Яна Гамза – вучаніца года Мінскай вобласці

Адукацыя Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

9-31-12

Абласное дабрачыннае свята ля навагодняй ёлкі ў апошнія гады адметнае тым, што адбываецца цырымонія ўзнагароджання дзяцей, якія па рашэнні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта ўдастоены звання «Вучань года Мінскай вобласці». 25 школьнікаў вобласці атрымалі такое званне. У ліку іх і дзевяцікласніца сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы Яна Гамза.

Чым жа звярнула яна на сябе такую ўвагу? Сваёй працай, актыўнай жыццёвай пазіцыяй, творчасцю, уменнем заўсёды быць у гушчы маладзёжных падзей са сваімі ініцыятывамі і талентамі.

Яна Гамза не адзін раз выступала вядучай абласных мерапрыемстваў. Гэта абласны форум «Добры дзень, свет!», абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў «Будучае – гэта МЫ», «Шахматы ў школе». У складзе дэлегацыі Стаўбцоўскага раёна яна прымала ўдзел у абласным піянерскім злёце «Салют, Піянерыя», з’яўлялася ўдзельніцай усебеларускай патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь». Яна – уладальніца дыплома І ступені па выніках абласнога агляду дзіцячай мастацкай творчасці ў намінацыі «Канферанс». У складзе ўзорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» Яна Гамза мае лаўрэацкія ўзнагароды Х Міжнароднага конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Залаты абцасік» (Санкт-Пецярбург»), «Бурштынавы шлях» (Польшча), ІV Міжнароднага фестывалю славянскіх культур «Светач» у Эстоніі. З’яўляецца ўдзельніцай і ансамбля танца «Светлячок».

Яна Гамза – неаднаразовая пераможца прадметных алімпіяд па рускай мове, гісторыі Беларусі, геаграфіі. У алімпіядзе па рускай мове была ўдзельніцай трэцяга заключнага этапу, а на другім этапе алімпіяды па геаграфіі атрымала дыплом І ступені. У інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі?» у складзе каманды нашага раёна абараняла гонар Стаўбцоўшчыны ў Лагойску, Барысаве, Салігорску.

Да ўсяго гэтага Яна паспявае вучыцца на выдатна і наведваць нядзельную школу пры кафедральным саборы святой праведнай Ганны.

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра з цёплымі віншавальнымі словамі ўручыў 25 вучням Мінскай вобласці, якія ўдастоіліся гонару атрымаць гэтае званне, адпаведныя сертыфікаты і значкі.

У абласным дабрачынным навагоднім свяце прынялі ўдзел каля тысячы дзяцей з усіх раёнаў Мінскай вобласці. Акрамя Яны Гамза ад нашага раёна атрымалі білеты яшчэ 15 чалавек – таксама актывісты школьнага жыцця.

Дзеці змаглі паглядзець выдатны навагодні спектакль, кожны вяртаўся са свята з салодкім падарункам і масай святочных уражанняў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *