Выстаялі ў стыхіях і ідуць далей

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

З САЦЫЯЛЬНАГА ПАКЕТА

160 дзяцей работнікаў прадпрыемства запрошаны ў раённы Цэнтр культуры на навагоднія ранішнікі з уручэннем падарункаў.

У 2016 годзе аздароўлена 45 работнікаў прадпрыемства і больш за 70 іх дзяцей (у дзіцячых аздараўленчых лагерах, аздараўленчым цэнтры «Энергетык» разам з бацькамі, санаторыі «Друскінінкай»), больш за 80 работнікаў прайшлі аздараўленне выхаднога дня ў «Энергетыку» і інш.

За лістапад 2016 года прафкамам аплачана паслуг ФАКа на 400 рублёў – за наведванне работнікамі басейна, трэнажорнай залы, заняткаў па валейболе, футболе, баскетболе, тэнісе.

Для звычайных спажыўцоў дзейнасць Стаўбцоўскіх электрасетак застаецца незаўважнай. Гэта добры знак і крытэрый эфектыўнай работы.

Дзень энергетыка – адно з нямногіх прафесійных святаў, якое акурат суседнічае з Новым годам. Для энергетыкаў гэта сапраўды двайная нагода, каб азірнуцца і, разам з тым, паглядзець у будучае.

5-12-13-24q

– Вынікі работы калектыву радуюць – мы справіліся з выкананнем усіх тэхніка-эканамічных паказчыкаў, ідзём далей. За першае паўгоддзе 2016 года нашаму прадпрыемству прысуджана першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод сеткавых філіялаў дзяржаўнага вытворчага аб’яднання «Белэнерга», – не без гонару гаворыць дырэктар філіяла РУП «Мінскэнерга» Стаўбцоўскія электрычныя сеткі Уладзімір Рублеўскі.

Вынікі за другую палову 2016 года будуць вядомы крыху пазней, аднак стаўбцоўскія энергетыкі могуць з поўным правам прэтэндаваць на такую ж высокую ацэнку, таму што іх узровень адпавядае патрабаванням часу. Гэты ўзровень грунтуецца на штодзённай напружанай працы, укараненні сучасных тэхналогій, высокай дысцыпліне і прафесійным майстэрстве. Спрыяе гэтаму і матэрыяльна-тэхнічная база, якая за бягучы год абноўлена істотна, – адразу на 16 адзінак спецмеханізмаў.

Нельга не сказаць, што адказны конкурс-выпрабаванне энергетыкам устроіла сёлета і прырода. 2016-ы запомніцца ўсім нам снежнымі цыклонамі ды навальнічнымі стыхіямі, якія неаднаразова выклікалі масавыя пашкоджанні, у тым ліку і ліній электраперадачы. «Выстаялі! – зазначае дырэктар. – Аператыўна спрацавалі, перанакіраваўшы свае рамонтныя брыгады ў найбольш пацярпелыя раёны».

Стаўбцоўскія электрасеткі – прадпрыемства, якое ахоплівае пяць раёнаў Мінскай вобласці (Стаўбцоўскі, Дзяржынскі, Нясвіжскі, Уздзенскі і Клецкі). У маі 2017 года споўніцца 50 гадоў з дня яго стварэння (пасля раздзялення Мінскіх электрасетак). Да гэтай падзеі энергетыкі пачнуць рыхтавацца ўжо з першых дзён новага года. Запланавана рэалізаваць шмат значных праектаў, у тым ліку выпусціць буклет з гісторыяй СЭС. У калектыве працуе больш за 600 чалавек, і кожны з іх уносіць свой адметны ўклад у стабільную і зладжаную работу энергасістэмы рэспублікі.

– Пастаянна павышаем кваліфікацыю персаналу, у тым ліку работнікаў, якія знаходзяцца на кіраўніцкіх пасадах. Перспектыўных накіроўваем на навучанне ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Працуем над абнаўленнем кадраў. Не адмаўляем студэнтам профільных ВНУ і каледжаў, якія ідуць да нас на вытворчую практыку, – дзеліцца Уладзімір Рублеўскі.

Розгалас пра Стаўбцоўскія электрасеткі ідзе значна далей пяці абслуговых раёнаў, у цэлым Мінскай вобласці і рэспублікі. Справа ў тым, што прадпрыемства неаднаразова прадстаўляла Беларусь на міжнародных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства сярод краін СНД, і кожны раз каманда СЭС вярталася прызёрам. Не выключэнне – і 2016 год. Каманда стаўбцоўскіх энергетыкаў у складзе майстра Аляксандра Жыбуля і электраслесараў Івана Шыдлоўскага, Віталя Кажамякі, Сяргея Турко і Сяргея Блажко (усе працуюць у службе падстанцый, начальнік службы – Мікалай Канкаловіч) заваявала ганаровае другое месца, а папярэдне ў Стоўбцах, на вучэбна-трэніровачным палігоне прадпрыемства, прайшлі абласныя і рэспубліканскія спаборніцтвы энергетыкаў. На іх каманда энергетыкаў была першай. Нязменны кіраўнік каманды – намеснік дырэктара па рабоце з персаналам і ідэалагічнай рабоце Віктар Крупа. Віктара Андрэевіча, акрамя таго, прыцягвалі да падрыхтоўкі да выступленняў на міжнародных спаборніцтвах энергетыкаў і іншых беларускіх камандаў.

Невыпадкова, што менавіта ў калектыве Стаўбцоўскіх электрасетак, дзе працуюць людзі інтэлектуальныя, з высокай матывацыяй, зарадзілася ў свой час яшчэ адна каманда – вясёлых і знаходлівых «Кароткае замыканне», якая па-свойму праслаўляе і калектыў энергетыкаў, і Стаўбцоўшчыну.

Капітан каманды Юрый Дзёмін працуе начальнікам аператыўна-дыспетчарскай службы прадпрыемства. Ён прызнаецца, што выступленні на «кавээнаўскіх» фестывалях і конкурсах дапамагаюць яму «пераключацца», служаць своеасаблівым антыстрэсавым сродкам. Моцнай падтрымкай служыць і сям’я. У дыспетчара – каля 200 тэлефонных званкоў за змену, кругласутачнае дзяжурства і т. п. «Дыспетчар – асобы работнік на нашым прадпрыемстве, – заўважае Віктар Крупа. – У адказны момант ён павінен прыняць беспамылковае рашэнне, ад якога залежыць не толькі электразабеспячэнне, але часам і жыццё людзей».

Рознабаковыя традыцыі і дасягненні калектыву энергетыкаў дапаўняюць спорт, турызм, культурнае жыццё, аздараўленне работнікаў і іх дзяцей, падтрымка шматдзетных сем’яў і ветэранаў прадпрыемства. І гэта сведчыць пра значнае напаўненне на прадпрыемстве сацыяльнага пакета.

НА ЗДЫМКАХ: рамонт на лініі вядуць электраманцёры раённых электрасетак; дырэктар Стаўбцоўскіх электрасетак Уладзімір Рублеўскі; работнікі РЭСа на аб’екце за падключэннем кабелю; візітная картка прадпрыемства; усёй камандай (каманда-прызёр міжнародных спаборніцтваў) – у вучэбны клас; адзін з маладых брыгадзіраў РЭСа – Юрый Шыкуць.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *