Нарадзіліся ў год Пеўня

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

На сельгаспрадпрыемствах нашага раёна працуюць пятнаццаць маладых спецыялістаў, якія нарадзіліся ў год Пеўня. Усе яны прыйшлі на работу ў гаспадаркі параўнальна нядаўна. Ім па 23 гады, аднак у некаторых ужо ёсць за плячыма пэўны вопыт. Выпускнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з натхненнем шчыруюць на вытворчасці. Некаторыя прыступілі да работы менавіта сёлета і акунуліся з галавою ў нялёгкі вясковы быт. Прафесіі маладыя спецыялісты атрымалі розныя і вельмі запатрабаваныя ў сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, гэта інжынеры-механікі, заатэхнікі, аграномы, эканамісты і бухгалтары. Кожны з гэтых маладых людзей свядома выбраў сваю жыццёвую дарогу. А якім выдасца для іх надыходзячы год Пеўня?

Згодна з гараскопам у наступным годзе больш пашанцуе менавіта тым, што нарадзіўся «пад крылом» у гэтай прыгожай і задзірыстай птушкі. Прагноз не можа быць аднолькавым для ўсіх знакаў задыяка, аднак ёсць агульныя моманты, каго будзе апекаваць вогненны Певень. Год абяцае быць яркім і галасістым, актыўным і запамінальным, багатым на знаёмствы і розныя сустрэчы, насычаным цікавымі падзеямі і радаснымі эмоцыямі.

Напярэдадні Новага года мы папрасілі маладых спецыялістаў адказаць на некалькі пытанняў. У прыватнасці, аб чым яны мараць у наступным годзе і якія яркія падзеі запомніліся ім у адыходзячым.

Дар’я Кастрова Новы год сустракае дома з бацькамі і пляменнікамі. Яна ўжо тыдзень, як знаходзіцца ў водпуску і актыўна рыхтуецца да свята. Дзяўчына скончыла Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт і працуе аграномам-аграхімікам у ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Марыць зрабіць кар’еру – дабіцца вышэйшага становішча ў грамадстве. Гэта яе найпершае жаданне. Дзеля гэтага атрымала дадаткова і другую вышэйшую адукацыю, сёлета ёй уручылі дыплом па спецыяльнасці «прававед».

Для Мікалая і Таццяны Кудраўцоў сёлетні год асаблівы – у іх нарадзілася дачка Аліса. Мікалай працуе інжынерам-энергетыкам у ААТ «Шашкі». Разам з Таццянай, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, яны скончылі энергетычны факультэт БДАТУ. У наступным годзе сям’я марыць купіць легкавую аўтамашыну.

Ёсць жаданне абзавесціся ўласным транспартам і ў Хрысціны Міранковай – эканаміста з ААТ «Вішнявецкі-агра». Такое рашэнне яны прынялі разам з мужам – ваеннаслужачым. Размеркаванне ў сельгаставарыства Хрысціна атрымала пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.

А вось Аляксандр Стонька мару мець уласную машыну ажыццявіў сёлета. Тэхнік-механік па спецыяльнасці, Аляксандр загадвае рамонтнымі майстэрнямі ў ААТ «Агранёманскі». Вярнуўся ў гаспадарку пасля службы ў арміі. Як і ўсе бацькі, клапоціцца аб тым, каб расло здаровенькім яго дзіця.

І Аляксандр Крывель, з гэтага ж таварыства, у якога двое сыноў, таксама добры сем’янін. Сёлета Аляксандр прызначаны на пасаду галоўнага інжынера. Вучыўся па мэтавым накіраванні ў БДАТУ. Сам родам з Залужжа. З гэтай жа вёскі і Настасся Каранеўская, якая працуе ў згаданым таварыстве бухгалтарам. Сёлетні год для сям’і знакавы – ажаніўся яе брат. Настасся таксама замужам, мяркуюць з мужам аб павелічэнні сям’і. Таццяна Царык атрымала сёлета дыплом і прыехала на працу ў гаспадарку вясной. Займае пасаду заатэхніка-селекцыянера. Захапляецца фатаграфіяй, любіць здымаць жывёлу і прыроду, а таксама вандраваць. Плануе ў наступным годзе паехаць адпачываць з сябрамі на мора. Разам з Настассяй вучылася на адным курсе ў Гродзенскім дзяржаўным сельскагаспадарчым універсітэце Настасся Пажарка, якая рупіцца памочнікам брыгадзіра фермы ў ААТ «Радзіма Дзяржынскага».

У Аляксандра Марчыка, інжынера-механіка з ААТ «Рочавічы», бацькі сёлета адсвяткавалі сярэбраны юбілей сумеснага жыцця. Адметна, што яго маці таксама нарадзілася ў год Пеўня. Аляксандр пакуль што халасты.

У ААТ «Жацерава» працуюць тры маладыя спецыялісты. Вядомы ў раёне Сяргей Амельчыц, які, шчыруючы на камбайне, пяць апошніх гадоў выходзіў прызёрам розных узроўняў спаборніцтваў на жніве. Сяргей атрымаў сёлета дыплом і працуе загадчыкам гаража. Мяркуе звязаць свой лёс з сельскай гаспадаркай. Год адыходзячы запомніцца яму жыццёвым юбілеем бацькі.

Дзмітрый Янкоўскі на гэтым тыдні вяртаецца са службы ў рэзерве і працягне работу аграномам-аграхімікам. Мікалай Якусік працуе інжынерам па механізацыі працаёмкіх працэсаў. У гэтых двух маладых людзей, як і ў Івана Далідовіча, загадчыка майстэрань з ААТ «Дзераўное», і Дзмітрыя Грышана, загадчыка гаража ААТ «Шашкі», былі сёлета адметныя ў іх жыцці падзеі, ёсць свае мары і жаданні на будучае. Няхай яны споўняцца ва ўсіх маладых спецыялістаў, якія выбралі нялёгкую прафесію і шчыруюць на хлебнай ніве!

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *