Улада адказвае справай

Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

24 снежня адбылася прамая тэлефонная лінія са старшынёй райвыканкама Ю. М. Горлавым.

Такі дыялог з людзьмі на Стаўбцоўшчыне заваяваў папулярнасць. Па суботах з 09.00 да 12.00 жыхары горада і раёна напрамую могуць звярнуцца да прадстаўнікоў службаў райвыканкама, райсавета. Гэтая ж прамая лінія – асаблівая. На ўсе пытанні, якія хвалююць жыхароў горада і раёна, адказваў чалавек, які асэнсоўвае перспектывы развіцця Стаўбцоўшчыны, спрабуе знайсці шляхі вырашэння набалелых праблем і сітуацый.

За час прамой тэлефоннай лініі да старшыні райвыканкама паступіла 20 тэлефанаванняў. Амаль у кожным званку было зададзена некалькі пытанняў. Прааналізаваўшы размову, якая адбылася, можна выдзяліць наступныя пытанні: добраўпарадкаваннне вуліц горада і раёна, работа аўтапарка № 17, абслугоўванне газавых катлоў, зямельныя пытанні, работа ЖКГ, асвятленне вуліц і іншыя.

Першымі на прамую лінію патэлефанавалі жыхары аграгарадка Рубяжэвічы з просьбай адкрыць у вёсцы банкамат, каб была магчымасць зняць грошы з картак, заплаціць за камунальныя паслугі і г. д., бо зарплата амаль усім працаўнікам гаспадаркі пералічваецца на картку.

– Мы звернемся ў Беларусбанк, бо рашэнне прымае не філіял Беларусбанка раёна, а абласны банк (Мінскай вобласці). Яны павінны пралічыць эканамічнае абгрунтаванне. Мы будзем хадайнічаць, каб у Рубяжэвічах адкрылі банкамат. Пастараемся вырашыць гэтае пытанне, – запэўніў Юрый Горлаў.

Жыхарка П. з а. г. Любкаўшчына сутыкнулася з праблемай абслугоўвання газавых катлоў. Як аказалася, у раёне няма спецыялістаў па абслугоўванні катлоў «Арыстон», «Альфакалор» і іншых. Раптам штосьці здарыцца з газавым абсталяваннем, то людзям прыходзіцца мерзнуць, як у выпадку, што адбыўся ў Любкаўшчыне.

Выслухаўшы заяўніцу, старшыня райвыканкама тут жа адправіў аварыйную службу па адрасе яе пражывання і даў даручэнне падрыхтаваць спецыялістаў па абслугоўванні катлоў і растлумачыць людзям куды і да каго патрэбна звяртацца, калі раптам здарылася вось такая непрыемная сітуацыя.

На прамую лінію паступіла адразу некалькі тэлефанаванняў наконт работы аўтапарка № 17. Жыхары населеных пунктаў Ячонка, Заямнае скардзіліся на дрэнны расклад руху аўтобусаў. Людзі не могуць дабрацца на працу своечасова, трапіць на электрычку, даехаць у мясцовы сельвыканкам, а вечарам са Стоўбцаў цяжка дабрацца дадому.

Жыхары Старыны папрасілі садзейнічання, каб рэйсавыя аўтобусы ў абед заязджалі і ў іх вёску.

Жыхары вёскі Слабодка (Старасвержанскі сельсавет), дзе ў асноўным пражываюць людзі пажылога ўзросту, прасілі зрабіць прыпынак прыгарадных аўтобусаў каля райбальніцы, бо многім цяжка дайсці ад магазіна «Гаспадарчыя тавары» ў Стоўбцах ці ад аўтастанцыі да паліклінікі. Юрый Мікалаевіч паабяцаў, што ў бліжэйшы час пытанне руху прыгарадных аўтобусаў будзе разгледжана і грамадзяне будуць праінфармаваны.

Жыхароў горада з вуліцы Варашылава і вёскі Сцяцкі турбавала пытанне добраўпарадкавання вуліц, пракладкі пешаходнай дарожкі са Стоўбцаў да Сцяцкоў.

Юрый Мікалаевіч растлумачыў, што ёсць бюджэт, ёсць надрукаваны ў раённай газеце «Прамень» графік усіх работ па добраўпарадкаванні, рамонце і будаўніцтве дарог, пешаходных дарожак, жылля. Згодна з чарговасцю ўсе работы выконваюцца і будуць працягвацца і ў наступным годзе.

Непакоіць нашых грамадзян і асвятленне горада і вёсак. Гаварылі аб тым, што на вуліцы цямнее вельмі хутка, а асвятленне ўключаецца пазней, чым становіцца цёмна, дзеці вяртаюцца са школы па цёмных вуліцах, нават на машыне цяжка рухацца ў такі час сутак. Такія тэлефанаванні паступілі са стаўбцоўскіх вуліц Наднёманскай, Свярдлова (дд. № 1-6, асвятленне адсутнічае ўвогуле), аграгарадка Стары Свержань.

Жыхароў аграгарадка Дзераўная хвалявала пытанне высечкі дрэў на могілках. Кіраўнік раёна растлумачыў, што за бюджэтныя сродкі можна высякаць толькі аварыйныя дрэвы, а астатнія – за ўласныя сродкі грамадзян.

Падымаліся пытанні водазабеспячэння ў а. г. Вішнявец, ачысткі каналізацыйных калодзежаў (вул. Магістральная, г. Стоўбцы), рамонту дома, які пацярпеў ад пажару (вул. Ленінская), ліўневых падтапленняў (вул. Набярэжная, г. Стоўбцы), выплаты зарплаты (даналічэнне), а таксама зямельнае пытанне (в. Новы Свержань). Па ўсіх пытаннях, якія насілі індывідуальны характар, Юрый Горлаў даў тлумачэнні і даручыў канкрэтным службам райвыканкама выехаць на месца і дапамагчы разабрацца ў сітуацыях, якія склаліся.

Паступалі на прамую тэлефонную лінію і прапановы-парады ад стаўбчан: на Цэнтральным (Калгасным) рынку паставіць гандлёвыя сталы для тых, хто гандлюе з зямлі; арганізаваць продаж субпрадуктаў без спецый, каб быў у людзей выбар: каму падабаюцца натуральныя прадукты без прыпраў, а каму – салёненькае з прыправамі.

Прыемна тое, што многія тэлефанаванні пачыналіся са слоў падзякі старшыні райвыканкама за развіццё горада і раёна, за навядзенне парадку ў раёне, за ўвагу і аператыўную дапамогу ў вырашэнні многіх набалелых пытанняў. Мне, як рэдактару, дэпутату і жыхару г. Стоўбцы, было ўдвая прыемна чуць, што нашых стаўбчан хвалюе і пытанне ўзнікнення, заснавання горада Стоўбцы. Значыць, тут жывуць, працуюць сапраўдныя патрыёты свайго краю, якія з’яўляюцца падпісчыкамі і чытачамі раённай газеты «Прамень».

Падводзячы вынікі работы на прамой лініі, Юрый Горлаў зазначыў, што за кожным зваротам, тэлефонным званком стаіць чалавек з яго асабістымі праблемамі. Мы павінны быць больш цярплівымі і ўважлівымі адзін да аднаго:

– Дзякуючы актыўнай пазіцыі грамадзян, у тым ліку і на такіх прамых лініях, наш край становіцца лепшым, прыгажэйшым, а ўлада яшчэ больш уважліва ўнікае ў праблемы і патрэбы насельніцтва. Мы лічымся з думкай кожнага жыхара раёна і ўсе сігналы абавязкова бяром на кантроль.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *