Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістравана па раёне тры шлюбы, зроблена шэсць адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Станіслаў Якубоўскі, Максім Руцкі, Савелій Скрындзеўскі, Мікіта Белановіч, Ганна Бацьян і Ева Здановіч-Муратава.

Зямны шлях закончыўся для 20-ці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі два вогненныя здарэнні. Успыхнуў жылы дом у цэнтры Стоўбцаў, па вуліцы Ленінскай. Агонь паспеў дабрацца да даху. Ніхто не пацярпеў. У Любкаўшчыне агнём знішчаны хлеў. Прычыны абодвух пажараў высвятляюцца. Матэрыялы адносна іх перададзены ў райаддзел міліцыі.

Міліцыяй зарэгістравана 124 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана пяць крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазроныя. У Вішняўцы злодзей выкраў з гаспадарчай пабудовы бензапілу, а таксама пабываў у двух дамах, адкуль вынес грошы. Прапалі грошы і ў доме на завулку Лугавым у Стоўбцах. Падчас сваркі ў Дзярэчынцах нецвярозы грамадзянін узняў руку на жанчыну, у выніку чаго яна атрымала цялесныя пашкоджанні і працяглае расстройства здароўя.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету затрыманы ў паляўнічых угоддзях жыхар Дзераўной, які ажыццяўляў паляванне без пуцёўкі і з незарэгістраванай паляўнічай стрэльбай. Па гэтым факце распачаты адміністрацыйны працэс. Парушальніку пагражае штраф да 50 базавых велічынь з пазбаўленнем спецыяльнага права на паляванне, а таксама сродку палявання. Акрамя таго, асобна яму пагражае адміністрацыйная адказнасць за захоўванне і выкарыстанне незарэгістраванай зброі.

Суд прыгаварыў да абмежавання волі на 1,5 года 48-гадовую мінчанку, якая ўчыніла крадзеж маёмасці ў Драздах. 32-гадовая новасвяржанка, абавязаная асоба, ухілялася ад кампенсацыі выдаткаў на ўтрыманне свайго непаўналетняга сына (не выходзіла на працу), за што на месяц арыштавана. 26-гадовы жыхар пасёлка Школьны, будучы ваеннаабавязаным, ухіляўся ад яўкі на зборы, і за гэта пакараны буйным штрафам – у памеры 70 базавых велічынь (1470 рублёў). Асуджаны да 160 гадзін грамадскіх работ 39-гадовы жыхар Задвор’я, які не плаціў аліменты на ўтрыманне двух непаўналетніх дзяцей.

ДАІ выявіла 136 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – чацвёра п’яных вадзіцеляў і сем вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 23 недысцыплінаваныя пешаходы і чатыры веласіпедысты. Зафіксавана 14 дарожна-транспартных здарэнняў. У іх ніхто не пацярпеў.

«Хуткая» выязджала 251 раз, у прыватнасці, сем выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем. Два звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *