За працоўныя заслугі

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

7-31-12

Адыходзячы год запомніцца Алене Гаптар дзвюма адметнымі падзеямі. У маі месяцы ў Алены Іосіфаўны нарадзіўся ўнук і яна трэці раз стала бабуляй. Радасная навіна прыйшла і напрыканцы года – за шматгадовую, добрасумленную працу ў жывёлагадоўчай галіне і высокія паказчыкі ў рабоце аператара машыннага даення МТФ «Пруды» ТАА «СЖК «Налібакі» ўзнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі».

– Ведала, што прадставілі мяне да дзяржаўнай узнагароды, – расказвае Алена Іосіфаўна. – Але ўсё ж вестка стала нечаканасцю. Атрымліваю ў суботу першы снежаньскі нумар «Праменя» і бачу сваё прозвішча сярод іншых узнагароджаных. Вельмі прыемна было. Расхвалявалася нават.

Увесь працоўны стаж – 30 гадоў – Алена Гаптар рупіцца на Прудской ферме: спачатку жывёлаводам, а затым – даяркай.

– Работа цялятніцы мяне задавальняла, але не змагла кіраўніцтву адмовіць, – працягвае гаворку жанчына, – і шчыра скажу – не шкадую. Маці мая тут працавала, ад яе групу кароў і прыняла. Не буду ўтойваць, цяжкавата прыходзіцца, бо даенне ў нас трохразовае, але прывыкла. Гэта маладым больш паспаць хочацца, па сабе ведаю, а цяпер мне і будзільнік не трэба. Арганізм так прывык, што і ў выхадны прачынаюся з пеўнямі. Будзем і надалей сябраваць з гэтай птушкай, тым больш, што надыходзячы год – Пеўня.

Алена Іосіфаўна ў снежні мінулага года выйшла на льготную пенсію. Расказвае, што дні лічыла і думала, што больш не пойдзе на работу. А цяпер у яе нібыта другое дыханне адкрылася. Месяц за месяцам – і год прайшоў.

– Задумваюся: столькі часу ў мяне свабоднага будзе, а дома і няма чаго асабліва рабіць, – разважае жанчына. – Ды і шкада пакідаць групу, столькі прыкладзена сіл, каб атрымаліся добрыя кароўкі. Здароўе пакуль не падводзіць, таму яшчэ папрацую. Разам са мною шчыруюць на ферме сын – жывёлаводам, і зяць – на малакавозе.

Галоўны заатэхнік таварыства Уладзімір Чарняўскі задаволены работай Алены Гаптар: «Жанчына працавітая, адносіцца да даручанай справы сумленна. З году ў год у лідарах па надоях малака і заслужыла ўзнагароду сваёй шчырай працай».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *