ЗА АДДАНАСЦЬ СПРАВЕ І ВЕРНАСЦЬ ПРАФЕСІІ

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Па добрай традыцыі напярэдадні Новага года, на гэты раз у Рэспубліканскім гарналыжным цэнтры Сілічы, прайшло святочнае мерапрыемства, на якім ушаноўвалі заслужаных людзей – ветэранаў аграпрамысловага комплексу, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Мінскай вобласці. Ад нашага раёна ўдзел у ім прынялі дзесяць чалавек, дастойных прадстаўнікоў Стаўбцоўшчыны.

Шчыра вітаў прысутных старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра. Сямён Барысавіч расказаў аб развіцці рэгіёна, аб дасягнутых летась аграрыямі выніках, якія дазволілі Мінскай вобласці стаць лідарам у рэспубліцы па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Губернатар падкрэсліў, што Стаўбцоўскі раён па праву знаходзіцца ў тройцы лепшых раёнаў рэгіёна. Сямён Барысавіч падзякаваў прысутным за шчырую працу, цярпенне, за любоў і адданасць прафесіі, высокую адказнасць. Удзячныя словы за шматгадовую і добрасумленную працу адрасаваў ветэранам працы і віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

dsc02441

У ліку запрошаных на мерапрыемства – былы дырэктар ААТ «Агранёманскі» Іосіф Меляшкевіч. Іосіф Іосіфавіч з сям’і патомнага хлебароба. Прайшоў працоўны шлях, які налічвае чатыры дзесяцігоддзі, ад агранома да кіраўніка. Гаспадарка, якую ўзначальваў, мела высокі рэйтынг і пастаянна займала прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве. Ганаровыя граматы аблвыканкама, райвыканкама і падзякі – сведчанне арганізатарскіх здольнасцяў і высокага прафесіяналізму. Дваццаць пяць гадоў узначальваў калгас імя Гастэлы (цяпер ААТ «Рубяжэвічы») Аляксандр Угольнік. Чатыры гады Аляксандр Пятровіч з’яўляўся старшынёй раённага Савета дэпутатаў. Яго праца таксама адзначана ганаровымі граматамі і падзякамі райвыканкама.

Трыццаць пяць гадоў рупіцца тэхнікам-асемянатарам на МТФ «Скамарошкі» ААТ «Агранёманскі» Валянціна Адамовіч. І заўсёды мае высокія паказчыкі ў сваёй рабоце. Яе фотаздымак летась быў занесены на Дошку гонару таварыства. Агульны 37-гадовы стаж работы ў жывёлагадоўчай галіне мае спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Жацерава» Людміла Калішэвіч. Людміла Міхайлаўна працавала ў гаспадарцы галоўным заатэхнікам. Граматны спецыяліст, яна некаторы час узначальвала аддзел жывёлагадоўлі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.

Іван Казацкі амаль паўстагоддзя адпрацаваў вадзіцелем у ААТ «Каганец». За добрасумленную і шчырую працу ўзнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы ІІІ ступені, які атрымаў у трыццацігадовым узросце. Дарэчы, у снежні мінулага года Іван Іванавіч адзначыў свой чарговы жыццёвы юбілей. Такой жа дзяржаўнай узнагародай адзначана шчырая праца механізатара ААТ «Дзераўное» Івана Беця, які рупіўся ў раслінаводчай галіне амаль чатыры дзесяцігоддзі. Разам з Героем Сацыялістычнай Працы Раманам Ваньковічам яны вырошчвалі бульбу і пастаянна дабіваліся высокіх ураджаяў.

А самы вялікі стаж работы сярод усіх адзначаных у аператара машыннага даення МТФ «Мархачоўшчына № 2» ААТ «Вішнявецкі-агра» Галіна Сергіевіч. Галіна Афанасьеўна мае адзіны запіс у працоўнай кніжцы – яна шчыруе на ферме ўжо 52 гады. За добрасумленную працу атрымала падзякі райвыканкама. Звыш сарака гадоў рупіцца ў жывёлагадоўчай галіне Ядвіга Круглік. Прайшла працоўны шлях ад даяркі да брыгадзіра фермы. Жанчына і сёння ўзначальвае малочнатаварную ферму «Русакі» ААТ «Рубяжэвічы». У яе сямейным архіве захоўваюцца Ганаровая грамата райвыканкама і падзякі за рупнасць і старанне. Як пераможца раённага спаборніцтва Ядвіга Міхайлаўна ўзнагароджана Дыпломам райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Працоўная дзейнасць Аляксандра Жылінскага звязана з ААТ «Вялікі Двор», дзе ён працуе жывёлаводам на МТФ «Асіпаўшчына». Людміла Дударэвіч шчыруе ў перапрацоўчай прамысловасці апаратчыкам на ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат». Яе праца заўважана, і за добрасумленнае выкананне працоўных абавязкаў фотаздымак Людмілы Казіміраўны двойчы змяшчалі на Дошку гонару прадпрыемства.

Усім удзельнікам мерапрыемства ўручылі падарункі і кветкі. Для ветэранаў працы быў падрыхтаваны канцэрт, у якім прыняў удзел і дуэт «Пяшчота» Вішнявецкага сельскага дома культуры.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *