Як зберагчы зрок

Медыцына Нумары

image_pdfimage_print

Большасць паталогій вачэй набытая. Прычына іх – банальнае перанапружанне мышцаў вачэй. Прафілактыка парушэнняў зроку ўключае ў сябе комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на арганізацыю нармальнай зрокавай работы і папярэджанне захворванняў.

Галоўныя прафілактычныя задачы – захаванне мер бяспекі пры рабоце з камп’ютарам, пры чытанні, а таксама штогадовыя абавязковыя агляды ў афтальмолага. Своечасовае выяўленне таго ці іншага адхілення ў рабоце органа зроку дазваляе пацыенту ў правільным накірунку скарэктаваць лад жыцця, умовы работы і выключыць магчымую рызыку.

Калі чалавек вымушаны шмат чытаць, займацца рукадзеллем, дробнай ювелірнай работай, то неабходна захоўваць наступныя правілы: размяшчаць прадмет работы ці кнігу не бліжэй за 30-40 сантыметраў ад вачэй; крыніца святла павінна знаходзіцца ззаду ці зверху; выключыць уздзеянне прамых промняў штучнага асвятлення ад лямпы, якая размяшчаецца прама перад тварам; асвятленне павінна быць аптымальным для данага віду дзейнасці, шкодна як надта яркае, так і прыглушанае святло; нельга чытаць у транспарце, які рухаецца, ці доўга факусіраваць погляд на дробных прадметах, якія пастаянна рухаюцца. Гэтыя простыя правілы дазваляюць вачам быць у найбольш камфортных для іх умовах і папярэджваюць празмернае напружанне мышцаў вачэй.

Правілы работы за камп’ютарам можна таксама прымяняць да такіх сродкаў камунікацыі, як планшэты, электронныя кнігі, смартфоны. Асноўныя ўмовы бяспечнага выкарыстання сучасных гаджэтаў: размяшчэнне манітора на адлегласці 30-40 сантыметраў ад вачэй; чарадаванне фаз работы і адпачынку не радзей чым раз у паўгадзіны, у перапынках пажадана выконваць гімнастыку для вачэй, часта моргаць і глядзець удалечыню; прымяненне спецыяльных капляў, якія ўвільгатняюць вочы (пратэктары слязы); частае морганне, асабліва для тых, хто выкарыстоўвае кантактныя лінзы; выкарыстанне для работы за камп’ютарам акуляраў, якія маюць спецыяльныя антыблікавыя пакрыцці, што блакіруюць шкодныя вылучэнні.

Акрамя ўсяго пералічанага, важнае значэнне мае становішча цела і галавы на працягу доўгага часу пры рабоце на камп’ютары, пры чытанні. Напружаныя, статычныя і нязручныя позы могуць выклікаць мышачны спазм, парушэнне кровазвароту і, адпаведна, пагаршэнне зроку. Таму рэкамендуецца часцей мяняць позу пры рабоце, уставаць, глядзець удалечыню, размінаць зацёкшыя мышцы.

У выпадку паніжанага зроку не трэба саромецца выкарыстоўваць у рабоце дапаможныя аптычныя сродкі, як акуляры, павелічальнае шкло, лупы (у тым ліку і сучасныя электронныя). Усё гэта садзейнічае больш камфортнай рабоце вачэй, а значыць, і папярэджвае перанапружанне мышцаў вачэй.

Пастаяннае нашэнне таніраваных і сонцаахоўных акуляраў вядзе да павышанай стамляльнасці вочных мышцаў і можа выклікаць сур’ёзнае пагаршэнне функцыі зроку.

Функцыянальны стан вачэй напрамую залежыць ад агульнага стану арганізма. Таму вельмі важна весці здаровы лад жыцця, які ўключае паўнацэнны сон, правільнае харчаванне з дастатковым утрыманнем карысных рэчываў і вітамінаў, прафілактыку застойных працэсаў у шыйным і грудных аддзелах пазваночніка, парушэнняў мазгавога кровазвароту і артэрыяльнага ціску, выключэнне шкодных звычак (курэнне, алкаголь, наркотыкі), разумная фізічная актыўнасць, прагулкі на свежым паветры, прафілактыка і лячэнне агульных захворванняў, якія правакуюць парушэнні функцый зроку.

У цэлым, добры зрок – вынік разумных і беражлівых адносін да свайго здароўя. Большасць парушэнняў аптычнай функцыі вачэй можна папярэдзіць, выконваючы элементарныя правілы і рэкамендацыі афтальмолага. Правяраць зрок здаровым людзям патрэбна не радзей як адзін раз у год, а людзям з парушаным зрокам – адзін раз у паўгода. Прафілактычны агляд дапаможа папярэдзіць развіццё захворванняў вачэй.

Дар’я ТРУБІНА, урач-афтальмолаг



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *