляксееўна неаднойчы выязжала на вучобу за рубеж. Была ў Японіі, Польшчы, Нідэрландах, Ізраілі, Індыі, на Кубе. І многае з убачанага ўкараніла ў сваёй гаспадарцы, дзе пастаянна праводзяцца шматлікія семінары.

Вольга Аляксееўна сцвердзілася ў жыцці не толькі як кіраўнік. Як і для кожнай жанчыны, самая галоўная каштоўнасць для яе – сям’я. Вольга Аляксееўна любіць сваіх родных, якія ва ўсім яе падтрымліваюць. А дзеці і ўнукі, у сваю чаргу, ганарацца сваёй маці і бабуляй.

Жыццё бурлівае і поўнае нечаканасцяў. А значыць, кожнаму з нас калі-небудзь выпадаюць сумныя хвіліны і выпрабаванні. Вольга Аляксееўна з усім справілася і ўсе нягоды перажыла. Пасля прыйшла да веры. Таму палічыла патрэбным узвесці ў вёсцы царкву, якая названа ў гонар іконы Божай Маці Неўпіваемая Чаша. За дабрачынную справу яна атрымала медаль Прападобнай Ефрасінні Полацкай.

 «Вельмі важныя духоўнасць і маральнасць, – сказала Вольга Аляксееўна. – Мы пабудавалі храм і стараемся жыць і працаваць, прытрымліваючыся дзесяці запаведзяў».

Працоўныя заслугі Вольгі Луцык адзначаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу», сярэбраным медалём ВДНГ, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Яна мае дзве Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. З прафсаюзных узнагарод – ганаровы знак «За заслугі».

Здароўя вам моцнага, Вольга Аляксееўна, і новых працоўных перамог!

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *