Перадсвяточнае

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

4-23-12-24d

ЗА САБОЙ ВЯДЗЕ «12 КЛАС»

Што гэта за 12-ы клас такі, калі ў сістэме адукацыі рэспублікі прадугледжана «адзінаццацігодка»?

Так назвалі сябе маладыя настаўнікі самай вялікай школы раёна – СШ № 3, якія аб’ядналіся для выступлення на VII гарадскім турніры інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» сярод працоўнай моладзі. У паспяховасці свайго «новаўвядзення» яны змаглі пераканаць і членаў журы турніру.

Удзел у ім, акрамя «12 класа», узялі яшчэ сем камандаў. Назва кожнай з іх – адметная, «гаворыць» за свой працоўны калектыў: «36 і 6″(цэнтральная раённая бальніца), «Кароткае замыканне» (Стаўбцоўскія электрасеткі), «Пазітыў» (філіял ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы), «Сектар Газа» (Стоўбцыгаз), «Шпількі» (СШ № 2), «Нястрымныя» (райаддзел унутраных спраў), «Гурман» (мясакансервавы камбінат). Да выступлення рваліся і выратавальнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, аднак у апошні момант іх «адклікала» аператыўная абстаноўка.

Сёлетняя сустрэча па ініцыятыве моладзі прайшла ў піцэрыі «Гарадок», за што вялікая ўдзячнасць яе заснавальніку А. А. Сазону і гасцінным работнікам ад арганізатараў – раённага камітэта БРСМ, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. У зале піцэрыі, выкананай у апельсінавых колерах, сапраўды панавала незвычайная сонечная атмасфера.

– Вядучая турніру Вольга Трафімчук падрыхтавала пытанні на эрудыцыю, з цікавым кантэкстам і тонкім гумарам, – падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская. – Вольга – сапраўдны энтузіяст, пачынальнік і прадаўжальнік гэтай гульні ў Стоўбцах, хоць пакуль знаходзіцца не на педагагічнай пасадзе, а «працуе» мамай-«дэкрэтніцай».

Перамогу ў гарадскім турніры, як вы, магчыма, здагадаліся, атрымала каманда «рэфарматараў» – «12 клас», другое і трэцяе месцы – у камандаў «36 і 6» і «Кароткае замыканне» (адпаведна). Усе ўдзельнікі ўзнагароджаны дыпломамі, а пераможца і прызёры – граматамі і падарункамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

НА ЗДЫМКУ: каманда «Шпількі» з СШ № 2.

 

НУМАРЫ З АДМЕТНАЙ АЗДОБАЙ

Работнікі гасцініцы «Зара», якая належыць Стаўбцоўскаму аб’яднанню камунальных службаў, таксама падрыхтаваліся да Новага года.

Па-святочнаму выглядае фае, дзе ў цэнтры зіхаціць агнямі ёлка, папрыгажэлі і нумары для пражывання. Для кліентаў гасцініцы створана атмасфера дамашняй утульнасці, тым больш, як адзначаюць самі работнікі, гасцініца ўсё больш набірае папулярнасці і сярод стаўбчан – пры неабходнасці мясцовыя жыхары ўладкоўваюць сюды на начлег сваіх гасцей. Цэны даступныя, ёсць выбар нумароў, у тым ліку і люксавага ўзроўню, – не трэба нікога абмяжоўваць і абцяжарваць.

На месцы можна дадаткова атрымаць разнастайныя паслугі. Да прыкладу, усіх жадаючых запрашаюць більярд, цырульня, дзе майстар Ірына Шкляр робіць сучасныя прычоскі не толькі жанчынам і мужчынам, а і дзецям. У арандаваных памяшканнях працуюць банкаўскае аддзяленне, абутковая майстэрня, аптэка. Гэтай снежнай парой дарожкі на тэрыторыі гасцініцы з самай раніцы ўжо пачышчаны для зручнасці кліентаў.

Начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан зазначае: «Творча адносіцца да сваёй работы адміністратар Людміла Аляшкевіч і калектыў пакаёвак».

 

НАВАГОДНІМІ МАРШРУТАМІ

Пераднавагодні снежань – адзін з самых актыўных месяцаў года ў плане падарожжаў і экскурсій.

Сярод асноўных заказчыкаў Стаўбцоўскага турбюро ў апошні месяц года – школы. Дзеці з настаўнікамі з задавальненнем наведваюць навагоднія прадстаўленні ў сталіцы: у тэатры юнага гледача, тэатры эстрады, музычным тэатры. Ажыятажны попыт – на наведванне прадстаўленняў у Палацы Рэспублікі. Нязменнай папулярнасцю карыстаецца і цырк. «Білеты ў цырк мы заказвалі яшчэ ў верасні», – удакладняе дырэктар бюро Леаніда Высоцкая. Зроблены заяўкі і на экскурсіі ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза – Белавежскую пушчу. Варта адзначыць яе пастаянных наведвальнікаў – кожны год едзе туды група вучняў сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы разам з педагогам Алай Ярмак. Чакаюць дзетвару Дзед Мароз, Снягурка і іншыя казачныя персанажы і ў стаўбцоўскай рэзідэнцыі – на турбазе «Высокі бераг».

Выбар вялікі, каб пазнавальнымі, памятнымі, вясёлымі сталі гэтыя дні для дзетвары. А наперадзе ж яшчэ зімовыя канікулы, якія прынясуць шмат новых уражанняў.

 

РАБОТЫ Ў ПАЎНОЧНЫМ-2

Да канца бягучага года водазабеспячэнне новага мікрараёна індывідуальнай жылой забудовы ў Стоўбцах Паўночны-2 выведзена на трэцюю, завяршальную, чаргу будаўніцтва.

Кожная чарга будаўніцтва – гэта з’яўленне каля 4,5 км сетак водазабеспячэння. Першая іх чарга была здадзена ў 2015 годзе, а на гэты год прыйшоўся асноўны аб’ём работ.

– Будаўнікі завяршаюць другую чаргу будаўніцтва і прыступаюць да трэцяй, – падкрэслівае дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства «УКБ Стаўбцоўскага раёна» Мікалай Мармузевіч. – Да канца 2016 года мяркуецца асвоіць каля 500 тысяч дэнамінаваных рублёў. Будаўнікі працуюць з апераджэннем графіка.

Падрадная арганізацыя на гэтым аб’екце – дзяржаўнае прадпрыемства «Брэстводбуд». Тэндар яно выйграла са зніжэннем каштарыснага кошту ў памеры 20 працэнтаў.

 

БРЭЙН-РЫНГ ЗНАТАКОЎ

На Стаўбцоўшчыне добрай традыцыяй стала правядзенне сярод школьнікаў напярэдадні зімовых канікулаў гульні «Брэйн-рынг «Знатакі асноў бяспекі жыццядзейнасці». Сёлета на базе ДУА «Гімназія № 1 г. Стоўбцы» прайшла VII раённая гульня, удзел у якой узяла 21 каманда – прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі раёна.

– Адной з першачарговых задач работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з’яўляецца папярэджанне пажараў па прычыне дзіцячага свавольства з агнём, а таксама прафілактыка дзіцячых траўматызму і гібелі, – зазначае начальнік аддзела Валерый Ілюшын. – Для дасягнення гэтай мэты выкарыстоўваюцца розныя формы работы, аднак гульня, на мой погляд, – адна з самых эфектыўных. Пераможцам у ёй хоча стаць кожны! А для гэтага трэба паказаць свае веды па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

Са сваімі ведамі ўдзельнікі спаборнічалі адразу ў адборачных турах. Паводле іх вынікаў было вызначана пяць камандаў-фіналістак. Парадавала тое, што ўсе каманды паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. А першае месца заваявала каманда «Арэол» гімназіі № 1 (дарэчы, гэтая каманда – пераможца і мінулагодняй гульні), другое – каманда «Праметэй» Заямнаўскай школы, трэцяе – «Каманда «112» Горкаўскай школы.

Каманды былі адзначаны дыпломамі і падарункамі ад арганізатараў гульні.

 

ІНТЭРНЭТ ДЛЯ ПРУДОЎ

У Стоўбцах завяршаецца пераключэнне абанентаў дамоў № 23 і № 25 па вуліцы Свярдлова да оптыка-валаконных ліній сувязі. Гэта дасць магчымасць атрымаць хуткі інтэрнэт, інтэрактыўнае тэлебачанне і многія іншыя дадатковыя віды паслуг.

– Аналагічны падарунак плануецца зрабіць да Новага года і жыльцам дамоў па вуліцы Энгельса, №№ 5 і 8, – адзначае спецыяліст Стаўбцоўскага вузла электрасувязі Таццяна Салавей.

Якасныя падзвіжкі назіраюцца і ў плане тэлефоннай сувязі. Так, устаноўлена тэлекамунікацыйная шафа ў Прудах. З яе дапамогай адкрываецца перспектыва для жыхароў і дачнікаў аддаленай лясной вёскі выходзіць у інтэрнэт, падключаць інтэрактыўнае тэлебачанне і т. п. Да гэтага іх абслугоўвала тэлефонная станцыя ў Налібаках, аднак вялікая адлегласць паміж гэтымі населенымі пунктамі пазбаўляла магчымасці атрымліваць дадатковыя віды сучасных паслуг.

 

КРУГЛАСУТАЧНЫЯ БУДНІ

Аўтамагістраль М 1, якая пралягае праз тэрыторыю раёна і мае еўрапейскае значэнне, патрабуе павышанай увагі дарожнікаў.

Як расказаў начальнік ДЭУ № 62 Дзмітрый Ёдчык, у зімовы перыяд на аўтамагістралі вядзецца кругласутачнае дзяжурства дыспетчара і брыгады вадзіцеляў. Ачыстка яе ад снегу, апрацоўка супрацьгалалёднымі матэрыяламі вядзецца па меры неабходнасці і з улікам таго ўзроўню патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да платнай дарогі.

Пры гэтым, як падкрэсліваюць супрацоўнікі ДАІ, карыстальнікам дарог у зімовы перыяд нельга разлічваць толькі на дарожнікаў – у першую чаргу вадзіцелям неабходна выбіраць бяспечны рэжым руху ў залежнасці ад умоў надвор’я і стану дарожнага пакрыцця.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *