«Аксаміт» Яўгена Карпуця

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

У нас ёсць нагода павіншаваць актыўнага аўтара нашай газеты Яўгена Карпуця – выйшла ў свет новая кніга яго выбраных твораў. Яна выдадзена ў сталічным выдавецтве «Колоград» з фінансаваннем самога аўтара.

Гэта аб’ёмнае выданне, дзе сабраны вершаваныя і празаічныя творы, а таксама дарагія аўтару фотаздымкі – з роднымі і сябрамі.

Кнігу можна падзяліць на некалькі раздзелаў. Адкрывае зборнік паэзія, якая агорнута настальгічнымі ноткамі па малой радзіме – Іўеўшчыне, дзе нарадзіўся Яўген Карпуць. «Малой Радзіме»,»Для маленства хапала тут дзіў», «Былы наш хутар», «Дарога ў школу», «Родная вёска», «Бацькаўшчына», «На паўстанку», «Мне шэпча казкі лес асенні», «Ануфрыева хата», «Плынь гадоў трывожыць мой пагляд», «Партрэты родных мясцін», «Настальгія», «Ад роднага парога», «Усміхаецца дзяцінства», «Вяртанне», «Мой любы куточак», «З дарогі», «Дарагой матулі», «Гімн дзяцінству», «Дыфірамб у гонар лабачоўскіх землякоў» – самі назвы вершаў гавораць аб настроі аўтара. «Праз жыццё па свеце панясу// Бацькаўшыны дзіўную красу».

5-12-2728n

«Пакланіся хлебу», «Пачуццё Радзімы» – гэтыя і іншыя празаічныя творы ў зборніку пранікнуты ярка акрэсленымі патрыятычнымі пачуццямі.

Цэлая нізка твораў прысвечана Стаўбцоўшчыне, якая стала для Яўгена Карпуця другой радзімай. Тут раскрыўся яго не толькі літаратурны талент, але і музычны і мастацкі. Выданне ўпрыгожвае графічны аўтапартрэт.

У кнігу ўвайшлі песні з нотамі. Большая паловы з іх – аўтарскія, на словы і музыку Яўгена Карпуця. Ёсць у зборніку і песні іншых аўтараў на музыку самадзейнага кампазітара. Трэба сказаць, што Яўген Карпуць – жаданы госць у многіх школах раёна, дзе праводзяцца з ім творчыя сустрэчы. Ён з’яўляецца аўтарам школьных гімнаў, за што яму ўдзячныя калектывы школ.

Адметнай рысай творчасці паэта з’яўляецца яго багатая жанравая разнастайнасць. Гумарэскі і байкі – асобны раздзел кнігі. Аўтар запрашае чытача ўсміхнуцца ў сваіх прысвячэннях сябрам, паэтам і многім іншым людзям. Іранічныя карацелькі, карацелькі-мудрагелькі – таксама яркая адметнасць творчага таленту паэта.

Настаўнік па прафесіі, Яўген Вікенцьевіч у поўнай меры «адбыўся» і ў сваім хобі, ярка раскрыў свае мастацкія таленты. Ён вельмі актыўны ўдзельнік шматлікіх мерапрыемстваў у нашым раёне і за яго межамі. Яўген Карпуць – член стаўбцоўскага літаратурна-музычнага аб’яднання «Аўтограф» і народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Пры арганізацыйных стараннях гэтых аб’яднанняў неаднаразова выходзілі вершаваныя зборнікі, дзе былі змешчаны вершы і песні Яўгена Карпуця.

Унутраная вокладка кнігі «Аксаміт» прадстаўляе ўсе выданні з творамі паэта. Пажадаем Яўгену Карпуцю творчай моцы і энергіі для літаратурных твораў і новых творчых праектаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *