У калектывах, сельсаветах, грамадскіх фарміраваннях

Нумары Соцыум

У РАЗНАСТАЙНАСЦІ –«ПРАМЕНЬ»

Напярэдадні Новага года ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі прайшла акцыя «Абласны і раённы дзень падпісчыка». Нашых падпісчыкаў і чытачоў было сярод іх шмат, і гэта вельмі добрая прыкмета таго, што 2017 год выдасца для ўсіх нас паспяховым.

1-27-12-28z

У жыхароў раёна ёсць патрэба, каб раённая газета інфармавала і прыходзіла на дапамогу, шукала цікавых суразмоўцаў і кампетэнтных кансультантаў, давала каштоўныя парады і патрэбныя адрасы – і мы робім гэта для вас, паважаныя падпісчыкі. Узаемадаверлівыя адносіны паміж намі – той неацэнны скарб, «валюта», за якую мы вам асабліва ўдзячныя. Будзем працягваць і ў 2017 годзе супрацоўніцтва, партнёрства і дружбу. Адна з нашых маладых чытачак, стаўбчанка Вольга Клімовіч, гэтага і пажадала рэдакцыі газеты падчас Дня падпісчыка: «Каб чытачы дасылалі свае допісы, падказвалі тэмы публікацый і жылі ўсе дружнай сям’ёй».

У Дзень падпісчыка больш за трыццаць чалавек аформілі падпіску на «Прамень» адно толькі ў гарадскім аддзяленні. А колькі падпісчыкаў было паўсюдна па раёне?! Для зручнасці ў гарадскім аддзяленні сувязі рабочае месца аператара было максімальна набліжана да падпісчыкаў і кліентаў – устаноўлена непасрэдна ў зале. Аздобілі яго на гэты раз не толькі стэлаж з перыядычнымі выданнямі, з якімі можна было ўвачавідкі азнаёміцца ці набыць у розніцу. Гэта яшчэ і рознакаляровы навагодні кірмаш віншавальных паштовак, адмысловая паштовая скрыня для пісьмаў Дзеду Марозу і Снягурцы, дабрачынны куфэрак «Падары казку дзецям» (мелася на ўвазе падпіска на дзіцячыя выданні), ахвяраванне цацак і канцылярскіх прылад для выхаванцаў дамоў-інтэрнатаў рэспублікі.

Святочны пераднавагодні настрой забяспечвалі сувеніры, якія падрыхтавала для сваіх падпісчыкаў рэдакцыя раённай газеты. Не застаўся ўбаку і раённы вузел паштовай сувязі. На пытанне абаяльнага аператара сувязі Анастасіі Паўлоўскай: «Што будзем выпісваць?» – у адказ гучала, у першую чаргу, назва нашай газеты – «Прамень». Многія, як, напрыклад, Людміла Сімончык, прасілі выпісаць «раёнку» адразу на паўгода. «Усё знойдзеш у газеце. Прачытаеш – і ведаеш навіны раёна», – падзялілася Ганна Баранцэвіч і ацаніла газетны ўзровень як разнастайны, цікавы, даступны. Яна з тых нашых чытачоў, у каго ёсць з чым параўноўваць, таму што аддае перавагу «Праменю» ўсё сваё свядомае жыццё.

У размове з падпісчыкамі не абышлося і без канструктыўных прапаноў на новы 2017 год. Так, наша сталая падпісчыца і чытач Людміла Шыран звярнула ўвагу на неабходнасць больш пісаць пра тое, што чакае стаўбчан у бліжэйшы час. А менавіта, смялей анансаваць праз газету культурныя і спартыўныя мерапрыемствы, розныя акцыі, каб жадаючыя маглі іх масава наведаць (сапраўды, як часта ў сваіх публікацыях мы згадваем, што тое ці іншае мерапрыемства было цікавым, але, на жаль, глядзельная зала была паўпустая). Маладая мама Іна Юхнель хацела б бачыць у «Прамені» пастаянную старонку для бацькоў і дзяцей – «Дзіцячы праменьчык». У сваёй рабоце мы абавязкова ўлічым усе выказаныя прапановы.

Нашымі пастаяннымі падпісчыкамі і, адначасова, партнёрамі па дастаўцы газеты з’яўляюцца паштовыя работнікі. І ў Дзень падпісчыка многія з іх праявілі актыўнасць і салідарнасць з «раёнкай». Асабісты прыклад таго, што паштовага работніка нельга ўявіць без стоса падпісных абанементаў на дамашні адрас, паказала начальнік раённага вузла паштовай сувязі Раіса Шыдлоўская.

Разам з падарункам нашым падпісчыкам і партнёрам у новы год – каляровым насценным календаром, які прыйдзе да іх з першым нумарам «Праменя», – і найлепшымі пажаданнямі застаецца назваць імёны тых, каму ў Дзень падпісчыка ўсміхнулася ўдача. У розыгрышы пяці бясплатных падпісак на «Прамень» выйгралі сем’і стаўбчан Падасецкіх і Макасёў (вуліца Цэнтральная), Слабейкаў (вуліца М. Горкага), Шыраноў (вуліца Энгельса), Зарубіных (вуліца Свярдлова). Віншуем і спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

КАБ УСІМ БЫЛО ЎТУЛЬНА

На чарговай сесіі Дзераўнянскага сельскага Савета дэпутатаў разглядалася пытанне аб рабоце сельвыканкама, устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў сельсавета па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, грамадскіх месцаў. Згодна з рашэннем сесіі, суб’ектамі гаспадарання, насельніцтвам актывізавалася работа па ачыстцы і добраўпарадкаванні замацаваных тэрыторый, прывядзенні ў парадак падвор’яў. На гэтую важную справу накіравана была тэхніка Дзераўнянскага ўчастка РУП «Стаўбцоўскае АКС» і ДРБУ № 135.

А сродкі, заробленыя на масавым суботніку, выкарыстоўваюцца для набыцця і ўстаноўкі лавак і ўрнаў уздоўж возера ў аграгарадку Дзераўная.

 

АТЦЭДА БЕЗ ПУСТЫХ ДАМОЎ

У Заямнаўскім сельсавеце ёсць свабодныя зямельныя ўчасткі, якія выстаўлены на аўкцыён.

Набыць іх можа кожны жадаючы, тым больш, што многія населеныя пункты сельсавета маюць зручнае прыгараднае размяшчэнне, з прыродным газам. З боку сельвыканкама вядзецца мэтанакіраваная работа па добраўпарадкаванні вёсак, каб іх выгляд не псавалі пустыя недагледжаныя дамы. На даны момант няма пустых дамоў, да прыкладу, у Атцэдзе, у Баханах жа – адзін такі дом. Для навядзення парадку на безгаспадарных сядзібах прадугледжана заканадаўствам і такая крайняя мера, як іх адабранне.

Старшыня сельвыканкама Уладзімір Гарохавік заўважае:

– Працуем з людзьмі. Выяўляем пустыя дамы і адсочваем сітуацыю. Калі імі ніхто са спадчыннікаў не займаецца тры гады, ёсць законныя падставы перавесці гэтыя дамы ў рэгістр пустых. У далейшым іх лёс вырашае суд. У нас такіх «нічыйных» дамоў па сельсавеце чатыры, намячаюцца яшчэ два.

 

З ВАЛАНЦЁРСКАЙ ІНІЦЫЯТЫВАЙ

Рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ажыццяўляецца праз канкрэтныя і дзейсныя праекты, якія актывізуюць ініцыятыву маладых і накіроўваюць яе ў грамадска карыснае рэчышча.

Сярод іх, да прыкладу, – валанцёрскі рух «Добрае сэрца». Дзецішча раённага камітэта БРСМ, валанцёрскі рух прыцягвае ў свае рады ўсё большую колькасць моладзі. Пашыраецца і кола тых, хто мае патрэбу ў апецы валанцёраў. Без сумнення, сёння іх дабратворны уплыў распаўсюджваецца ў раёне на ўсе сферы жыцця.

Невыпадкова, што праект «Добрае сэрца» вылучаны раённым камітэтам БРСМ на абласны конкурс у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі.

Акрамя таго, прадстаўлены на гэты конкурс і асабісты праект урача-тэрапеўта, загадчыцы Нававёскаўскай участковай амбулаторыі Вольгі Бурак адносна здаровага ладу жыцця. Дзякуючы асветніцкай рабоце маладога доктара кінулі курыць 15 чалавек, або тры працэнты ад усіх курцоў на яе адміністрацыйным участку.

Пр

 

НА ПАПЯРЭДЖАННЕ НЕГАТЫЎНЫХ ТЭНДЭНЦЫЙ

На апошнім у бягучым годзе пасяджэнні гарадскога савета аховы правапарадку гаварылі аб забеспячэнні правапарадку падчас масавых навагодне-калядных гулянняў. Адметнасць пасяджэння і ў тым, што прайшло яно з удзелам пракурора раёна Сяргея Грыцука.

Традыцыйна да святаў у Стоўбцах намечаны шэраг масавых культурна-забаўляльных мерапрыемстваў. Каб забяспечыць парадак падчас іх, міліцыя будзе працаваць ва ўзмоцненым рэжыме. Ад кожнага наведвальніка патрабуецца захоўваць элементарныя правілы паводзін у грамадскіх месцах і меры асабістай бяспекі. Найбольш гарачую дыскусію выклікала тэма выкарыстання грамадзянамі святочнай піратэхнікі. У сувязі з гэтым прадстаўнікі раённых аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і ўнутраных спраў яшчэ раз нагадалі, што выкарыстанне петардаў у жылой зоне і ў грамадскіх месцах – забаронена. Запускаць іх (безумоўна, пасля азнаямлення з інструкцыяй) можна па-за рысай горада ці іншага населенага пункта. Пры выяўленні супрацьпраўных фактаў парушальніку грамадскага спакою пагражае адказнасць, у тым ліку і крымінальная.

У цэлым на працягу года гарадскі савет аховы правапарадку, як адзначыў яго старшыня, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Ігар Кунцэвіч, актыўна адгукаўся на злабадзённыя для стаўбчан тэмы. На пасяджэннях было разгледжана больш за два дзясяткі пытанняў, звязаных з выкананнем Дырэктывы № 1, Дэкрэта № 6, Дэкрэта № 18, дарожнай бяспекай і т. п. Практыкаваліся і выязныя пасяджэнні гарадскога савета ў працоўныя калектывы. Прайшлі яны на базе райспажыўтаварыства, аб’яднання камунальных службаў. На кожным пасяджэнні вялася індывідуальная прафілактычная работа з асобамі, якія схільны да супрацьпраўных дзеянняў, злоўжывання спіртным, амаральнага ладу жыцця і т. п.

Не выключэннем адносна індывідуальнай прафілактыкі стала і гэтае пасяджэнне. На яго была запрошана маці, якая адна гадуе непаўналетняе дзіця. Пераважна з-за таго, што жанчына працяглы час нідзе не працуе, становішча дзіцяці ў гэтай сям’і было прызнана сацыяльна небяспечным. Сям’я пастаянна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўчастковага інспектара міліцыі, педагога сацыяльнага і, паводле іх характарыстыкі, не мае нейкіх адмоўных тэндэнцый. Аднак і станоўчай дынамікі не назіраецца. Пытанне працаўладкавання застаецца і нават абвастраецца, бо жанчыне прапаноўвала варыянты служба занятасці, калі яна мела статус беспрацоўнага. Па сваёй віне яна гэты статус страціла і на даны момант, згодна з заканадаўствам, можа быць улічана толькі ў якасці асобы, якая мае патрэбу ў працаўладкаванні. Жанчыне дадзены кароткі тэрмін, да 1-га лютага 2017 года, асэнсаваць, што рынак працы не зводзіцца толькі да некалькіх прадпрыемстваў, што сёння зусім не той час, калі можна перабіраць вакансіі. Усё гэта дзеля адной мэты – каб самой гадаваць сваё дзіця і не ператварыцца з маці ў абавязаную асобу.

Заслуханы былі і стаўбчане, у якіх з 26 кастрычніка дзеці адабраны. Сярод станоўчых зрухаў варта назваць тое, што і жонка, і муж прайшлі стацыянарнае лячэнне ў наркалагічным дыспансеры. Муж адразу пасля лячэння быў працаўладкаваны. Яны навялі парадак у доме і «завязалі» не толькі з наркотыкамі, а і з сямейнымі скандаламі. Мужчына, у былым – ін’екцыйны наркаман, прызнаўся: «Я ўжо больш не хачу жыць так, як раней». Ігар Кунцэвіч парэкамендаваў яму памятаць пра здароўе сваёй сям’і, у сувязі з чым перыядычна праходзіць абследаванне на ВІЧ/СНІД (гэтая працэдура ў паліклініцы ананімная і бясплатная), таму што ў гэтага захворвання ёсць інкубацыйны перыяд.

У адносінах да бацькоў, якія не з’явіліся на пасяджэнне гарадскога савета, і ўлічыўшы тое, што ў іх сем’ях назіраецца адсутнасць бацькоўскага кантролю, пракурор раёна даў даручэнне ўчастковаму інспектару забяспечыць іх яўку ў прымусовым парадку.

Сяргей Грыцук выдаў свае рэкамендацыі і гарадскому савету аховы правапарадку:

– Пры падрыхтоўцы планаў работы на наступны год неабходна абавязкова ўлічваць крымінагенную абстаноўку ў раёне і, з улікам гэтых даных, працаваць на папярэджанне негатыўных тэндэнцый, у прыватнасці, на прафілактыку хуліганстваў, крадзяжоў і т. п.

На пачатку новага 2017 года гарадкім саветам аховы правапарадку вырашана вярнуцца і да тых грамадзян, паводзіны якіх разглядалі на працягу 2016 года, каб ацаніць работу і гарадскога савета, і гэтых грамадзян – як яны выканалі рэкамендацыі, што ў іх жыцці змянілася.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *