Пачынаецца з першага студзеня

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Па жыцці першы дзень новага года для стаўбчаніна Віктара Крупы – свята двайное, аздобленае асабістым адценнем. 1-га студзеня ў Віктара Андрэевіча яшчэ і дзень нараджэння.

– На Новы год з’едуцца дзеці, унукі. Сын – з Мінска, дачка – з Масквы. Усе самадастатковыя, але імкнуцца ў бацькоўскі дом, – апавядае пра сваю сям’ю Віктар Андрэевіч. З цёплынёю ў голасе ўдакладняе сямейную сітуацыю: – Унук на канікулах адпачывае ў нас.

Колькі паступіць Віктару Андрэевічу ў першы дзень новага года тэлефонных званкоў з Расіі, Украіны, Грузіі і іншых краін, цяжка і прадбачыць. Гэта ўсё будуць шчырыя сяброўскія віншаванні ад калегаў-энергетыкаў, з якімі пазнаёміўся падчас міжнародных спаборніцтваў на званне «Лепшы па прафесіі» сярод энергетыкаў краін СНД. Віктар Крупа, намеснік дырэктара Стаўбцоўскіх электрасетак па рабоце з персаналам і ідэалагічнай рабоце, застаецца нязменным кіраўніком каманды, якая прадстаўляе на падобных конкурсах прафесійнага майстэрства Беларусь. І, вельмі важна, – праслаўляе яе, таму што адусюль вярталася прызёрам.

6-31-12

Так склалася, што ў сям’і Віктара і Валянціны Крупа не менш значнае месца, чым першы дзень новага года, займае яшчэ адно свята. Яго таксама можна назваць сямейным, і ў календары яно, дарэчы, знаходзіцца блізка ад Новага года. Гэта – Дзень энергетыка. І муж, і жонка Крупа, выпускнікі колішняга Беларускага політэхнічнага інстытута, прысвяцілі энергетыцы сваё жыццё. Валянціна Мікалаеўна выйшла на заслужаны адпачынак (хоць сувязь з прадпрыемствам, як і ва ўсіх ветэранаў-энергетыкаў, у яе не парываецца), Віктар Андрэевіч працягвае працаваць. У 2016 годзе споўнілася акурат 45 гадоў яго працоўнай дзейнасці ў энергетыцы і ў калектыве аднаго прадпрыемства – Стаўбцоўскіх электрычных сетак.

Стаўбцоўшчыну, якая знаходзіцца на сярэдзіне шляху паміж яго роднымі Парычамі Гомельскай вобласці і яе родным Кобрынам на Брэстчыне, сям’я энергетыкаў Крупа свядома выбрала сярод розных адрасоў саюзнага размеркавання. І яна стала для іх другой радзімай – на гэтай зямлі пабудавалі дом, вырасцілі дзяцей, пасадзілі сад…

– Віктар Андрэевіч, 45 гадоў на адным прадпрыемстве. Многа гэта?

– Гады праляцелі непрыкметна. Шмат было рознага. Пачынаў майстрам РЭСа, старшым майстрам майстэрняў на прадпрыемстве электрасетак. Працаваў начальнікам службы высакавольтных ліній 35 кВ і вышэй, начальнікам дыспетчарскай службы, намеснікам галоўнага інжынера ПЭСа… Кожны ўчастак адказны і па-свойму складаны. На кожным была неабходнасць нешта развіваць, удасканальваць. Да прыкладу, ажыццяўлялі маштабны перавод ліній з драўляных апор на бетонныя. У 90-х гадах у ліку першых у рэспубліцы займаліся аўтаматызацыяй сетак – распрацоўвалі тэхзаданне пад праграму «Дыспетчарская задача». Асвойвалі першы персанальны камп’ютар, які паступіў у ПЭС… Ішлі наперад – і ў гэтым вялікая заслуга былога галоўнага інжынера М.М. Гайко. Сёння наша прадпрыемства аснашчана новым сучасным абсталяваннем, ёсць вучэбны і камп’ютарны класы, кабінет па ахове працы. Практычныя навыкі адпрацоўваем на вучэбна-трэніровачным палігоне. Стварылі свой музей. Важна быць не толькі прафесіяналам, а і актыўным чалавекам, сябраваць са спортам, мець падтрымку сям’і.

– На даным этапе вы займаецеся работай з персаналам. Многім далі пуцёўку ў жыццё?

– У гэтым плане створаны вялікі запас. Вучыць персанал неабходна штодзённа. Аператыўнасць і якасць павінны ісці паралельна з бяспекай работ. У нашай галіне хто спыняецца, той ужо адстае.

– Вы, як ніхто ў Стаўбцоўскіх электрасетках, шмат разоў сустракаліся са сваімі калегамі з краін СНД. Якія сустрэчы найбольш запомніліся?

– На міжнародных спаборніцтвах, якія праходзяць у розных краінах і гарадах, я пабываў 12 разоў. У якасці кіраўніка і прадстаўніка каманды, а таксама члена аргкамітэта. Разам з калегамі прымаў удзел у падрыхтоўцы да гэтых спаборніцтваў усіх беларускіх камандаў.

Назаўсёды запомняцца самыя першыя спаборніцтвы пасля развалу Савецкага Саюза ў 2004 годзе. Мы перамаглі на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Віцебску і паехалі ў расійскі горад Кашыра. Як мы тады многа гутарылі, распытвалі адзін аднаго пра новае жыццё!.. Не хацелі развітвацца, шкадавалі аб распадзе вялікай краіны…

– А ў вас ёсць шкадаванні аб тым, як склаўся ваш лёс?

– Я чалавек актыўны, таму маё жыццё было насычаным на кантакты, яркім на ўражанні. Акрамя работы – спартландыі, турзлёты, турпаездкі… За сваё жыццё дзе я толькі не пабываў па прафсаюзнай пуцёўцы! Скажу, што фотаздымкі ў мяне захоўваюцца на дысках з аб’ёмам памяці, які вымяраецца ў тэрабайтах.

– Няхай і новы, 2017 год папоўніць вашу фотакалекцыю!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *