Крочым у 2017 год разам з нашымі чытачамі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Заканчваецца 2016 год, і яму на змену прыходзіць малодшы брат – 2017-ы. Новы ў нашым жыцці год успрымаецца як магчымасць нешта пачаць рабіць з белага ліста, давесці да лагічнага канца тое, аб чым марылі, знайсці тое, чаго шукалі даўно. Дапамагае ў гэтым, заўважым, і раённая газета «Прамень». Пра набыткі і планы, пажаданні на новы год мы пагутарылі з маладымі жыхарамі нашага горада. Выкарысталі для гэтага вельмі добрую нагоду – нядаўні Дзень падпісчыка, які, дарэчы, выдаўся багатым на цікавыя сустрэчы з падпісчыкамі і чытачамі.

aserzСяргей Лубчонак:

– У 2016 годзе ў нас з жонкай нарадзіўся сын-першынец. Назвалі яго Маркам. Падзея знакавая для нас. І ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў, якая для абоіх з’яўляецца месцам працы, год быў насычаны канцэртамі, конкурсамі, творчымі паездкамі, у тым ліку і за мяжу (з нагоды дасягненняў школы прыходзілася даваць інтэрв’ю на старонках вашай газеты). Была выканана вялікая падрыхтоўчая работа. У цэлым будні сатканы з урокаў, рэпетыцый і выступленняў у духавым аркестры, ансамблі «Кругліца». У сувязі з нараджэннем сына хочацца крыху больш увагі ўдзяліць сям’і, дапамагчы жонцы. Задумак у нас з Аленай і Маркам шмат – усе яны вельмі асабістыя, мы іх разам абмяркоўваем. Нашым выхаванцам жадаю поспехаў, старання, падтрымкі бацькоў, таму што і таленавітым дзецям без бацькоўскай падтрымкі ў гэтай цяжкай працы не абысціся.

 

aoliaВольга Клімовіч:

– 2016 год адметны тым, што падрос наш сын Данііл – яму ўжо 2,5 годзіка. У наступным годзе планую выйсці з дэкрэта на працу. Па адукацыі я рэдактар-тэхнолаг, раней працавала ў рэкламнай газеце. Яшчэ захапляюся фатаграфіяй. Газеты чытаю амаль кожны дзень і звяртаю ўвагу, у першую чаргу, на сваё, прафесійнае. Да прыкладу, дзе газета друкуецца, колькі мае старонак, якія ў яе модулі і т. п. З «Праменем» знаёмая з дзяцінства, бо «раёнку» выпісвалі бацькі. Прагрэс у газеты відавочны, хоць, зразумела, няма межаў дасканаласці. Жадаю, каб яе чытачом стаў кожны жыхар горада, рос «штат» аўтараў газеты. Сабе хацелася б пажадаць у новым годзе цікавай работы, дызайнерскіх ідэй. З нецярпеннем чакаем узвядзення ў горадзе новага дзіцячага сада, таму што пытанне аб уладкаванні сына пакуль застаецца адкрытым.

 

 

aroma

Раман Кузняцоў:

– Шмат падзей адбылося ў маім жыцці за апошні час. Самая знамянальная – прызначэнне на пасаду дырэктара дзяржаўнай установы «Дзіцячая юнацка-спартыўная школа Стаўбцоўскага раёна». Разам з прызначэннем я набыў кропку апоры, даведаўся шмат новага і, галоўнае, – нясу адказнасць за аб’ёмную і турботную гаспадарку, якая патрабуе штодзённай увагі. Мне мая работа падабаецца. Гэтыя паўгода праляцелі непрыкметна. Прымалі групавы этап Кубка рэспублікі па футзале, а ў маі 2017-га нам даверылі правядзенне чэмпіянату Еўропы па футзале сярод ветэранаў. У студзені на нашай базе запланаваны матчы чэмпіянату рэспублікі па баскетболе. Трэба сур’ёзна рыхтавацца. На асабістае жыццё пакуль не стае часу. Пажаданне ўсім – рухацца, быць здаровымі. Калі здаровы, хочацца жыць, ставіць задачы і дабівацца выніку. Варта ісці наперад, не спыняцца, шукаць новае і дапамагаць у гэтым іншым. У нашай установе ёсць усё неабходнае – спартыўныя залы, трэнажоры, басейн і т. п., каб падтрымаць сябе ў форме і адчуць асалоду ад жыцця. Запрашаю да нас за здароўем, добрым настроем!

 

alesia

Алеся Ляшчова:

– Адыходзячы год запомніцца толькі добрым. У нашай маладой сям’і растуць двое дзетак – дачка і сын. З малышамі было б няпроста, але дапамагаюць гадаваць іх бацькі, мае і мужавы. У 2017 годзе, летам, мы чакаем трэцяе дзіця. У наступным годзе так хацелася б займець і сваё жыллё! У планах – набыць для сваёй вялікай сям’і дом, каб у ім усім хапіла месца, было шчасце. Любім чытаць газеты, я выпісваю шмат выданняў. Да дэкрэта працавала ў школе ў Мінску настаўніцай гісторыі. З 2013 года знаходжуся дома з дзецьмі, але працягваю вучыцца – праз завочныя курсы «ЕШКО». Такім спосабам ужо вывучыла англійскую мову, астралогію. Цяпер асвойваю цырульніцкае майстэрства. Першыя трэніроўкі будуць на членах сям’і. Хочацца ўсё ўмець і даставіць блізкім прыемнае, падарыць цяпло і радасць.

 

 

ainaІна Юхнель:

– 2016 год, як і кожны папярэдні, быў непаўторным. Імкнулася нечага дасягнуць, здзейсніць задуманае… За год выраслі дзеці, мы, дарослыя, памудрэлі, набраліся жыццёвай стойкасці… Час няпросты, і нельга расслабляцца, быць нецярплівымі. Усё вырашаецца, калі ставіш сабе мэту і настойліва да яе ідзеш. Радуюся, што ў новым годзе будзе шмат работы. Нарэшце збылася мая вялікая мара – пабудаваць уласны дом. Пакуль узведзена толькі «каробка» ў мікрараёне «Паўночны-2». Задумак шмат, і ўсім хацелася б пажадаць пабольш творчых ідэй. Дзеці каб былі здаровымі. Для іх мы ўжо шэсць гадоў запар ствараем у сваім пад’ездзе свята на Новы год – з ёлкай, Дзедам Марозам. Усе разам радуемся і з іншай нагоды. На свяце двара нашы дзеці малявалі на асфальце. Ім было цікава, а ў нас, бацькоў, – спявала душа.

 

 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *