Аб рэформе ў Адміністрацыі Прэзідэнта

Нумары

image_pdfimage_print

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка расказаў аб маючай адбыцца рэформе ў Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Адпаведную заяву ён зрабіў 21 снежня, прымаючы кадравыя рашэнні аб назначэнні кіраўніцтва Адміністрацыі.

Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць ідэалагічнага складніка ў рабоце Адміністрацыі Прэзідэнта. «А культура, спорт, ды і ахова здароўя – гэта галоўная аснова нашай ідэалогіі», – адзначыў ён. Пры гэтым акцэнт робіцца менавіта на канкрэтных дзеяннях у той ці іншай сферы. «Лічу, што нам трэба скараціць адну з пасад намесніка (хутчэй за ўсё, гэта намеснік кіраўніка Адміністрацыі па ідэалогіі), істотна перабудаваўшы ідэалагічны напрамак, замацаваўшы яго за першым намеснікам». Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лічыць патрэбным захаваць упраўленне ідэалогіі, паколькі ў сферы яго адказнасці ляжыць вялікі спектр работы.

Паводле слоў Прэзідэнта, частка адпаведных функцый і паўнамоцтваў павінна перайсці да прэс-сакратара кіраўніка дзяржавы. «Яна (Наталля Эйсмант. – Заўвага БелТА) чалавек ужо вопытны і крыху недазагружана і ўладнымі паўнамоцтвамі, і арганізацыйнымі. Таму яе трэба ўключыць у гэты водаварот», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін напрамак для рэфармавання работы – функцыі і адказнасць памочнікаў кіраўніка дзяржавы. «Прэзідэнт па Канстытуцыі выведзены над галінамі ўлады. І Прэзідэнту трэба працаваць з гэтымі галінамі ўлады праз памочнікаў», – адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што павінны быць памочнікі па рабоце з заканадаўчай галіной улады, судовай, па рабоце з банкаўскім сектарам і, магчыма, яшчэ па нейкіх напрамках. «Усе астатнія пасады памочнікаў і іншыя павінны быць скарочаны. Яны сёння адыгралі сваю ролю і практычна не патрэбны», – заявіў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт бачыць неабходнасць ва ўдасканаленні работы і памочнікаў – галоўных інспектараў у рэгіёнах.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваіх даручэннях па дэбюракратызацыі і аптымізацыі дзяржапарату: «Мы павінны паказваць прыклад самой Адміністрацыі Прэзідэнта. І нам трэба яе рэфармаваць у тым плане, што гэта ўсё ж такі галоўны штаб Прэзідэнта».

Аляксандр Лукашэнка лічыць слабым пытаннем у Адміністрацыі Прэзідэнта работу са зваротамі грамадзян. «Мы працуем як у савецкія часы. Зразумела, што Адміністрацыя перагружана гэтымі зваротамі – людзі звяртаюцца сюды, як у апошнюю інстанцыю, – адзначыў ён. – І як мы працуем: мы ў асноўным адпраўляем, як у савецкія часы, заявы грамадзян тым, на каго яны часам скардзяцца».

«Калі чалавек звяртаецца па нейкіх пытаннях да нас, і толькі мы павінны і можам вырашыць гэтае пытанне, адфутбольваць нельга. Удзяліце гэтаму напрамку сур’ёзную ўвагу. Калі трэба, памяняйце ўвесь склад, які займаецца гэтай бюракратычнай работай», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт у цэлым адзначыў, што Адміністрацыю Прэзідэнта трэба рэфармаваць спакойна і разумна. Сутнасць таго, што адбываецца, Аляксандр Лукашэнка назваў абнаўленнем. Пры гэтым не ставіцца пытанне, напрыклад, аб амаладжэнні – важны менавіта прафесійныя і працаздольныя кадры. «Хто можа працаваць, хоць у 80 гадоў няхай прыходзіць і працуе, прапануе свае паслугі. Я гатовы іх прыняць. Калі зусім малады чалавек і здольны – калі ласка, прыходзьце таксама. Месца знойдзецца», – сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, назначаючы новае кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, нагадаў аб сваім даручэнні дасягнуць у 2017 годзе ўзроўню сярэдняй зарплаты па краіне $500.

Яшчэ адна тэма, на якой акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы, – пазбаўленне ад залішніх праверак бізнесу і навядзенне парадку з нарматывамі ў розных сферах.

Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі назначана Наталля Качанава, першым намеснікам – Максім Рыжанкоў. Адпаведныя кадравыя рашэнні 21 снежня прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *