З удзячнасцю за нялёгкую дастойную працу

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У рамках аб’яўленай рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з райвыканкамам і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама гэтымі перадсвяточнымі зімовымі днямі ўшаноўвае лепшых работнікаў жывёлагадоўчай галіны. Як адзначыла лідар раённага прафсаюза аграрыяў Тамара Калошыч, рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК было прынята рашэнне ўдзяліць самую пільную ўвагу работнікам фермаў і падзякаваць ім за нялёгкую працу, бо ў першую чаргу менавіта ад рупнасці гэтых людзей залежыць не толькі дабрабыт сельгаспрадпрыемстваў, а і харчовая бяспека краіны. Без увагі не застанецца ніводная ферма.

Пачаць акцыю было вырашана з гаспадарак, дзе надоі пакуль што невысокія, але жывёлаводы стараюцца і плён іх працы відавочны.

3-27-12-28x

У ліку першых ушаноўвалі жывёлаводаў ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і «Рочавічы». Гэтыя сельгаставарыствы ўзначалілі маладыя кіраўнікі — Васілій Лаўрашчук і Дзмітрый Вашкевіч.Справы ў іх апошнім часам пайшлі на лад. З пачатку года валавы надой склаў адпаведна 126 і 123 працэнты да мінулагодняга паказчыка. У абедзвюх гаспадарках прыбаўка па надоях малака ад каровы дасягнула звыш шасцісот кілаграмаў.

Уручаючы падзячныя пісьмы і падарункі, Тамара Іосіфаўна выказала ўпэўненасць, што праяўленая ўвага будзе стымулам для далейшага нарошчвання вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і паляпшэння яе якасці. Кармоў сёлета нарыхтавана дастаткова, што садзейнічае паспяховаму правядзенню зімова-стойлавага перыяду.

Тамара Калошыч разам з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Рамуальдай Ліпніцкай, старшынёй прафкама Галінай Каласоўскай і галоўным заатэхнікам Сцяпанам Явідам спачатку наведала вытворчыя падраздзяленні ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Лепшы паказчык па надоях на МТФ «Слабодка», дзе прыбаўка ў сярэднім на адну карову дасягнула 800 кілаграмаў. Тут падабраўся дружны і працавіты калектыў аператараў машыннага даення. Шчыруюць Надзея Пятрова, Ганна Смольнік і Валянціна Ліпніцкая – усе яны былі адзначаны. Даяркі разумеюць, што іх заработная плата напрамую залежыць ад атрыманай прадукцыі, таму ёсць жаданне працаваць і зарабляць грошы. Жанчыны не навічкі ў жывёлагадоўлі, маюць немалы стаж работы. Варта адзначыць з самага лепшага боку і брыгадзіра фермы Людмілу Хмыль. Дзякуючы яе арганізатарскім здольнасцям і справы ладзяцца. Яна здолела згуртаваць калектыў і ўмацаваць дысцыпліну працы.

На МТФ «Мешычы» працуе лепшая даярка таварыства, якая лідзіруе ў індывідуальным спаборніцтве сярод сваіх калег, – Жанна Аглезнева. Жанна Арнольдаўна прыехала ў гаспадарку з Расіі. Асвоіла гэтую прафесію і вось ужо трынаццаць гадоў плённа шчыруе і пастаянна ў перадавіках. Яна шматдзетная маці, нарадзіла і выхавала пяцярых дзяцей.

Не займаць вопыту аператару машыннага даення Марыі Дзеніс і жывёлаводу Таццяне Кладзько. Дарэчы, разам з жанчынамі рупяцца на малочнатаварным комплексе «Цеснавая» жывёлаводамі іх мужы і сыны. Маці Марыі Барысаўны Тэрэза Самахвал адпрацавала дваццаць сем гадоў на гэтай ферме. Вельмі прыемна, што не перавяліся яшчэ ў вёсках працоўныя дынастыі жывёлаводаў. Дарэчы, напярэдадні свята Новага года ў сям’і Дзенісаў чакаецца папаўненне – павінна нарадзіцца ўнучка. У бабулі ўжо ёсць двое ўнукаў.

Жывёлаводы МТФ «Рочавічы» аднайменнага таварыства вылучаюцца ў гаспадарцы асаблівым стараннем. І ў работнікаў гэтага вытворчага падраздзялення, як падкрэсліў дырэктар, ёсць усе падставы перасягнуць сёлета чатырохтысячны надой малака ад каровы. А задае тут тон даярка Хрысціна Хімарода, якая займае ў спаборніцтве першую прыступку, – надаіла больш за сваіх каляжанак. Старажылам лічыцца Марына Пятруцік – жанчына звыш трыццаці гадоў у жывёлагадоўлі і заслужыла ўвагу і павагу сваёй сумленнай працай. Іх палавінкі рупяцца ў гаспадарцы механізатарамі.

На МТФ «Кондратавічы» шчыруе сям’я Васільевых. Алена Канстанцінаўна – даярка. Яна і яе муж Юрый, які таксама працуе тут жывёлаводам, прывілі любоў да жывёлы свайму сыну Мікалаю, які рупіцца на ферме тэхнікам-асемянатарам. Кіраўніцтва таварыства задаволена работай усіх членаў сям’і.

Добрасумленныя работнікі спраўляюцца з даручанай справай.

Ушанавалі за атрыманыя неблагія здабыткі, з пажаданнямі далейшага плёну ў працы, аператара машыннага даення МТФ «Рудзевічы» Вольгу Сядура і жывёлавода Уладзіміра Матусевіча, якія таксама вызначаюцца стараннасцю.

Дырэктар Дзмітрый Вашкевіч уручыў брыгадзірам усіх фермаў падарункі. Павіншаваў кіраўнік і тэхніка-асемянатара Алену Мянжынскую, у якой у гэты дзень быў дзень нараджэння. Супрычыніўся да віншавання і райкам прафсаюза работнікаў АПК – Тамара Калошыч таксама ўручыла імянінніцы падарунак.

Падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за самаадданую працу і вернасць выбранай прафесіі атрымалі трынаццаць лепшых жывёлаводаў вышэйназваных сельгаставарыстваў. Усе яны гэта заслужылі і вартыя самай высокай пахвалы. А чуць у свой адрас цёплыя словы і атрымліваць падарункі заўджы прыемна. Варта адзначыць, што кожнаму калектыву фермы дастаўся ад райкама прафсаюза і салодкі падарунак.

На здымках: тэхнік-асемянатар Мікалай Васільеў і яго маці – аператар машыннага даення Алена Васільева, рупяцца на МТФ «Кондратавічы» ААТ «Рочавічы»; аператара машыннага даення МТФ «Рудзевічы» ААТ «Рочавічы» Вольгу Сядура віншуюцьстаршыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч і дырэктар ААТ «Рочавічы» Дзмітрый Вашкевіч; аператар машыннага даення ААТ «Рочавічы»Хрысціна Хімарода; аператары машыннага даення Таццяна Кладзько і Марыя Дзеніс працуюць на МТК «Цеснавая» ААТ «Радзіма Дзяржынскага»; калектыў МТФ «Слабодка» ААТ «Радзіма Дзяржынскага»: (злева направа) аператары машыннага даення Надзея Пятрова, Людміла Хмыль (брыгадзір), Ганна Смольнік і Валянціна Ліпніцкая.

Надзея БАТАЛКА

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *