Калядныя Марозавічы

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

Не будзем утойваць: вёску Марозавічы для творчай камандзіроўкі мы выбіраем па гучанні яе назвы. У ражджэственскім нумары газеты хочацца стварыць чытачам настрой свежасцю, чысцінёю, белізною зімовай прыроды і чысцінёю, светласцю думак і спраў.

У Рубяжэвіцкім сельвыканкаме нас папярэджваюць, што ў вёсцы засталося няшмат жылых дамоў: у большай палове гэта ўжо дачы, якія ажываюць толькі летам, а калі дамы і з гаспадарамі, то нямоглых пажылых людзей у халодныя месяцы года дзеці забіраюць на зімоўку ў свае цёплыя кватэры.

6-23-12-24f

Мар’ян і Ванда Маркачэўскія – старажылы ў вёсцы. Нам не церпіцца даведацца: адкуль у населенага пункта такая лірычная прыгожая назва?

Мар’ян Яўгенавіч паціскае плячыма:

–  Як падумаць, дык і праўда гэта Марозавічы: стаіць вёска ў полі. Некалі наўкол ужо прагаліны, рабыя, голыя плямы на зямлі, а ў Марозавічах мы яшчэ па платах ходзім – столькі снегу панамятае. Некалі дзяцей з вучобы з Мінска даставіць дамоў з цэнтра калгаса можна было толькі на гусенічным трактары.

Ванда Адамаўна працавала на мясцовай ферме даяркай, цялятніцай. Доярам быў і гаспадар – разам рабілі. На сваім заслужаным адпачынку яны цяпер упраўляюцца са сціплай дамашняй гаспадаркай, любяць пагаварыць, паўспамінаць каля стаяка, дзе мірна патрэскваюць дровы і разносіцца па доме прыемнае цяпло. З нецярпеннем чакаюць свежага нумара «Праменя», усё прачытваюць, і гэта іх на іх водшыбе як бы злучае з «вялікаю» зямлёю.

Мы завіталі яшчэ ў адзін вясковы дом – да Бернадэты Сабалеўскай. Яе прыгожае рэдкае імя ў вёсцы яшчэ больш прыхарашылі – называюць памяншальна Бэрнаткай. У мяне асабіста асаблівы інтарэс да гэтай прыгожай інтэлігентнай жанчыны: я ведаю, што гэта маці майго аднакурсніка па вучобе на факультэце журналістыкі БДУ – Віктара Сабалеўскага, які працуе адказным сакратаром Уздзенскай раённай газеты. Мы пранікаемся любоўю да Бернадэты Антонаўны, з яе малітвенным устроем душы. Мірная, ціхая, яна для нас – увасабленне светлага вобраза маці. У яе 87 гадоў дзеці не пакідаюць яе зімаваць адну. У Бернадэты Антонаўны чацвёра дзяцей – два сыны і дзве дачкі, васьмёра ўнукаў. Дочкі і адзін з сыноў жывуць у Дзяржынску, там і праводзіць зімовыя месяцы Бернадэта Антонаўна. У гэтым годзе яна адпрасілася ў іх пабыць да Каляд у сваёй хаце. Паказвае ў сенцах складзеныя дровы – Віктар прыехаў, нанасіў, каб сама не хадзіла да дрывотні. Нават гатовыя пакласці ў стаяк ёй ужо цяжка. Вельмі баляць ногі. Яе жыццё было звязана з цяжкай немеханізаванай працай на ферме. Ды і дома ў вясковых людзей заўсёды хапала работы – ад цямна да цямна. Бернадэта Антонаўна не ходзіць нават да аўталаўкі, прадуктамі яе забяспечваюць дзеці.

Яна заводзіць нас у святліцу, якая з’яўляецца для яе дамашнім храмам – са святымі абразамі. Просіць Бога, каб на Раждаство Хрыстова з’ездзіць на богаслужэнне. Цяпер яна рэдка бывае ў касцёле – толькі як дзеці падвязуць на машыне. Застаўшыся да Новага года дома, Бернадэта Антонаўна зробіць свята дзецям. Любяць яны сабрацца ў бацькоўскім доме. Як прыедуць, заўсёды просяць, каб яна спякала ім бліны, як у дзяцінстве. І яна збірае свае сілы, маладзее, частуе дзяцей аладкамі. У сваю чаргу яна ўдзячная ім за тое, што старасць яе абагрэтая іх любоўю і вялікім клопатам.

Марозавічы прыціхлі ў чаканні святой ражджэственскай ночы. Гэты асаблівы каларыт святочных дзён стварае і прырода – задумлівы зімовы лес наўкол, марозны подых наваколля і аддаленасць ад непатрэбнай мітусні.

А ў Рубяжэвіцкім сельвыканкаме нам дадаюць, што ў іх ёсць не толькі вёска Марозавічы, але і прозвішчы людзей у навакольных населеных пунктах – Мароз. Нам цікава аб гэтым даведацца і пажадаць Марозавічам і Марозам цяпла ў іх сем’ях і душах.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: Бернадэта Сабалеўская; Мар’ян і Ванда Маркачэўскія атрымалі свежы нумар «Праменя».

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *